Фестываль маладых педагогаў

- 9:40Адукацыйная прастора

Хуткі тэмп жыцця прымушае сучаснага педагога прытрымлівацца новых павеваў у адукацыі, ісці ў нагу з часам. Для гэтага неабходна не толькі вучыць, але і вучыцца самому. Таму маладым настаўнікам даводзіцца пастаянна самаразвівацца, імкнуцца да атрымання новых ведаў. Каб стымуляваць маладых педагогаў на прафесійнае самаразвіццё, у Магілёўскай вобласці перыядычна праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы.

Надоечы ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі падвялі вынікі традыцыйнага фестывалю для маладых настаўнікаў “Прызванне — педагог”. Як паведаміла начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА С.В.Селязнёва, у пачатку прафесійнага шляху маладым педагогам асабліва важныя падтрымка і дапамога.

— На гэта і накіраваны наш фестываль. Ён аб’ядноўвае маладых настаўнікаў, дазваляе прадставіць сваю дзей насць, убачыць напрацоўкі іншых пачынаючых педагогаў, пагутарыць з больш вопытнымі калегамі. Усё гэта спрыяе ўдасканаленню іх прафесійнага майстэрства, — адзначыла Святлана Васільеўна.

Сёлета фестываль праходзіў ужо пяты раз. На працягу гэтага часу цікавасць да мерапрыемства ў маладых настаўнікаў не згасае. Колькасць удзельнікаў заўсёды высокая, як і ўзровень іх падрыхтоўкі. Зараз у адборачным туры ўдзельнічалі звыш 70 маладых педагогаў з усёй вобласці. Усе яны дасылалі ў аргкамітэт свае відэаўрокі. У выніку былі вызначаны восем фіналістаў па намінацыях. Гэта настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 43 Магілёва Т.А.Сугакевіч, настаўніца англійскай мовы гімназіі Глуска Д.Я.Кісялевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 34 Бабруйска В.В.Мураўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва В.Ю.Марозова, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 34 Бабруйс ка А.В.Гайшун, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 3 Клімавіч А.Р.Маслава, настаўніца хіміі Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна К.А.Лушынская, выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва В.М.Каліноўская.

У заключным туры фіналісты выступілі з публічным самапрадстаўленнем. З хваляваннем маладыя настаўнікі расказвалі прысутным, чым быў абумоўлены іх выбар прафесіі, як праходзіла іх прафесійнае станаўленне, у чым яны ба чаць прызванне настаўніка. У розных творчых формах яны паведамлялі пра сябе, разважалі над тым, за што любяць сваю прафесію і чаму імкнуцца навучыць вучняў. Як аказалася, нягледзячы на маладосць, пачынаючыя настаўнікі ўжо маюць уласныя педагагічныя знаходкі, распрацавалі аўтарскія метады і прыёмы навучання.

Падчас фестывалю канкурсантам таксама прапанавалі вырашыць разнастайныя педагагічныя сітуацыі. Заданні ўдзель нікам давалі пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Пытанні былі розныя, але ўсе маладыя педагогі паспяхова справіліся з імі, прадэманстраваўшы свае прафесійныя і асобасныя якасці.

— Маладыя настаўнікі — будучыня ўстаноў адукацыі. І прыемна ўсведамляць, што гэтая будучыня — цудоўная. Бо ўсе ўдзельнікі — яркія, творчыя, крэатыўныя, перспектыўныя педагогі. Настаўнікі, якія заўсёды будуць ісці наперад і весці за сабой сваіх вучняў. На нашай педагагічнай ніве менавіта яны змогуць узгадаваць новыя каласы, новых педагогаў, — пераканана дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка.

У адрас фіналістаў прагучала мноства добрых слоў. Усім ім былі ўручаны сертыфікаты аб удзеле ў фестывалі. Асобныя педагогі атрымалі прызы ад устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёна, грамадскіх арганізацый. Адметныя падарункі прэзентаваў абкам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Тры канкурсанты атрымалі сертыфікаты на бясплатнае аздараўленне ў бабруйскім санаторыі імя Леніна.

— Усе фіналісты — цудоўныя педагогі. На ўдзел у фестывалі яны выдаткавалі значныя фізічныя рэсурсы. Мы вырашылі заснаваць прызы, якія дапамогуць ім аднавіць сілы, бо для плённай працы педагогам патрэбен паўнавартасны адпачынак, — падкрэсліла старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Старасціна.

Кожны з васьмёркі фіналістаў — ужо пераможца, без узнагарод не застаўся ніхто. Што ж тычыцца галоўнага сімвала фестывалю — “Залатога пяра”, то сёлета ім была адзначана настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Вікторыя Марозава. У аснове працоўнай дзейнасці гэтага педагога — любоў да дзяцей, выхаванне вучняў індывідуальнасцямі, асобамі.

— Я працую другі год і кожны дзень з радасцю іду ў школу, бо там мяне заўсёды чакаюць трыццаць маленькіх дзіцячых сэрцайкаў. Мае вучні неймаверна натхняюць, а іх нават невялікія дасягненні пераконваюць у значнасці працы настаўніка, — адзначыла Вікторыя Марозава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.