Фестываль метадычных ідэй

- 12:42Навіны рэгіёнаў

Азнаёміцца з эфектыўнымі методыкамі і тэхналогіямі творчых здольнасцей навучэнцаў, пераняць станоўчы вопыт калег, даведацца пра новае і перадавое ў навучанні — усё гэта на працягу месяца можна зрабіць у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Ва ўстанове праходзіць фестываль метадычных ідэй “Сучасны педагог: прафесіяналізм і метадычная творчасць”.

Як паведаміла метадыст каледжа Марыя Хацкова, форум уключае ў сябе шэраг рознатэматычных мерапрыемстваў.

— Разлічаны яны ў першую чаргу на развіццё прафесійных кампетэнцый педагогаў каледжа. Аднак і настаўнікі іншых устаноў адукацыі змогуць запазычыць на фестывальных пляцоўках шмат цікавага для асобаснага росту і развіцця, — расказала Марыя Уладзіміраўна.

Так, ужо адбыўся семінар па харэаграфічным мастацтве. Удзел у ім прынялі выхаванцы танцавальных ансамбляў шэрага школ мастацтваў, педагогі-харэографы з розных куткоў Магілёўшчыны. Праз наглядныя майстар-класы на семінары былі дэталёва разгледжаны ўсе аспекты работы з дзіцячым творчым калектывам — ад узнікнення пэўнай задумы да пастаноўкі танца. Практыкум “Творчы праект як сродак павышэння якасці адукацыі і развіцця ініцыятывы навучэнцаў у адукацыйнай прасторы каледжа” пераканаў педагагічных работнікаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў тым, што менавіта творчы падыход, прымяненне метаду праектаў у рабоце, можа зрабіць нават пасрэдную справу цікавай для дзяцей.

У рамках фестывалю прайшоў таксама конкурс вакальнага майстэрства “Дняпроўская хваля”. Спаборніцтва сабрала каля 100 юных артыстаў. На фестывальнай сцэне яны мелі магчымасць выступіць у розных жанрах — ад эстраднага і акадэмічнага да народнага вакалу. Акрамя гэтага, развіццю іх талентаў паспрыялі гутаркі з лепшымі педагогамі рэгіёна ў гэтым творчым кірунку. Гран-пры па выніках спаборніцтва дасталася дзіцячаму фальклорнаму ансамблю “Маладзік” магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 6. Шэраг пачынаючых вакалістаў быў адзначаны ганаровымі дыпломамі.

Наогул, у ходзе фестывалю арганізатары ўлічылі інтарэсы кожнага. Літаратурныя гасцёўні, лекцыі-канцэрты, шматлікія майстар-класы, адкрытыя ўрокі, конкурсы, школа маладога педагога, семінары-практыкумы — гэта далёка не поўны пералік фестывальных мерапрыемстваў.

Завершыцца форум у канцы красавіка. Па яго выніках будуць распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, накіраваныя на паляпшэнне эфектыўнасці і якасці працы педагогаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.