Фестываль псіхалагічнага майстэрства

Нядаўна ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся Другі фестываль псіхалагічнага майстэрства. Удзельнікамі мерапрыемства сталі не толькі педагогі-псіхолагі Мінска і Мінскай вобласці, але і жадаючыя, якія імкнуцца да асабістага росту, пазнання сябе, пазітыўных змен.

У аснове ідэі фестывалю было жаданне падзяліцца вопытам, сучаснымі методыкамі і тэхналогіямі. Мерапрыемства садзейнічала вырашэнню сучасных актуальных праблем: павышэння прэстыжу прафесіі педагога-псіхолага, сацыяльнай значнасці псіхалагічных ведаў.

Фестываль атрымаў міжнародны фармат. У склад яго гасцей увайшлі  такія ўкраін­скія майстры, як Віталь Дзікаў, Ксенія Моцная, Наталля Аляксандрава. Высокаму ўзроўню правядзення мерапрыемства садзейнічаў удзел у ім магістра псіхалагічных навук, дзіцячага і сямейнага псіхолага, арт-тэрапеўта, старшага выкладчыка кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, члена Расійскай арт-тэрапеўтычнай асацыяцыі Алены Кокель і магістра псіхалогіі, практыкуючага псіхолага, архетыпапсіхолага Эміліі Юлдашавай.

Госці фестывалю наведалi найцікавейшыя майстар-класы па актуальных тэмах. Актыўны ўдзел у іх правядзенні прынялі 18 педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Гэта спецыялiсты, якiя з’яўляюцца не толькi высакакласнымi прафесiяналамi, але i яркiмi, цiкавымi асобамi.

Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам фестывалю псіхалагічнага майстэртва стала педагог-псіхолаг ясляў-сада № 112 Мінска Святлана Васiльеўна Тур, якая правяла адзін з прэстыжных майстар-класаў на тэму “Выхад са сцэнарыя”.

Фармат мерапрыемства дазволiў удзель­нікам не толькі паглыбіць сваё майстэр­ства, але i наладзiць прафесійныя зносiны памiж спецыялiстамi. Гэтаму садзейнiчала i атмасфера фестывалю, якую стварылi арганізатары i самi ўдзельнiкi. Утульныя і па-святочнаму прыбраныя памяшканнi, добразычлi­васць, якая панавала, спрыялі жыццярадаснаму настрою гасцей, якія атрымалі псіхалагічныя веды, каб ісці далей па жыцці натхнёнымі, упэўненымі і моцнымі.

Ірына АПАНАСЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 112 Мінска.