Фестываль творчых педагогаў

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Творчыя педагогі дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці прадставілі свой інавацыйны вопыт на фестывалі “Дашкольная адукацыя: інвестыцыі ў будучыню”.

Фота да матэрыялу: Фестываль творчых педагогаў.Фестываль педагагічных работнікаў дашкольных устаноў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў упершыню. Як адзначыла рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка, мэта яго — пашырыць дыяпазон прафесійных зносін, падтрымаць і трансліраваць эфектыўны педагагічны вопыт, садзейнічаць абмену вопытам па ўкараненні інавацыйных педагагічных тэхналогій.

Каб падкрэсліць творчы настрой фестывалю, яго і пачалі творча — выступленнем калектываў работнікаў дашкольных устаноў Кастрычніцкага раёна Гродна, якія свой канцэрт назвалі сімвалічна: “Малая радзіма — крыніца талентаў”.

Аб тым, што самарэалізацыя педагагічных работнікаў з’яўляецца найважнейшай умовай якасці дашкольнай адукацыі, аб кіраванні прафесійным развіццём педагагічных работнікаў як прыярытэтнай задачы павышэння якасці дашкольнай адукацыі гаварылі рэктар ГрІРА Святлана Сяргейка і метадыст цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрІРА Святлана Абрамчык.

Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў сеткавыя суполкі “ДАшкольнік”, “ТРВЗнайка”, “Метадыст”, якія аб’ядноўваюць зацікаўленых выхавальнікаў, метадыстаў, кіраўнікоў дашкольных устаноў. Інстытут толькі за апошні год арганізаваў 22 курсы павышэння кваліфікацыі гэтай катэгорыі педработнікаў, звыш 1000 чалавек прайшлі навучанне. На базе дашкольных дзіцячых устаноў дзейнічаюць 6 абласных рэсурсных цэнтраў. Гэта з’яўляецца добрай базай рэалізацыі творчага патэнцыялу педагогаў.

Вопыт выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дашкольнай адукацыі прадставіла метадыст Іўеўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Шумакова.

— 80 працэнтаў выхавальнікаў выкарыстоўваюць у сваёй рабоце ІТ-тэхналогіі, 15 працэнтаў ствараюць электронныя сродкі навучання, створана сеткавая суполка “ТеремОК”, членамі якой з’яўляюцца 86 чалавек, — расказала Таццяна Іванаўна. — Актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі і ў рабоце з бацькамі. Створана віртуальная школа для бацькоў “Свет даверу”, праводзяцца віртуальныя сходы.

Цікавым было выступленне фіналіста Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” выхавальніка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Алесі Кнігі аб развіцці творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту праз дызайн-дзейнасць.

Інтэрактыўная выстава творчых праектаў “Кірмаш педагагічных ідэй” прайшла пад дэвізам “Каб мова беларуская гучала”. Музычны кіраўнік ясляў-сада № 6 Навагрудка Юлія Папіж прадэманстравала, як дзеці спазнаюць беларускія народныя традыцыі праз творчасць — танцы, гульні. Намеснік дырэктара ясляў-сада № 13 Смаргоні Таццяна Васілеўская прадставіла праект “Я ганаруся тым, што жыву ў Беларусі”, выхавальнік санаторных ясляў-сада Смаргоні Настасся Маршалак — творчы праект “Любімыя казкі з новай завязкі”. Майстар-клас па стварэнні вырабаў з падручных матэрыялаў правяла педагог ясляў-сада № 78 Гродна Ірына Карповіч.

У другі дзень фестывалю ўдзельнікі працавалі ў некалькіх секцыях — для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, выхавальнікаў і кіраўнікоў фізічнага выхавання, музычных кіраўнікоў, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў, педагогаў сацыяльных, дзе праводзіліся майстар-класы і прадстаўляўся вопыт работы. Так, майстар-клас “Арганізацыя эфектыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі па стварэнні неабходнага камунікатыўнага асяроддзя выхаванцаў ва ўмовах двухмоўя ў сельскай установе дашкольнай адукацыі” правяла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце вучэбна-педагагічнага комплексу Вензавецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Дзятлаўскага раёна Таццяна Мармыш, выхавальнік ясляў-сада № 4 Мастоў Таццяна Нагуй — майстар-клас “Развіццё мовы дзяцей дашкольнага ўзросту праз гульні-драматызацыі”, выхавальнік ДЦРД № 1 Ліды Марыя Міса — майстар-клас “Рэалізацыя адукацыйнай ініцыятывы “Незвычайнае ў звычайным”, педагог-псіхолаг ДЦРД № 58 Гродна Жанна Філон — майстар-клас “Кінезіялогія ў дапамогу будучаму першакласніку”.

Выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна Ларыса Ігнаткевіч і кіраўнік фізічнага выхавання Ірына Сінкевіч па выніках удзелу ў фестывалі адзначаны дыпломамі І ступені. Яны прадставілі вопыт развіцця нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і шматфункцыянальны дыдактычны дапаможнік па фізічнай культуры “Цуд-вусень”. Загадчыца цэнтра Леакадзія Цімафеева гаворыць:

— Было вельмі цікава ўбачыць наватарскі вопыт калег з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Прыемна, што ўдзел у фестывалі прынялі супрацоўнікі сельскіх устаноў дашкольнай адукацыі. Гэта была пляцоўка нефармальных зносін, а такая форма трансляцыі вопыту вельмі эфектыўная. Будзем чакаць новы фестываль і рыхтавацца да яго са сваімі новымі напрацоўкамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.