Фестываль юных тэатраманаў

- 14:06Культура

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стартавалі фінальныя туры VII Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж”. Сёлета першымі свае таленты прадэманстравалі яркія, творчыя і неардынарныя юныя акцёры і чытальнікі ў намінацыі “Тэатральная творчасць”, якая ўпершыню вылучана асобна і аб’ядноўвае не толькі аматараў мастацкага слова, а і прыхільнікаў драматычнага, музычнага, лялечнага і пластычнага тэатра.

Акцёры Узорнага тэатра юнацкай творчасці НЦМТДіМ.

Тэатральнае свята

— Мы ўпершыню вылучылі тэатральную намінацыю з мэтай папулярызацыі гэтага напрамку. Тэатральны жанр кампаратыўны і складаны, вельмі шматлюдны і шматгранны, рэквізітны і бутафорны. Асобная намінацыя дазволіла нам ацаніць больш дзяцей і дзіцячых тэатраў, чым летась, — удакладніла мастацкі кіраўнік
НЦМТДіМ аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Надзея Коршунава. — У нашай краіне шмат тэатральных калектываў, і вельмі прыемна, што яны працуюць ва ўсіх кірунках, і чытальнікаў таксама неверагодная колькасць. Нашы ўдзельнікі расказвалі і пра дзяцін­ства, і пра сяброў­ства, сям’ю, і пра чара­дзейства, многія чыталі творы пра вайну — вельмі разнастайны рэпертуар. Дзеці выконвалі як класічныя, так і сучасныя творы, а некаторыя нават свае, аўтарскія. Хочацца адзна­чыць, што з кожным годам усё больш канкурсантаў выбіраюць творы на беларускай мове. Спадзяёмся, што ў нашым цэнтры з’явілася новая традыцыя і цяпер кожную вясну мы будзем право­дзіць такі тэатральны фэст.

У адборачным і завочным туры ў тэатральным конкурсе ўзялі ўдзе­л 450 тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў — а гэта каля 4500 навучэнцаў з Азербайджана, Расіі, Малдовы, Казахстана і, канечне, з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў. Па словах Н.Коршунавай, у фінальны тур выйшлі больш за 200 творчых калектываў і салістаў — усяго каля 1800 чалавек. З іх у намінацыі “Мастацкае слова” вочна ўдзель­нічалі 52 чалавекі і дыстанцыйна — 79, у намінацыі “Драматычны тэатр” — 44 калектывы, “Музычны тэатр” — 9, “Лялечным тэатры” — 13, “Пантаміма” — 6.

У час вясенніх канікул у нацыя­нальным цэнтры прафесійнае журы сустракалася з канкурсантамі, натхнялася іх выкананнем разнастайных літаратурных твораў, дапамагала выправіць недахопы і, безумоўна, выбірала лепшых з лепшых. І паколькі намінацыя “Мастацкае слова” самая шматлікая, для яе быў адведзены асобны дзень — 31 сакавіка. А вось тэатралы выступалі 1 красавіка. Канечне, журы было вельмі няпроста, аднак яно змагло не толькі вызначыць пераможцаў, але і атрымаць асалоду ад дзіцячай творчасці. Як сказала Дзіна Тыцюк, старшыня журы фестывалю-конкурсу, дацэнт кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ, кансультант па тэхніцы маўлення на радыё і тэлебачанні, пастаянны член журы міжнародных конкурсаў сучаснага мастацтва, “адбылося сапраўднае тэатральнае свята, на якім, праўда, было не толькі смешна, але і вельмі сур’ёзна, бо пры­ходзілася і задумацца, і пасуперажываць”.

Выхаванкі тэатральнай студыі “В точку!”.

Новыя знаёмствы

Фестываль-конкурс “Творчасць без меж” — гэта не проста магчымасць паказаць свае таленты, якую атрымалі юныя акцёры і артысты. Гэта сапраўднае свята сяброўства, сустрэч і адкрыццяў. Вось і я, акунуўшыся ў дзівосны свет тэатральнай творчасці, пазнаёмілася з калектывамі, якія найбольш уразілі не толькі мяне, але і журы. Прычым адразу, падчас іх выступленняў, было зразумела, што яны — прэтэндэнты на перамогу.

Так, у намінацыі “Драматычны тэатр” ва ўзроставай катэгорыі 14—17 гадоў у вочнай форме 1-е месца занялі выхаванцы Узорнага тэатра юнацкай творчасці НЦМТДіМ. Яны паказалі ўрывак свайго спектакля “Голас вялікага горада” паводле О’Генры, у якім узні­маецца тэма чалавечых адносін, дабрыні, ахвярнасці, кахання. Увогуле, пастаноўка складаецца з шасці навел знакамітага амерыканскага празаіка, але падлеткі паказалі толькі дзве.

Вучаніца гімназіі № 24 Мінска Ганна Гоціна выканала ролю маладой мастачкі Джонсі з навелы “Апошні ліст”. “У маёй гераіні пнеўманія, і яна павольна памірае. Мая роля даволі складаная, паколькі я не магу мовай цела паказаць свае пачуцці і перажыванні, а толькі праз слова. Я ўвесь час ся­джу ў крэсле, таму што Джонсі вельмі слабая, — патлумачыла дзяўчына. — Калі кіраўнік нашага тэатра Наталля Рачкоўская прапаноўвала розныя навелы, памятаю, што мне хацелася атрымаць менавіта гэтую ролю. Для мяне навела і трагічная, і вельмі моцная, і паказвае разнастайныя чалавечыя пачуцці і эмоцыі, узаемаадносіны паміж людзьмі”.

Джонсі спрабуе выратаваць сяброўка Сью, ролю якой выканала адзінаццацікласніца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вераніка Беляўцова. “Гэта мая першая сур’ёзная роля і на самай справе было даволі цяжка пранікнуцца ёй. На Сью ўскладаецца вялікая адказнасць за жыццё Джонсі, таму што, як гэта часта бывае, у таго, хто хварэе, самая галоўная праблема — маральны стан, калі чалавек ужо гатовы памерці, то гэта становіцца непазбежным. І на мяне ўскладаецца вялікая адказнасць за вяртанне ёй прагі жыцця. Увогуле,  навела паказвае ролю мастацтва ў жыцці чалавека і ахвярнасці дзеля блізкага чалавека”, — падзялілася думкамі Вераніка.

Другая навела Узорнага тэатра юнацкай творчасці — “Дарункі вешчуноў”. 16-гадовая Валерыя Варапай увасобіла галоўную гераіню Дэлу, якая “ўяўляе сабой ахвярнасць у імя кахання”. “Яна паказвае, што ў чалавека няма нічога больш важнага і каштоўнага, чым пачуцці: каханне, сяброўства, матчына любоў. Наша навела прымушае гледача задумацца над вечнымі каштоўнасцямі і паказвае, што ніякія матэрыяльныя выгоды не заменяць сапраўдныя бясцэнныя пачуцці”, — расказала дзяўчына.

Узорны тэатр-студыя “Дар” Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна таксама стаў пераможцам у намінацыі “Драматычны тэатр”, толькі ва ўзроставай катэгорыі 10—13 гадоў. Яны паказалі спектакль “Дзяўчынкі з Васільеўскага вострава” Ю.Якаўлева. “У мінулым годзе мы ўзялі вельмі складаную тэму з разлікам, што павязём яе ў Санкт-Пецярбург, але пандэмія сапсавала ўсе планы, — прызналася кіраўнік “Дару” Наталля Локіць. — Каб зрабіць гэтую пастаноўку, мы прагле­дзелі хронікі пра блакадны Ленінград, прачыталі творы пра Таню Савічаву, пасля выплакалі ўсё гэта ў прамым сэнсе і толькі потым змаглі працаваць над пастаноўкай. Мы разумелі, што ў нас ёсць мінімальныя сродкі, таму стараліся кожны жэст, рух паказаць так, каб яны далучалі гледача да нашых перажыванняў”.

Адна з выканаўцаў ролі Валі Зайцавай — 10-гадовая вучаніца сярэдняй школы № 5 Жодзіна Серафіма Халепа. Яна расказала: “У нас тры дзяўчынкі, якія паказва­юць тры асобы Валі Зайцавай. Я іграла ціхую і спакойную дзяўчынку, у якой пад ложкам жыве хамяк, якога яна вельмі любіць. Дарэчы, і ў Тані Савічавай ён таксама быў”.

Як адзначыла старшыня журы, выхаванкі “Дару” ўзнялі вельмі сур’ёзную тэму блакаднага Ленінграда. “Сучасныя дзяўчынкі змаглі расказаць пра сваіх аднагодак вельмі кранальна і далікатна, што таксама вельмі важна, бо дзеці, якія спрабуюць працаваць з тэмай вайны, часам не могуць яе ўзняць, бо ім не хапае ўсвядомленасці. А вось у жодзінскіх дзяўчынак нават было нешта піцерскае — вытанчанае, кранальнае, непатрабавальнае, сумленнае”, — пракаменціравала Дзіна Тыцюк.

Другая пастаноўка, якую жо­дзінскі тэатр-студыя прывёз на фестываль-конкурс, — “Пад канапай” Д.Бісета. Ёй таксама прысу­дзілі 1-е месца, але ўжо ў змешанай узроставай катэгорыі.

Сярэбранымі прызёрамі ўзро­ставай намінацыі 10—13 гадоў сталі дзяўчынкі з тэатральнай студыі “В точку!” Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 — Паліна Міснікава і Ганна Маркава, вучаніцы 7 класа. Яны вынеслі на суд журы 15-хвілінную пастаноўку “Дзынь” французскай пісьменніцы Наталі Фільён. “Гэты незвычайны твор знайшла наша выкладчыца і рэжысёр-пастаноўшчык Вольга Бялова, яго спецыяльна для нас пераклалі, — паведаміла Паліна. — Я выконваю ролю маленькай кропелькі, а Ганна — вялікай грацыёзнай птушкі, на якую і ўпала кропля. Разам яны пабачылі свет. Пасля кропелька вымушана была развітацца з сяброўкай-птушкай і ўпала на мачту шхуны, потым на марака, затым на ката і толькі пасля трапіла ў сваё асяроддзе — у акіян. У цэнтры нашага спектакля — проста жыццё, звычайная жыццёвая гісторыя”.

Усе мае новыя знаёмыя падкрэслілі, што фестываль-конкурс “Творчасць без меж” — гэта развіццё і рэалізацыя, і што б хто ні гаварыў, але і ацэнка журы вельмі важная, бо так ты разумееш, падабаецца ці не твая работа. Да таго ж на фэсце маеш магчы­масць пазнаёміцца з іншымі калектывамі, убачыць, як яны выказваюць сябе, як праз творчасць паказваюць сваю душу, на каго варта раўняцца, азнаёміцца з рэпертуарам, атрымаць слушныя заўвагі ад прафесійнага журы.

Работа над памылкамі

Дзіна Тыцюк заўважыла, што, на вялікі жаль, на фестывалі-конкурсе былі і дэкларатыўныя рэчы, дзе не ўзнімаліся складаныя праблемы і не прапускаліся праз сябе, а проста чыталіся. “Атрымлівалася вельмі прэсна. І хоць тэмы актуальныя і надзённыя, але тое, як яны вырашаны і пададзены, расчароўвала, — адзначыла старшыня журы. — Зразумела, што дзеці паказваюць тое, што больш цікава іх кіраўнікам, а хацелася б бачыць і чуць больш праўдзівага дзіцячага матэрыялу. Таму што ёсць і дзіцячыя праблемы, якія мы часта чамусьці імкнёмся не заўважаць. Але гэта, паўтаруся, прэтэнзія да іх кіраўнікоў, а не да дзяцей. Думаю, што варта часцей і больш сістэматычна арганізоўваць вучобу для кіраўнікоў тэатральных дзіцячых студый, таму што не ўсе яны прафесіяналы і часта імі становяцца настаўнікі-філолагі, якім не хапае прафесійнага падыходу. А наогул выдатна, што адбыўся такі фестываль”.

У сваю чаргу артыст вядучы ­майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Мікалай Лявончык нагадаў: часта кажуць, усё, што дрэнна, — гэта віна рэжысёра, а што добра — заслуга артыстаў. “Вядома, усе дзеці — малайцы. Іншая справа — наколькі прафесійна падышоў да іх творчасці кіраўнік і як гэта адбілася і на падборы матэрыялу, і на яго падачы, і на выкананні. Калі добра падабраны матэрыял і артысты — гэта ўжо 90% поспеху, і я гэта ўбачыў на фестывалі. Але бывала, што рэжысёр часам захапляўся мізансцэніраваннем, і матэрыял, так бы мовіць, быў забалбатаны. Дзеці, калі ім не перашкаджаць, сыграюць геніяльна. Я паглядзеў многія калектывы Еўропы і скажу, што ў нас узровень вельмі высокі. Часам кіраўнік займаецца сабой, а павінна быць наадварот — кіраўніку варта працаваць на дзяцей, выяўляць іх патэнцыял, бачыць у іх асоб і выхоўваць іх. У той жа час сярод старэйшых дзяцей я ўбачыў тых, каго смела можна адпраўляць у тэатральныя УВА, ёсць вельмі таленавітыя дзеці. І яшчэ мне асабліва спадабалася, што дзеці праяўляюць сваю індывідуаль­насць. Там, дзе рэжысёр не замінае сваім акцёрам і давярае ім, — поспех”, — падзяліўся Мікалай Лявончык.


Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”, як сцвяр­джаюць яго ўдзельнікі, до­рыць радасць, усмешкі, выдатны настрой, натхняе на поспехі і творчасць. “Хочацца адзначыць вельмі цікавы матэрыял, да якога звяртаюцца педагогі і рэжысёры, і тую неверагодную праўду, якую ня­суць са сцэны нашы дзеці. Я спадзяюся, што гэтая тэатральная намінацыя стане вялікім стымулам для дзіцячых калектываў, будзе пашырацца і расці, набываць больш сілы і больш адметных, яркіх удзельнікаў, — рэзюмавала Надзея Коршунава. — І хачу нагадаць, што з 1 чэрвеня мы пачынаем прыём заявак на адборачны тур у такіх намінацыях, як “Харэаграфія”, “Вакальны жанр”, “Тэатр моды” і “Інструментальны жанр”. Чакаем усіх! Тым больш што восенню адбудуцца не проста кульмінацыйныя мерапрыемствы, а святочныя, прымеркаваныя да 85-гадовага юбілею цэнтра”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.