Фестывальны імпульс

Застаецца ўсё менш дзён да галоўнага жаночага свята, а таму невыпадковая і наша сённяшняя гераіня — прыгажуня Юліяна Антоненка. Яна арганізатар шматлікіх фестываляў мастацтва — аптымістычная, мэтанакіраваная, упэўненая ў сабе і сваёй справе, у той жа час далікатная і вельмі моцная, бо, праводзячы мерапрыемствы з удзелам тысяч юных талентаў, трэба быць неверагодна стойкай і сканцэнтраванай, каб усё трымаць пад кантролем. Чаму і як яна вырашыла займацца папулярызацыяй і прасоўваннем дзіцячай творчасці, чым адрозніваюцца яе фестывалі ад іншых, хто дапамагае ёй і дзе яна чэрпае натхненне і сілу — пра гэта і многае іншае ў сённяшнім матэрыяле.

Зоркі сышліся

“Я заўсёды займалася толькі тым, што мне было цікава. Праўда, калі б у свае 15 гадоў сказала бацькам, што хачу ў шоу-бізнес, мяне ніхто не зразумеў бы. Таму спачатку я атрымала адукацыю эканаміста, а пасля захапілася маркетынгам і піярам, працуючы на розных прадпрыемствах. Потым нарадзілася дачушка, у якой аказаліся пеўчыя здольнасці. Калі яна крыху падрас­ла, я зразумела, што, маючы такія маркетынгавыя і піяр-здольнасці, магу прасоўваць яе як брэнд. У выніку ў 2016 го­дзе мая дачка Вольга Канавалава трапіла на нацыянальны адбор да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне” і заняла на ім 2-е месца. Напэўна, гэта адзін з маіх лепшых як маркетолага праектаў, — прызнаецца Юліяна. — Пас­ля ўдзелу ва ўсёй гэтай гісторыі я прыйшла да высновы, што дзецям не хапае пляцовак, платформ для развіцця, што іх трэба як мага больш падтрымліваць і дапамагаць развівацца, бо бацькі не заўсёды ведаюць, як правільна падтрымаць сваё дзіця”.

Далей на працягу двух гадоў Ю.Антоненка прадумвала, як зрабіць свой фестываль адметным, каб ён быў непадобным на іншыя. “І ў пэўны момант зоркі сышліся (дарэчы, гэты выраз стаў слоганам форуму), і мая фестывальная канцэпцыя зацікавіла розных людзей. Мы наз­валі наш фестываль, як і пра­дзюсарскі цэнтр, “Звездочёт”: у гонар архітэктурнай славутасці Магілёва — адзінага помніка астролагу ў нашай краіне. Гэты аб’ект вельмі прыцягвае турыстаў, і мы вырашылі пашырыць межы яго ўспрымання да творчых ініцыятыў. Магілёў традыцыйна славіцца сваімі талентамі, якія праслаў­ляюць Беларусь на міжнароднай арэне. І мы падумалі: а чаму б не стварыць свой праект для самавыяў­лення і прафесійнага росту юных талентаў? Разам з тым у нас узнікла выдатная задума — развіваць турыстычны патэнцыял рэгіёна праз наш фестываль. Да таго ж і Магілёў у 2018 годзе быў аб’яўлены маладзёжнай сталіцай Беларусі, і мясцовыя ўлады з задавальненнем падтрымалі нашу ініцыятыву. На працягу года мы правялі вакальны, харэаграфічны, тэатральны, інструментальны “Звездочёты” і гранд-фестываль, які ўжо меў статус міжнароднага, бо да нас прыехалі юныя таленты з Італіі, Літвы, Эстоніі, Казахстана, Ра­сіі і Украіны. А ўзнагародай для ўсіх удзельнікаў стала магчы­масць паехаць з намі на міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2018”, якое праводзілася ў Мінску”.

Тры гады = 20 тысяч юных талентаў

За тры гады дзейнасці пра­дзюсарскага цэнтра “Звездочёт” пад кіраўніцтвам Ю.Антоненка было праве­дзена 14 фестываляў як у афлайн-, так і ў анлайн-фармаце: “Мы арганізавалі і шматжанравыя фестывалі, і вузкай накіраванасці, якія сабралі больш за 20 тысяч удзельнікаў з 18 краін свету”, — паведаміла яна.

Потым Юліяна і яе каманда вырашылі ствараць і іншыя мерапрыемствы. Так з’явіліся міжнародны фестываль мастацтваў “Пакаленне Z” і міжнародны фестываль-конкурс “Ліга пераможцаў”, якія праводзяцца ў розных гарадах краіны з улікам пачатай канцэпцыі развіцця турыстычнага патэнцыялу Бе­ларусі. “Нашы творчыя спаборніцтвы праводзяцца па такіх жанрах, як вакал, харэаграфія, тэатр моды, арыгінальны жанр, тэатральная і інструментальная творчасць. І кожнае дзіця можа паказаць свае здольнасці, — падкрэсліла Ю.Антоненка. — Першы фестываль “Пакаленне Z” мы правялі ў Мінску, а другі і трэці — у Барысаўскім палацы культуры імя М.Горкага пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта. Дарэчы, 20—21 лютага на III Міжнародным мнагажанравым фестывалі мастацтваў “Пакаленне Z” на сцэну выйшла каля 1700 юных артыстаў, а ўсяго ў зале было больш за 3 тысячы чалавек. Нашы пераможцы змаглі наведаць “Барысаў-Арэну” і прадпрыемства “Белджы”. Я лічу, што ў гэтым і ёсць перспектыва для развіцця турыстычнага патэнцыялу Барысаўскага раёна, ды і дзецям вельмі карысна ведаць цікавыя аб’екты сваёй краіны”.

Над падрыхтоўкай аднаго фестывалю работа вя­дзецца да 4 месяцаў. І тут самае галоўнае, як прызнаецца Юліяна, каб быў добры імпульс: “На кожным нашым форуме адбываецца неверагодны абмен энергіяй з юнымі артыстамі, з’яўляецца адчуванне свайго роду энергетычнай эйфарыі, якая дае імпульсы для далейшага развіцця ўсёй нашай каманды”.

Ю.Антоненка: “Кожны наш фестываль – гэта неверагодны абмен энергіяй з юнымі артыстамі, часам нават з’яўляецца адчуванне свайго роду энергетычнай эйфарыі, якая дае імпульсы для далейшага развіцця”.

Варта адзначыць, што каманда “Звездочёта” невялікая — усяго каля 20—25 чалавек, якія адказваюць літаральна за ўсё: сустрэчу ўдзельнікаў, іх размяшчэнне, суправаджэнне, рэгістрацыю, гук, святло, відэакантэнт і г.д. “У такой фестывальнай справе патрэбны людзі, якія б бездакорна выконвалі свае функцыі. І каб падабраць такіх людзей, прыйшлося правесці некалькі форумаў. Наша каманда “шліфуецца” ўвесь час, сёння яна складаецца са спецыялістаў розных рэгіёнаў: Мінска, Магілёва, Бабруйска, Барысава, і кожны выконвае сваю функцыю. Прычым 25 чалавек — гэта з улікам членаў журы і прамоўтараў рознага ўзросту”, — патлумачыла дырэктар міжнароднага фестывальнага цэнтра.

Што тычыцца журы, то яно хоць і нешматлікае, звычайна да 4 чалавек, затое кожны раз разнастайнае і па-сапраўднаму зорнае, усе яго члены — дзеючыя артысты, якія выдатна ведаюць, як трэба паводзіць сябе на сцэне. Нязменнай застаецца толькі яго старшыня — салістка групы Chakras, выкладчыца эстраднай майстэрні, фіналістка “Еўрабачання” і “Х-фактару” Вольга Грыгор’ева. “З Вольгай мы працуем з самага першага форуму. У нас ужо нават сфарміравалася сваё разуменне, якім павінен быць пераможца і ўвогуле якой павінна быць дзіцячая творчасць. Усе, хто хоць аднойчы быў у скла­дзе нашай судзейскай калегіі, пастаянна пытаюцца, калі адбу­дзецца наступны форум. Яны таксама атрымліваюць задавальненне ад усёй гэтай фес­тывальнай дзейнасці, нават нягледзячы на тое, што часам ім даводзіцца сядзець і прагля­даць канкурсантаў па 12 га­дзін запар”, — расказала Юліяна.

“Наша непрадузятае журы ацэньвае канкурсантаў па агульных крытэрыях, ніякія папярэднія заслугі не працуюць”.

Па словах як самой Ю.Антоненка, так і многіх юных талентаў, форумы міжнароднага фестывальнага цэнтра “Звездочёт” аб’ектыўныя і непрадузятыя. “Нават калі да нас прыязджаюць дзеці або калектывы з ганаровымі званнямі, наша журы ацэньвае іх па агульных крытэрыях, ніякія папярэднія заслугі не працуюць. Для нас самае галоўнае, як дзеці выконваюць свой твор менавіта ў той момант, калі выступаюць на нашай сцэне. І так павінна быць заўсёды, калі справа тычыцца дзіцячай творчасці, — пераканана яна. — На­прыклад, уладальніцай гран-пры ў намінацыі “Вакал” апошняга “Пакалення Z” стала Кіра Камарова. Гэтая дзяўчынка прыяз­джала на кожны наш фестываль, і вось нарэшце зоркі сышліся так, што і яна стала пераможцай, але нельга не ўлічваць яе ўпартасці і вялізнага жадання перамагчы, яна мэтанакіравана ішла да сваёй узнагароды”.

Акрамя таго, кожнага пераможцу пасля завяршэння любога праекта Ю.Антоненка і яе каманда падтрымліваюць: арганізоўваюць інтэрв’ю з імі, выступленні на самых розных пляцоўках, дапамагаюць запісваць песні. “Мы даём маркетынгавую платформу як для нашых канкурсантаў, так і для партнёраў, якія прадастаўляюць вельмі годныя ўзнагароды: студыйны запіс песні, музычныя інструменты і г.д. Нашы партнёры дапамагаюць нам зрабіць кожны фестываль незабыўным, яркім і вясёлым, каб кожны ўдзель­нік незалежна ад выніку мог атры­маць медаль, дыплом, прысмакі і мноства пазітыўных уражанняў”, — дадала Юліяна. І пераканацца ў гэтым зможа любы жадаючы 30—31 кастрычніка ў Бабруйску, дзе будзе прахо­дзіць VIII Міжнародны фестываль-конкурс “Звездочёт”.


Навошта ж маладой, прыгожай жанчыне ўся гэтая такая няпростая фестывальная справа?.. Аказалася, яна цалкам змяніла яе жыццё, у тым ліку месца працы, жыхарства, аднак яна ні аб чым не шкадуе. “Канечне, і ў мяне часам заканчваюцца сілы, і на мора хочацца, — жартуючы, гаворыць Ю.Антоненка. — Але я пераканана: трэба рабіць тое, да чаго імкнуцца твая душа і сэрца, тады рэсурсы знойдуцца самі. Калі я пачала займацца фестывальнай дзейнасцю, то нават перастала хварэць, зразумеўшы, што мая місія — падтрымліваць дзяцей і развіваць іх творчасць. Таму гэтымі вясновымі днямі хочацца пажадаць усім нашым дзяўчатам, жанчынам знаходзіць радасць у кожным дні, рухацца наперад і адчуваць у сваім сэрцы ўдзячнасць за кожнае імгненне, бо менавіта гэта і дае стымулы для развіцця”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва гераіні.