“Наш фестываль выступае захавальнікам духоўнага адзінства шматмільённай сям’і славянскіх народаў, якія з’яўляюцца носьбітамі адной з самых старажытных і багатых культур, – адзначыў у сваім выступленні 11 ліпеня на адкрыцці ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. – Усім нам, братам-славянам, трэба адраджаць і распаўсюджваць па свеце нашы асноўныя маральныя каштоўнасці: дабро, міласэрнасць, цярпімасць да людзей розных нацыянальнасцей і веры, шанаванне чалавечай годнасці, непарушныя маральныя прынцыпы і традыцыі. Наш фестываль уносіць дастойны ўклад у рэалізацыю гуманітарнай місіі сучаснага славянства. Нездарма яго дэвізам з’яўляюцца словы: “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. У гады свайго зараджэння ён стаў часткай той сілы, якая ў пераломны гістарычны перыяд не дала разбурыць векавое братэрства Беларусі, Расіі і Украіны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заўважыў, што ў сузор’і міжнародных творчых форумаў “Славянскі базар у Віцебску” займае асаблівае месца і з поўным правам носіць тытул “фестывалю фестываляў”, прадстаўляючы панараму дасягненняў сусветнай культуры. На сцэне Летняга амфітэатра сустракаюцца лаўрэаты “Еўрабачання”, “Новай хвалі”, Сан-Рэма і іншых фестываляў, пацвярджаючы адвечную як свет ісціну пра тое, што мова песні — гэта мова дружбы. Яна зразумела без перакладу. А для братэрства людзей, улюбёных у мастацтва, не існуе ні межаў, ні палітычных перашкод.
Як трапна заўважыў беларускі лідар, дрэва трымаецца каранямі, а чалавек — сябрамі. “Кіруючыся гэтай народнай мудрасцю, “Славянскі базар” з году ў год прырастае дзясяткамі і сотнямі новых сяброў. У гэтым годзе геаграфія фестывалю набыла планетарны размах, ахапіўшы зямны шар ад Аўстраліі да Кубы і Венесуэлы. Адной з цэнтральных падзей фестывалю стане канцэрт Дружбы, якая аб’ядноўвае творчыя сілы розных краін і народаў. А музычныя конкурсы не толькі прадэманструюць захапляльнае спаборніцтва лепшых маладых галасоў планеты, але і ўнясуць свой уклад у выхаванне новага пакалення жыхароў Зямлі ў духу ўзаемнай павагі і даверу. Ды і ўвесь “Славянскі базар” сваім маштабам, творчай разнастайнасцю, яркім перапляценнем моў і традыцый дапаможа нам унесці дастойны ўклад у прымнажэнне духоўных багаццяў нашых краін, захаванне самабытных нацыянальных культур”, — выказаў упэўненасць А.Р.Лукашэнка.
Свае віншаванні ўдзельнікам і гасцям ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” даслалі таксама Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.У.Пуцін і Прэзідэнт Украіны В.Ф.Януковіч. Іх высокія словы, прасякнутыя павагай да той місіі, якую выконваюць Віцебск і віцебскі фестываль у міжнародным культурным жыцці, былі агучаны на ўрачыстым адкрыцці форуму. У прыватнасці, Уладзімір Пуцін у сваім прывітальным слове падкрэсліў: “Гэтае цудоўнае свята на гасціннай беларускай зямлі даўно выйшла з межаў славянскага свету, набыло рэпутацыю адной з самых значных падзей у культурным жыцці дзяржаў — удзельніц СНД”.
Зрэшты, як кажуць, богу богава, кесару кесарава, а фестывалю фестывалева. Неяк неўпрыкмет атмасферу ў Летнім амфітэатры ў той вечар адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” агарнула па-сапраўднаму фестывальная, а гэта значыць, яркая святочная, калі-нікалі крыху пафасная, дзе-нідзе крыху несур’ёзная, пацяшальная атмасфера.
Віцяблянам і наогул заўзятарам віцебскага форуму да сюрпрызаў не прывыкаць. Але здараюцца іншым разам адмысловыя “фестывальныя” нечаканкі, якія ніколі не сплануеш і не прадугадаеш. Сёлета пэўныя карэктывы ў спланаваны расклад “Славянскага базару” з першага ж афіцыйнага яго дня ўнесла народная артыстка Савецкага Саюза Эдзіта П’еха, якая сёлета, як мы паведамлялі раней, удастоена спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. І было ўсё спачатку паводле плана. Удзень 11 ліпеня з усімі належнымі атрыбутамі адбылася цырымонія адкрыцця “зоркі” Эдзіты П’ехі на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі: праз трыумфальную арку на Алею Эдзіту Станіславаўну грацыёзна ўвёў яе таксама ўжо знакаміты ўнук Стас П’еха, цёплыя словы гаварылі ў яе адрас міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, мастацкі кіраўнік Вялікай канцэртнай залы “Кастрычніцкая” Санкт-Пецярбурга Эма Лаўрыновіч і іншыя ганаровыя госці, гарачымі апладысментамі, шчырымі ўсмешкамі і бясконцымі фотаўспышкамі віталі Эдзіту П’еху шматлікія людзі, якія сабраліся вакол. Вялікая артыстка нават разгубілася ад такой цеплыні прыёму, не стала стрымліваць эмоцый, ці то смеючыся, ці то плачучы, прызналася: “Як я вас люблю. Тут я як дома. Тут атмасфера асаблівая… людзі могуць проста падысці і сказаць: “Прывітанне, П’еха!” Мяне перапаўняе шчасце, а калі многа шчасця, чалавек дзяцінее… Нешта падобнае адбываецца цяпер са мной”.
А літаральна за некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця фестывалю ў міжнародным прэс-цэнтры павінна была адбыцца так званая “зорная гадзіна” з Эдзітай П’ехай — адмысловая творчая сустрэча яе з журналістамі. Безумоўна, ахвотнікаў паслухаць жывую легенду сцэны і задаць ёй свае пытанні сярод прадстаўнікоў СМІ сабралася нямала — у канферэнц-зале не было вольных месцаў, усе з затоеным прадчуваннем адкрыцця чакалі артыстку. І якія ж былі жаль і спагада да спявачкі, калі раптам вядучы абвясціў, што, спяшаючыся на “зорную гадзіну”, Эдзіта Станіславаўна яшчэ ў гасцініцы спатыкнулася перад ліфтам, упала і моцна пашкодзіла нагу. “У гасцініцу, дзе жыве артыстка, імчыцца хуткая дапамога. “Зорнай гадзіны” з Эдзітай П’ехай не будзе дакладна. Пад пытаннем цяпер і яе выступленне ў вячэрнім канцэрце”, — журналісты ўсе як адзін былі агаломшаны такой навіной.
Фестывалю фестывалева. Шматтысячная аўдыторыя Летняга амфітэатра (фестывальныя навіны ў Віцебску разлятаюцца імгненна) ажно выдыхнула ці, лепш сказаць, шчасліва войкнула, калі з-за куліс насустрач Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку — ён толькі што аб’явіў, што спецыяльнага прыза “Праз мастацтва — да міру і ўзаемапавагі” ўдастоена Эдзіта П’еха, — кульгаючы, трымаючыся за нейкага маладога чалавека, але ўсё ж такі выйшла народная артыстка. Дзякуй богу, пасля агляду брыгадай хуткай дапамогі высветлілася, што сур’ёзных пашкоджанняў П’еха не атрымала… І быў добры цёплы жарт Аляксандра Рыгоравіча, маўляў, ну цяпер, дзякуючы гэтаму здарэнню, сёлетні фестываль і ўзнагарода назаўсёды запомняцца артыстцы, якая мае безліч розных узнагарод і некаторых з іх ужо і сама не памятае. І былі, зноў жа, словы ўдзячнасці расчуленай спявачкі… А потым яна зноў выходзіла на сцэну — ужо каб паспяваць. І самой, і разам з дачкой Ілонай Бранявіцкай ды ўнукам Стасам П’ехам.
Калі ўжо гаворка зайшла пра зорак на адкрыцці сёлетняга форуму, то тут наўрад ці абыдзешся без штампаў — бліскучы россып, залаты дождж, сапраўдны парад селебрыты… Мне, напрыклад, да апошняга моманту не верылася, што ў абласным горадзе Віцебску пабачу на свае вочы легенду італьянскай эстрады Аль Бана і легендарных французаў “Джыпсі Кінгс”, пераможцу апошняга “Еўрабачання” датчанку Эмілі дэ Форэст, імпазантную італьянку Ін-Грыд, неўтаймоўную прыгажуню ўкраінку Ціну Караль. Праўда, на іх фоне зусім не бляклі і нашы ды расійскія вядомыя артысты — Анатоль Ярмоленка з ансамблем “Сябры”, Анжаліка Агурбаш, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Хрысціна Арбакайтэ, Паліна Гагарына, Надзея Бабкіна з ансамблем “Руская песня”, Дзіма Білан, Аляксандр Малінін, Алена Ваенга і многія-многія іншыя. Дарэчы, Алена Ваенга зноў, як і падчас свайго першага на сёлетнім “базары” сольным канцэрце, здзівіла віцебскую публіку сваёй непасрэднасцю, адкрытасцю і непрадказальнасцю. Калі пасля выступлення гледачы яе проста засыпалі кветкамі, яна з усёй велізарнай ахапкі “выцягнула” невялічкі букецік валошак і дэманстратыўна ўзняла яго ўверх: “Ведаеце, мне цяпер здаецца, што для мяне валошкі — як алімпійскі факел!” Трэба сказаць, што Ваенгу задарылі больш чым каго кветкамі, прычым, як нядзіўна, і мужчыны, і жанчыны. А адзін нумар канцэрта адкрыцця прымусіў гледачоў літаральна дрыжаць ад страху і напружання — тое, што “вытвараў” на табурэтках, выкладзеных у высачэзную вежу, эквілібрыст з цырка “Базіліум” пад кіраўніцтвам Васіля Дземенчукова Уладзіслаў Залатароў (Расія), проста не паддавалася чалавечаму разуменню. Не ведаю, ці прысутнічала раней на “Славянскім базары ў Віцебску” цыркавое мастацтва на такім узроўні, вельмі сумняваюся…
Фестывалю фестывалева. Не абышлося на адкрыцці і без прынцыповых новаўвядзенняў, пра якія напярэдадні шмат гаварылі арганізатары. Хацелася б адзначыць, прынамсі, два моманты. Першы — гэта фантастычнае святлодыёднае афармленне сцэны, разлічанае найперш на відовішчную карцінку на экранах хатніх тэлевізараў. Хаця, прызнацца, дух пераймала ад відовішча і калі ты знаходзіўся ў самім Летнім амфітэатры. А другі — гэта прэзентацыя ўдзельнікаў ХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2013” і ХІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2013”. Было міла назіраць, як разам яны, удзельнікі дарослага і дзіцячага конкурсаў, спяваюць фірменную фестывальную песню, як у адным агульным парыве прызнаюцца ў любові фестывалю і Беларусі.
Тым часам на той момант маленькія канкурсанты ўжо “адстраляліся” на сваім конкурсе “Віцебск-2013”: літаральна за некалькі гадзін да адкрыцця фестывалю закончыліся іх выступленні другога конкурснага дня. Нагадаем, што ў першы дзень яны мусілі выканаць эстрадную песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове, і тут, шчыра кажучы, вельмі кідалася ў вочы розніца паміж неапраўданай надрыўнай “даросласцю” адных нумароў і шчырай дзіцячай непасрэднасцю другіх. Выйгравалі ва ўражанні на публіку і членаў журы, здаецца, менавіта апошнія. І сярод іх, што прыемна, былі нашы дзяўчынкі Паліна Гурло (народная песня “Канапелькі” ў новай апрацоўцы) і Саша Лакціёнава (песня “Вадаспад”, напісаная яе педагогам Святланай Стацэнка). А яшчэ аўтара гэтых радкоў, як кажуць, зачапілі Яна з Латвіі, Ленка з Грузіі, Нарэк Саакян з Арменіі, Галіна Дубок з Украіны, Алена Ціханенкава з Румыніі, Марка Катанеа Вітоне з Італіі, Ксенія Гажа з Расіі.
У другі конкурсны дзень удзельнікі выконвалі песні па сваім выбары, абрынуўшы на гледачоў цэлы каскад сцэнічных эмоцый, артыстычных індывідуальных здольнасцей і… прыхільнасцей у поп-музыцы. Гучалі песні з рэпертуару і Майкла Джэксана, і Фрэдзі Мэрк’юры, і Ціны Цёрнер, і Лары Фабіян… Можна толькі здагадвацца, перад якім цяжкім выбарам апынулася журы на чале з Аляксандрам Ціхановічам, які, дарэчы, пад заслону другога дня дзіцячага музычнага конкурсу таксама выйшаў на сцэну і праспяваў песню “Белы ветразь”.
Але фестывалю фестывалева. ХХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” імкліва бяжыць наперад. Сёння ён ужо на экватары.