Фея, яе чамадан і казкі

- 14:38Падзеі, Сацыяльны ракурс

Чытаючы навіны пра дзетак, якім патрэбна дапамога, Вольга Анішкевіч, юрыст па адукацыі, зразумела, што можна зрабіць. Дамашні тэатр, які яна стварыла для маленькага сына Мікіты, набыў іншыя формы і вырас у сацыяльны праект.

Сёння лялечны тэатр Вольгі Анішкевіч — гэта чамадан з лялькамі, а іх сцэна — Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Пра тое, чым карысна спалучэнне творчасці і гісторыі і як дзеці рэагуюць на спектаклі ў музеі, расказвае аўтар унікальнай ініцыятывы.

Ідэя стварэння тэатра ў Вольгі Анішкевіч узнікла не проста так. Шукаючы спосабы развіцця для свайго маленькага сына, яна азнаёмілася з ідэяй стварэння дамашняга лялечнага тэатра.

“Пасля таго, як нарадзіўся сын, я па-іншаму пачала ставіцца да дзяцей, інакш стала адчуваць і ўспрымаць праблемы, з якімі сутыкаюцца мамы, — прызнаецца В.Анішкевіч. — Я хацела, каб сын не быў засяроджаны на гаджэтах, таму пачала шукаць ідэі, думаць, чым яго можна захапіць. А яшчэ пачала звяртаць увагу на рэкламу, якая заклікае да дапамогі дзецям, што цяжка хварэюць. 

Я не магла ім дапамагчы матэрыяльна, але мне вельмі хацелася зрабіць хаця б нешта для дзетак, якія патрабуюць дарагога лячэння ці знахо­дзяцца без падтрымкі бацькоў, у дзіцячых сацыяльных прытулках. Разумею, што ў першую чаргу такія дзеткі пазбаўлены магчымасці зносін. 

Я маю на ўвазе не ўзровень кантакту “выхавальнік — дзіця”, а звычайныя зносіны, дзе дарослы і дзіця знаходзяцца на роўных і могуць абмеркаваць нешта, пасмяяцца. Так да мяне прыйшла ідэя стварыць лялечны тэатр. Галоўная ўмова — зра­біць яго мабільным: дэкарацыі на сабе насіць не будзеш, таму я прыдумала ўзяць чамадан, які будзе выкон­ваць ролю дэкарацый, скласці ў яго лялькі і паказваць дзецям спектаклі. Дома з сынам мы таксама пачалі гуляць у тэатр, я яму паказвала казкі і заўважыла, што яму гэта цікава. Дык чаму б не паспрабаваць падарыць такую ж радасць тым, каму яе не хапае?”

Як ажывіць такую задуму таму, хто ніколі не працаваў з чужымі дзецьмі? Вольга разумела, што для гэтага ёй патрэбна дапамога настаўніка. Менавіта з гэтага моманту гісторыя набывае сапраўды цікавы сюжэт. У адну з раніц, гартаючы стужку навін у сацыяльнай сетцы, Вольга ўбачыла пост яе будучай калегі, ТРВЗ-педагога Юліі Заікі.

“Адназначна, гэта быў знак, калі я зразумела: гэта тое, што трэба, — эмацыянальна гаворыць Вольга. — Юля — педагог, яна таксама цікавіцца казкамі. Безумоўна, я ёй адразу патэлефанавала, але не разлічвала на тое, што яна будзе мне дапамагаць. Я хацела папрасіць парады, а атрымалася так, што знайшла сабе не проста паплечніка, а сяброўку. Мы абмеркавалі сцэнарый і тое, як стварыць такую інтэлектуальную прастору, якая будзе не проста паказваць казку, а захопіць дзяцей, зробіць іх удзельнікамі сацыяльнага праекта. Дзякуючы дапамозе Юлі, кожнае наша мерапрыемства праходзіць не проста ў фармаце дэманстрацыі казкі. Пасля паказу мы з дзецьмі абмяркоўваем сюжэт, каб зразумець, што яны адчуваюць, і абавязкова падбадзёрваем іх, гаворым, што іх меркаванне вельмі каштоўнае для нас, што яны малайцы. Гэта падымае самаацэнку дзяцей, а яны, паверце, у гэтым маюць вострую патрэбу”.

Быць як Груфала

Стварыць першыя цацкі для лялечнага тэатра Вользе дапамаглі знаёмыя. А свой вобраз — чароўнай феі з чамаданам — яна прыдумала сама. 

“Такім чынам у нас з’явіліся першыя пяць герояў і нарадзілася гісторыя пра Груфала, — працягвае расказваць Вольга. — Нягледзячы на свой маленькі рост і фізічную сілу, мышка, якая з’яўляецца галоўнай гераіняй казкі, змагла выратавацца, напужаць астатніх жывёл, чым паказала сваю сілу і выйшла пераможцай з цяжкай сітуацыі”.

Першая казка старога чамадана была пастаўлена ў адным з сацыяльных прытулкаў Брэста. Яна трансліравала дзеткам ідэю пра тое, што цяжкасці ў жыцці могуць быць рознымі. Але гэта зусім не значыць, што калі ты маленькі і слабы, то не зможаш з імі справіцца. Гаспадыня старога чамадана хацела паказаць малышам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, што заўсёды можна знайсці выхад з любой гісторыі, нават не самай казачнай.

Дзеці, якія трапілі ў сацыяльны прытулак, вельмі траўміраваныя, таму ад іх нельга забіраць веру, яны павінны ведаць, што дабро бывае проста так, яно нічога не патрабуе ўзамен.

“Так, цяжкасці заўсёды з’яўляюцца, калі іх не чакаеш. Але трэба ўмець знаходзіць рэсурсы ў сабе, у тым, што нас акружае, у тых людзях, якія побач з намі”, — заўважае казачніца.  

Выхаванцы цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, да якіх прыходзіў у госці лялечны тэатр, таксама зацікавіліся гісторыяй маленькага і мужнага мышаняці.

“У кожнага малыша ёсць свае страхі, — справядліва заўважае В.Анішкевіч. — А наша гісторыя якраз пра тое, як можна перамагчы свой страх, на момант стаць больш адважным і зрабіць тое, чаго дагэтуль баяўся. Напрыклад, загаварыць з кімсьці ці пайсці туды, куды ніколі б не адважыўся зрабіць нават крок. Што хаваць: дзеткі, якія маюць асаблівасці ў развіцці, часта сутыкаюцца з падобнымі страхамі. Самі яны не могуць з імі справіцца, а значыць, мы павінны ім у гэтым дапамагчы”.

Тэатр у музеі

Шукаючы новыя грані для ўвасаблення сацыяльнай ідэі, Вольга Анішкевіч думала пра тое, што, акрамя тэатра, хоча аказаць яшчэ большы ўплыў на светапогляд дзетак, якія растуць у цяжкіх умовах. 

“Вельмі пашанцавала, што на маім шляху сустрэўся яшчэ адзін цудоўны чалавек, Кацярына Вялічка, навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, — заўважае В.Анішкевіч. — Па адукацыі Кацярына — настаўніца гісторыі. Яна, як ніхто іншы, ведае, як дзеці ставяцца да музеяў. Ёсць бацькі, якія ніколі туды не прыводзяць малышоў. А мы вырашылі, што зменім гэтую сітуацыю і пакажам усім, што музей — гэта насамрэч вельмі цікава і што наведваць выставы — гэта нармальна і не сумна. Слухаючы Кацю, зразумела, што знаёміць дзетак з музеем трэба, калі ім 4—5 гадоў. Калі пачынаць пазней (а ў нас, як правіла, дзеці прыходзяць у музей з настаўнікам, калі вучацца ў школе), то складваецца памылковае меркаванне, што ў музеі трэба стаяць і маўчаць, слухаць, што табе гавораць. А гэта не так. Тут можна размаўляць, прычым размова можа быць вельмі цікавай і пазнавальнай”.  

Наступным этапам праекта стаў паказ казкі ў музеі. Гэта была прэм’ера “Маленькага рыцара” па матывах аднайменнай гісторыі кінарэжысёра і сцэнарыста Дэніэла Рэмера. Першымі гледачамі сталі выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку. 

“На паказе былі не толькі малышы (гісторыя была разлічана на іх), але і дзеткі старэйшага ўзросту, — працягвае Вольга. — Каб яны не сумавалі, Каця правяла для іх тэматычны квест. Ён праводзіўся ў залах гістарычнай экспазіцыі і азнаёміў прысутных з унікальнымі артэфактамі рыцарскага сярэднявечча. А мы з Юляй паказвалі малышам казку і праводзілі інтэрактыўныя гульні. Дарэчы, “Маленькі рыцар” быў выбраны для паказу не выпадкова. Гэта гісторыя пра маленькага хлопчыка, што хацеў быць падобным да свайго таты, які ездзіў на кані. Але хлопчык баяўся каня і не мог перамагчы страх. Што зрабіў хлопчык: спачатку вырашыў навучыцца катацца на казе. Так, ён навучыўся гэтаму. А далей справа была ў казе: яна была ра­зумная, любіла хадзіць каля коней. У ­адзін з момантаў каза падвярнула нагу. Калі хлопчык папрасіў каня давезці казу дадому, той не захацеў. Таму малы ўзяў казу на рукі, узлез на каня і паехаў дадому. Гэтая казка вучыць дзяцей таму, што, нават калі нечага не можаш, — спрабуй, у цябе атрымаецца!” 

За кароткі час праект стаў вядомым не толькі ў Брэсце, — жадаючыя дапамагчы ў стварэнні цацак (іх трэба вязаць ці шыць) знаходзяцца па ўсёй краіне. А паглядзець на тое, як працуе тэатр у музеі, выказалі жаданне многія жыхары горада. 

“Калі я даведалася пра тое, што Вольга прыдумала такі ўнікальны сацыяльны праект, адразу зразумела, што хачу прапанаваць ёй супрацоўніцтва з нашым музеем, — дзеліцца Кацярына Вялічка. — Пасля знаёмства з Вольгай мы вырашылі адаптаваць яе сацыяльны праект пад музейную пляцоўку. Справа ў тым, што ў нас у музеі мерапрыемствы ў асноўным разлічаны на дарослых, у лепшым выпадку — школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту. А для малых, дашкольнікаў, па сутнасці, нічога няма. Між тым цікавасць да музея трэба выхоўваць з ранняга ўзросту, вось мы і хочам зрабіць гэта праз гульню, у інтэрактыўнай форме”. 

Па задуме праекта ў музеі запланаваны чатыры такія мерапрыемствы. Безумоўна, кожны раз гэта будзе прэм’ера новай казкі. Чакаецца, што два паказы пройдуць вясной, яшчэ два — пасля школьных летніх канікул.

“Ніхто з нас, хто працуе над праектам, не мае ад гэтага прыбытку, мы ўсё робім ад душы, — канстатуе аўтар сацыяльнай ідэі. — Але я магу сабе дазволіць, пакуль знаходжуся ў дэкрэтным водпуску, дапамагаць дзецям, якія трапілі ў сацыяльны прытулак. Гэтыя дзеткі вельмі траўміраваныя, таму ад іх нельга забіраць веру, яны павінны ведаць, што дабро бывае проста так, яно нічога не патрабуе ўзамен. Наш праект — гэта простыя шчырыя зносіны. Дарэчы, заўсёды пасля пастановак мы з дзецьмі ствараем дробныя работы і таксама стараемся шчыра пра ўсё размаў­ляць. Калі былі ў музеі, да мяне падбегла дзяўчынка, з якой мы пазнаёміліся раней. Яна сказала, што яе з прытулку забіраюць дадому. Я вельмі за яе рада, і было прыемна, што яна падзялілася са мной радаснай навіной”.

Дарэчы, ідэя дамашняга тэатра, з якога ў Вольгі ўзнікла задума рэалізацыі сацыяльнага праекта, трансфарміравалася ў іншым фармаце: сёння ўжо не Вольга ставіць спектаклі для сына Мікіты, а Мікіта збірае гледачоў.

“Дома мы памяняліся ролямі. Мне падабаецца, што ён цікавіцца гэтым, — гаво­рыць Вольга. А яшчэ, назіраючы за дзецьмі, у каторы раз упэўніваюся, што ім не хапае нашай увагі, ім не хапае веры і надзеі ў добрае. Таму так прыемна быць той феяй, якая дорыць цяпло і запальвае агонь у сэрцах”.

Наталля САХНО.