Fiat lux! — любілі казаць старажытныя рымляне, калі хацелі, каб іх тайна больш не заставалася толькі іх тайнай, а стала праўдай, вядомай для ўсіх. Fiat lux! даслоўна перакладаецца як “Хай будзе святло!”. Відавочна, такім пастулатам кіраваліся і арганізатары выставы “Ліхтарт”, якая сёння працуе ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры”, — Беларускі саюз дызайнераў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Аматары канцэптуальнага мастацтва, мабыць, добра памятаюць выставу “Пастулат”, арганізаваную таксама сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў у 2012 годзе і прысвечаную крэслу як утылітарнаму і мастацкаму аб’екту. Гэтым разам выдумшчыкі з БСД і БДУКіМ замахнуліся на больш сур’ёзны і глабальны аб’ект, прынамсі, той, які кранаецца не пятай кропкі чалавека, а яго самага адчувальнага органа — вачэй. Святло ў філасофскім і ўжывальным сэнсах стала прадметам даследавання для больш як 70 дызайнераў і мастакоў, удзельнікаў праекта “Ліхтарт”, у тым ліку такіх вядомых, як Дзмітрый Сурскі, Іван Айплатаў, Аляксандр Трусаў, Уладзімір Парфянок, Віталь Брусінскі, Юрый і Марыя Аляхно, Уладзіслаў Стальмахаў, Вадзім Качан і іншыя.
На самай “светлай” выставе года можна ўбачыць хіт інтэрнэту — лямпачку “Азарэнне” ад беларускіх дызайнераў Марыі і Ігара Салаўёвых (зробленую ў выглядзе звілін галаўнога мозга), серыю свяцільняў FOLD lamp дызайнера Максіма Шняка (яна ўжо выдатна зарэкамендавала сябе на выставах у Кітаі, Польшчы і Эстоніі), свяцільню-падушку, вязаную свяцільню, якую можна завязваць у вузел, свяцільню-сачок для матылькоў, свяцільню з пластыкавых шкляначак, свяцільню-дамок, свяцільню-дзюну, свяцільню-парасон, свяцільню-калайдар, свяцільню-рыбу, свяцільню-руку, свяцільню-пакрышку, свяцільню-малекулу, свяцільню-піраміду, свяцільню-каністру, тэлефон-бра і многія іншыя стыльныя і дасціпныя знаходкі.
Зрэшты, гэта сапраўды той выпадак, калі трэба бачыць і калі само святло кіруе гледачом, а не наадварот. Большасць аб’ектаў, прадстаўленых на выставе “Ліхтарт”, свецяцца, мяняюць колер, міргаюць, падморгваюць… Нібы кажуць: “Расплюшчыце вочы! Зірніце!” Ды яны і не дадуць вам заплюшчыць вочы! Fiat lux!