Фідбэк: пачуем кожнага

- 15:02Сацыяльны ракурс, Соцыум

У рабоце з сям’ёй не бывае дробязей. Усё важна: павага бацькоў да дзіцяці, цёплая і прыязная атмасфера ў доме, гатоўнасць татаў і мам прымаць сваё дзіця такім, якое яно ёсць, не параўноўваючы з іншымі дзецьмі. З такіх на першы погляд звычайных рэчаў складаецца шчаслівае дзяцінства.

Зваротная сувязь

Класік рускай літаратуры пісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя паміж сабой, а вось кожная няшчасная сям’я нешчаслівая па-свойму. Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы адной са сваіх задач бачаць дапамагчы як мага большай колькасці сем’яў стаць шчаслівымі. Бо ў такіх сем’ях шчаслівыя дзеці. У сваёй дзейнасці ў гэтым кірунку яны распрацавалі і прымяняюць на практыцы заняткі ў незвычайнай форме — фідбэк “Роля сям’і ў жыцці чалавека”.

Фідбэк — ад англійскага слова feedback, што перакладаецца як “зваротная сувязь”. У самым шырокім разуменні гэта зваротная рэакцыя чалавека ці групы людзей на інфармацыю ці дзеянне. Зваротная сувязь як інструмент для змянення паводзін іншых людзей шырока выкарыс­тоўваецца ў сацыяльным узаемадзеянні. Гэты прынцып і ўзялі пад увагу педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Маладзечна імя Янкі Купалы Вольга Ігараўна Малафей і сацыяльны педагог школы Таццяна Пятроўна Барэйка. 

— Дзяржавай робіцца ўпор на сям’ю, прычым любую: мнагадзетную, няпоўную, у якой выхоўваецца дзіця-інвалід і г.д., — пачынае Т.П.Барэйка. — Мы павінны ве­даць, чым жыве сям’я кожнага нашага навучэнца. На жаль, ёсць сем’і, у якіх адсутнічаюць сямейныя каштоўнасці. Ёсць такія баць­кі, што ўвесь час праводзяць у сацыяльных сетках і месенджарах, а дзеці прадастаўлены самі сабе. Таму мы выбралі гэтую тэму для працы, каб пачаць даносіць дзецям, што такое сям’я, расказ­ваць ім пра ролю мамы і таты, пра сямейныя традыцыі і каштоўнасці. Наш боль, што мы пастаянна разбіраем чужыя сямейныя праблемы. Працуем мы ў асноўным з праблемнымі сем’ямі, а хочацца працаваць са шчаслівымі. А станоўчае мы можам заклад­ваць толькі ў дзецях, якія, калі вырастуць, самі стануць бацькамі.

— На раённых метадычных аб’яднаннях мы ўдасканальваем свае навыкі, — далучаецца да размовы В.І.Малафей. — Там жа мы азнаёміліся з такой формай работы, як фідбэк. Нашай школе больш за 80 гадоў, і ўжо трэці год яе ўзначальвае малады і крэатыўны дырэктар Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі, які вітае прымяненне ў рабоце інавацый. 

Гексы і калаж

Пытаюся ў спецыялістаў, чаму вырашылі выкарыстоўваць у такой традыцыйнай дзейнасці, як работа з сям’ёй, навамодны фідбэк.

—  На метадычных аб’яднаннях у Маладзечанскім раённым СПЦ яго дырэктар Валянціна Ві­тальеўна Хома заўсёды заклікала нас прымяняць у рабоце сучасныя метады, інавацыі. Нам спадабалася такая форма работы. Фідбэк — зваротная сувязь, рэакцыя дзяцей. Гэта не звычайнае выступленне псіхолага перад навучэнцамі ў форме лекцыі, а заняткі, у якіх яны непасрэдныя ўдзельнікі. Можа, назва і новая, але дзей­насць — традыцыйная. Для нас гэта магчымасць дыялогу з дзецьмі, работа ў групе, інтэрактыўныя зносіны. У свайго дырэктара Васіля Уладзіміравіча Маліноўскага мы падгледзелі метад работы з гексамі (шасцівугольнікамі), калі дзеці самі складаюць сваё ўяўленне пра сям’ю. 

Гексы быццам соты. Шасцівугольнікі мы мацуем на магнітную дошку. У цэнтры — шасцівугольнік з ключавым словам “сям’я”, да якога дзеці мацуюць іншыя гексы са словамі, якія ў дзяцей асацыіруюцца з сям’ёй. Для нашых навучэнцаў сям’я — гэта здаровы лад жыцця, добрая работа, шчасце, атмасфера… Гэта і ёсць фідбэк — зваротная сувязь: не мы расказваем дзецям, якой павінна быць сям’я, не мы даём ім гатовую мадэль, а яны самі складаюць карціну шчаслівай сям’і. Гексы мацуюцца адзін да аднаго. Напрыклад, вось што ўваходзіць у паняцце “атмасфера сям’і”: дзеці пішуць на гексах “спакой”, “каханне”, “узаемаразуменне”, “узаемавыручка”. Паняцце “бытавыя ўмовы” для некага дом, аўтамабіль, для кагосьці мэбля, камп’ютар — у каго якія прыярытэты.

У якасці фідбэка (зваротнай сувязі) мы раздаём дзецям анкеты з 5 пытаннямі пра тое, ці карыснымі былі для іх заняткі з псіхолагам. Апошняе з 5 пытанняў, на мой погляд, самае важнае: пра што сёння ты раскажаш у сваёй сям’і? Ад бацькоў мы таксама атрымліваем фідбэк, часцей за ўсё на бацькоўскіх сходах. Бывае і так, што дзіця нам гаворыць: “А мой тата сказаў, што не верыць у псіхолагаў”. Гэта таксама зваротная сувязь, якую мы горача вітаем і разумеем, што ў сям’і дзеці абмяркоўваюць нашы заняткі са сваімі бацькамі. 

Гексы і калаж — гэта тое, што спецыялісты СППС установы адукацыі выкарыстоўваюць у рабоце. Калаж, па словах педагога-псіхолага, можна назваць экспрэс-дыягностыкай. На занятках з псіхолагам дзеці складаюць калаж сям’і з ілюстрацый са старых часопісаў і выбіраюць тыя карцінкі, якія бачаць у сябе дома. Калі дзіця выбірае карцінку, на якой дарослыя і дзеці ўсміхаюцца, можна меркаваць, што ў сям’і ўсё добра. Калі ж дзіця выбірае карцінку, на якой мужчына замахваецца, то, магчыма, у сям’і не ўсё ў парадку. Тады педагогі стараюцца высветліць, дзе дзіця назірала такую карціну: дома ці ў фільме. 

— На адной з дыягностык у класе ў мяне быў такі выпадак: дзяўчынка адказвала на пытанні анкеты і раптам заплакала на адным з пытанняў, — расказвае Вольга Ігараўна. — Я спытала ў дзіцяці, што здарылася. Дзяўчынка прамаўчала, таму я запрасіла яе пасля да сябе ў кабінет, каб разабрацца ў сітуацыі. Высветлілася, што ў дзіцяці мала сяброў, і гэта яго засмучае. 

Летнія турботы

Сям’я, маральнасць, патрыятызм — неад’емная частка дзейнасці выхаваўчай службы, якую ў сярэдняй школе № 1 Маладзечна ўзначальвае вопытная Наталля Уладзіміраўна Вяршыцкая. У мікрараёне школы каля 1300 дзяцей, у першай школе вучацца 839 з іх. Сем’і розныя, у асноўным жывуць у прыватных дамах. 

— З вопыту работы я бачу, што ў нашай краіне дзве асноўныя праблемы з бацькамі: калі яны злоўжываюць алкаголем і калі нідзе не працуюць, — дзеліцца Таццяна Пятроўна Барэйка. — Таму што людзі, якія не працуюць і ўжываюць алкаголь, спараджаюць сямейна-бытавыя канфлікты. У мяне няма праблем з тым, каб знайсці падыход да любога з баць­коў, бо я стараюся гаварыць з імі на адной мове, мець зносіны на адным узроўні з імі. 

Цікаўлюся, чым заняты спецыялісты СППС школы летам. А яны ў свой дзяжурны дзень (1-га і 2-га чысла штомесяц) наведва­юць Следчы камітэт і суд, калі там ідзе допыт непаўналетніх. Акрамя таго, улетку ёсць час аформіць шматлікую справаздачную дакументацыю, яшчэ сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг задзейнічаны ў рабоце летніх аздараўленчых лагераў і на экзаменах. 

— Ёсць у нас такія падлеткі, якіх трэба пракантраля­ваць, каб яны з’явіліся на экзамен, а вечарам прасачыць, каб былі дома, — дзеліцца сацыяльны педагог. — Летам працягваецца работа з праблемнымі сем’ямі, бо такая дзейнасць, і звароты ў міліцыю ў прыватнасці, не зважа­юць на поры года. Шмат увагі ўдзяляем летняй занятасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзяцей, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. (У час нашай гутаркі ў кабінет раз-пораз заглядва­юць падлеткі і дзелавіта пытаюцца, ці будзе сёння зарплата. Таццяна Пятроўна тлумачыць, што гэта менавіта тыя праблемныя падлеткі, пра якіх ідзе гаворка і якія прыцягнуты да летняй занятасці. Зразумела, самае важнае для дзяцей — гэта іх першыя самастойна заробленыя грошы. — Заўвага аўтара.) Прызнаюся, што мы пабойваемся летняга перыяду з-за таго, што многія дзеці прадастаўлены самі сабе. У нас будуецца новы мікрараён, і дзецям цікава паглядзець, як ідзе будаўніцтва, а гэта можа прывесці да траўм і няшчасных выпадкаў. 

Кожная няшчасная сям’я нешчаслівая па-свойму 

Напрыканцы нашай гутаркі Таццяна Пятроўна з Вольгай Ігараўнай успамінаюць гісторыю, калі ў школе па-сапраўднаму дапамаглі праблемнай сям’і. Сям’я, пра якую ідзе гаворка, пераехала ў Маладзечна з Мінска, бацька адзін выхоўваў дваіх дзетак. Маці кінула сваіх дзяцей у аднагадовым узросце, бо часта трапляла за краты. Бацька меў вострую неабходнасць у дапамозе школы. Сям’я знаходзілася пад па­стаянным педагагічным кантролем: каб ён выходзіў на працу, каб не злоўжываў спіртным. Усё атрымалася добра: бацька закадзіраваўся ад алкагольнай залежнасці, працаўладкаваўся. А пасля з турмы выйшла маці і ўспомніла, што ў яе ёсць дзеці. 

— Здавалася б, трэба радавацца: у маці прачнуліся мацярынскія пачуцці, — расказваюць спецыялісты СППС. — Аказалася, што жанчына нарадзіла яшчэ адно дзіцятка і захацела атры­маць статус мнагадзетнай. Праўда, акрамя карыстання льготамі мнагадзетным сем’ям, маці не хацела ніяк удзель­нічаць у выхаванні сваіх дзяцей. Мы дапамагалі тату пазбавіць жанчыну бацькоўскіх правоў на дзяцей, падрыхтаваць дакументы ў суд, на судзе падтрымлівалі мужчыну. У выніку жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, тата закадзіраваўся, і ўся гэта няпростая жыццёвая гісторыя ў выніку атрымала шчаслівы канец. Мы лічым гэты выпадак сваёй удачай. Калі са­цыяльны педагог здолеў дапамагчы толькі адной сям’і, а педагог-псіхолаг дапамог аднаму чалавеку, то наша праца не дарэмная. Яна мае выдатны вынік. 

Наталля КАСТЭНКА.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.