Філалагічнае расчараванне,

якое змянілася жаданнем напісаць аб алгарытме падрыхтоўкі публікацыі ў сродкі масавай інфармацыі

Трансліраваць асабісты вопыт, публікаваць свае напрацоўкі, дзяліцца з калегамі метадычнымі набыткамі — гэта ўмовы прафесійнага росту і самаадукацыі кожнага настаўніка. Атрымаўшы заданне ці натхненне падрыхтаваць публікацыю для перыядычнага выдання, большасць маіх калег сутыкаюцца з няўпэўненасцю, сарамлівасцю, недахопам часу… Часта тэкст ствараецца празмерна навуковай мовай, тым самым становіцца незразумелым і нецікавым для чытачоў.

Прыняўшы ўдзел у семінары “Павышэнне інфармацыйнай культуры педагогаў: падрыхтоўка матэрыялаў да публікацыі ў перыядычных выданнях”, лектарам якога выступіла ўласны карэспандэнт па Гомельскай вобласці “Настаўніцкай газеты” Ірына Асташкевіч, я акрэсліла для сябе пэўны алгарытм работы над будучай пуб­лікацыяй.

У першую чаргу трэба вельмі ўважліва азнаёміцца з патрабаваннямі да афармлення і дасылкі работы. Яны размешчаны на сайце па адрасе: https://ng-press.by/autaram. Там усё растлумачана дасканала.

Па словах Ірыны Францаўны, кожны дзень яна атрымлівае па чатыры-пяць нататак, з якімі трэба азнаёміцца, прааналізаваць і класіфікаваць па тэматыцы. Гэта як мне, настаўніку беларускай мовы і літаратуры, праверыць кантрольныя работы па матэматыцы, фізіцы і хіміі. Не скажу, што не спраўлюся, але ж трэба бу­дзе пася­дзець…

Цяпер пра маё філалагічнае расчараванне. Пры напісанні тэксту ў газету трэба дакладна, сцісла і зразумела перадаць сваю думку. Ведаючы спецыфіку мыслення настаўнікаў-філола­гаў, якія любяць упрыгожваць сваё маўленне мастацкімі прыёмамі, су­праваджаць тэксты эпіграфамі, перадаць тэму лаканічна спачатку можа падасца складана, але ж магчыма.

Таксама трэба правільна пада­браць да сваёй работы ілюстрацыйны матэрыял. Зрабіць падыходзячы фотаздымак — цэлая навука. Напрамак святла, адзенне, выраз твару, задні план — усё мае важнае значэнне. Дарэчы, размова паказала, што многія калегі валодаюць гэтымі навыкамі.

Вельмі важна, на маю думку, не згубіць музу, калі работа не будзе апублікавана. Трэба ж набываць вопыт, спрабаваць шукаць натхненне ў штодзённай рабоце, каб не выгараць эмацыянальна.

Марына БУСЕЛ,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Светлагорска.