Філалагічная зорка прафесара Гапоненка

- 11:36Вышэйшая школа

Уявіце, што Пятра І, Мікалая Гогаля і Сяргея Ясеніна звалі інакш. Напрыклад, Трус І, Калакольчык Гогаль і Ёжык Ясенін. Дзіўна, праўда? Здаецца, што з такімі імёнамі ідэнтыфікаваць вядомых людзей праблематычна: маўляў, атрымліваюцца грушы на вярбе. Але такія думкі знікаюць пры знаёмстве з беларускай анамастыкай, а таксама нешматлікімі спецыялістамі ў гэтай галіне  — людзьмі, якія раскрываюць таямніцы прозвішчаў і імён, схаваных у глыбіні гісторыі. Сярод іх — прафесар філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына ГАПОНЕНКА.

Гараджанка ў першым пакаленні з моцнымі сялянскімі генамі, як сама сябе называе навуковец, часта жыла ў вясковай бабулі. Там жа ўвабрала хараство беларускай мовы. У вёсцы малая Ірынка пайшла і ў першы клас: шасцігадовае дзяўчо не магло трываць, што сябры па гульнях ідуць у школу, а яе зноў аддаюць у садок.

Пасля дзяўчынка перайшла ў гарадскую рускамоўную школу, дзе яе ніяк не маглі навучыць “складывать и вычитать” замест “дадаваць і аднімаць”,“літары і гукі” сутыкаліся з “буквами и звуками”.  Такія моманты азмрочвалі дзяўчынцы жыццё, але інакш размаўляць яна не магла: беларуская мова была часткай жыцця яе матулі-навукоўца Валянціны Лемцюговай, па-беларуску гаварыла і бабуля. На добрую глебу, падрыхтаваную ў сям’і, наклаўся прыклад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Арыядны Іванаўны Казей. Прыклад “выключнага чалавека і педагога” пасля дапамог Ірыне трывала вызначыцца з будучай прафесіяй. У барацьбе хіміі і мовы перамог філфак.

У 1985 годзе, калі Ірына паступала на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, быў вялікі конкурс. Хоць набор налічваў 125 чалавек, сярод тых, хто паступаў не па накіраванні, спакойна адчуваць сябе маглі толькі тыя, хто набраў 20 балаў на чатырох іспытах. І.Гапоненка, маючы 19 балаў,  хвалявалася, але, як аказалася, дарэмна.

З паступленнем у БДУ Ірына пачала рабіць першыя крокі ў навуцы. Тады ж дзяўчына сустрэлася з адной з ключавых асоб у яе жыцці — навуковым кіраўніком Львом Міхайлавічам Шакуном.

— У нас выкладалі сапраўдныя легенды, — расказвае Ірына Алегаўна. — Неверагодным гонарам было проста быць з імі знаёмым. А я магла іх слухаць, вучыцца ў іх, а пасля — працаваць.

Пасля выпуску малады спецыяліст выкладала ў школе і сур’ёзна задумвалася пра тое, каб там застацца. Калі прыйшло накіраванне на вучобу ў аспірантуры, Ірына некаторы час вагалася. Маці раіла дзяўчыне працягнуць навучанне, падмацоўваючы гэта тым, што вярнуцца ў школу можна заўсёды. Кропку ў разважаннях настаўніцы канчаткова паставіў навуковы кіраўнік.

— Я падумала, што мець магчымасць вучыцца пад кіраўніцтвам Шакуна, але не рабіць гэтага, — вар’яцтва, і адправілася збіраць дакументы, — смяецца Ірына Гапоненка. — Так ужо амаль 35 гадоў я і філфак крочым нага ў нагу.

Па словах Ірыны Алегаўны, у аспірантуру яна прыйшла амаль “зялёнай”, бо не зусім уяўляла, з чым канкрэтна будуць звязаны яе навуковыя пошукі. Зразумела было толькі адно: яны будуць тычыцца мовы. На дапамогу прыйшоў Леў Міхайлавіч — ён падказаў тэму, звязаную з гісторыяй арфаграфіі перыяду ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Як прызнаецца І.Гапоненка, першыя ўражанні былі супярэчлівымі: і нельга адмовіцца, і незразумела, што рабіць.

— Як падысці да такога незвычайнага прозвішча, як Антылікатар? Выявілася, што зыходным для яго паслужыла старажытнае слова “антиликатор”, якое даўно выйшла з ўжывання і не фіксуецца слоўнікамі. Яго значэнне ўзнаўляецца настуным чынам: “анти-” — прыстаўка, запазычаная з лацінскай мовы, якая ў старажытнасці азначала не толькі “супраць”, але і “замест”. У слоўніку Г. Дзьячэнкі ёсць слова “лик” у значэнні “хор” (маецца на ўвазе царкоўны), а таксама словы “ликонаставник”, “ликоучитель” у значэнні “кіраўнік хору”. Адпаведна, продак носьбіта прозвішча мог быць антылікатарам — намеснікам або памочнікам кіраўніка царкоўнага хору.

Паходжанне прозвішча Галаскок растлумачыць было няпроста.  Галаскок — складанае ўтварэнне з двух украінскіх слоў: “голінний”— “удалы, ліхі” і “скок” — “танец”. У гэтым выпадку Галаскок можа быць прачытаны як ліхі, заліхвацкі, заяд­лы танцор або як аматар танцаў (скокаў). У якасці першага кампанента магло быць выкарыстана і слова голы — “бедны”. Тады Галаскок можна прачытаць як “бядняк”. А наконт прозвішча Каравая (націск на другім складзе) высветлілася, што яно — вынік моўнай дэфармацыі. Продак чытачкі займаўся нарыхтоўкай кары і, адпаведна, называўся каравым (з націскам на апошнім скла­дзе). Зразумеўшы гэта, дзяўчына перастала лічыць сваё прозвішча няўдалым.

— Для сучаснай беларускай літаратурнай мовы перыяд ХІХ — пачатку ХХ ст. — выключна важны і адметны. Яго з поўным правам можна лічыць асноватворным у гісторыі новай беларускай літаратурнай мовы, паколькі ўсе пазнейшыя моўныя змены, удакладненні, удасканаленні адбываліся на падмурку, закладзеным у гэты час. І выключна важнае звяно ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы фактычна выпала з-пад навуковай увагі. Выявілася, што ліквідаваць свое­асаблівую белую пляму моўнай гісторыі не толькі важна, але і вельмі цікава, — з бляскам у вачах тлумачыць Ірына Гапоненка. — Бярэш у рукі кніжку, да якой да цябе маглі не дакранацца па 100 гадоў, і адчуваеш прыемнае хваляванне. У такія моманты разумееш, прываблівае навука.

Першы артыкул дзяўчына пісала ледзь не са слязьмі: як сабраць усю інфармацыю разам, як даходліва падаць? З таго часу Ірына Гапоненка стараецца кіравацца прынцыпам “хто ясна мысліць, той зразумела піша”. Па словах мовазнаўцы, калі артыкул напісаны цяжка, складваецца ўражанне, што яго не разумее нават сам аўтар. Спецыяліст пераканана, што да таго, каб выкладаць зразумела, трэба ісці кожны дзень на працягу ўсяго навуковага шляху.

— Калі пра напісаны артыкул Леў Міхайлавіч гаварыў “навукападобна”, я ведала, што яго неабходна перарабіць. Такая яго ацэнка прымушала працаваць яшчэ больш, — успамінае Ірына Алегаўна. — Бывалі перыяды, калі здавалася, што я ў тупіку: тады трэба было сесці і прагаварыць незразумелы момант. На дапамогу прыходзілі матуля і навуковы кіраўнік. Часам хапала адзінага слова, заў­вагі блізкага чалавека, каб раскласці праблему і вырашыць яе.

Пасля сітуацыя змянілася: пачалі выяўляцца цікавыя заканамернасці, індывідуальныя рысы асобных аўтараў. Незвычайна было ўсведамляць, што аўтографы Янкі Купалы і Якуба Коласа нясуць у сабе розныя правапісныя варыянты беларускай мовы — так перад Ірынай Гапоненка раскрываліся невядомыя аспекты моўнага станаўлення пачатку мінулага стагоддзя.

Далейшыя навуковыя пошукі маладога спецыяліста спляліся з лексікай і паступова сутыкнуліся з анамастыкай. У гэтай сферы доўгі час працавала маці Ірыны Алегаўны. Валянціна Лемцюгова з 2008 года вяла газетную калонку, дзе, адказваючы чытачам, тлумачыла паходжанне іх прозвішчаў. Першапачаткова планавалася, што выйдзе некалькі артыкулаў з асноўнымі звесткамі па гісторыі беларускіх уласных імён, але пасля першага артыкула запыты чытачоў пачалі паступаць бясконцай плынню (на сёння апрацаваныя запыты чытачоў заканчваюцца зваротамі, што датуюцца 2016 годам). У такім рэжыме, дапамагаючы матулі збіраць матэрыялы, Ірына Алегаўна падхапіла яе пачынанне. Сумесная праца вылілася ў кнігу з двайной назвай “Карані нашых прозвішчаў. Корни наших фамилий”. Выданне не з’яўляецца слоўнікам у класічным разуменні: Ірына Гапоненка характарызуе яго як зборнік этымалагічных нататак. Уключэнне ў кнігу пытанняў чытачоў апраўдана наяўнасцю ў чытацкіх допісах  звестак з сямейных легенд, інфармацыі пра іх нацыянальнасць, месца нараджэння і іншых, што садзейнічае больш дакладнаму вызначэнню сэнсу, закладзенага ў прозвішчах. Выданне змясціла ў сабе сістэматызаваныя пытанні чытачоў і адказы на іх, якія выходзілі ў газеце на працягу 5 гадоў (з 2008 па 2012). У кнізе раскрываецца паходжанне і значэнне каля 5 тысяч анамастычных адзінак. Але гэта, на думку філолага, толькі кропля ў моры.

— Мы не да канца ўяўляем значэнне ўласных імён. Гэта цэлы пласт нацыянальнай культуры, у якім прадстаўлена багатая палітра моўных сродкаў і найважнейшых фактаў гісторыі народа, увасоблены шматвяковы вопыт папярэдніх пакаленняў, іх арыгінальная моватворчасць, мудрасць і асаблівасці веравызнання.  Да таго ж імёны людзей — гэта не проста словы, а дакументальныя адзін­кі, якія прадстаўляюць нас у грамадстве, ідэнтыфікуюць нашу асобу, — адзначае спецыяліст. — Праз недакладнасці ў  іх пісьмовым афармленні людзі нярэдка сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі юрыдычнага характару. Калі прозвішчы ў членаў адной сям’і адрозніваюцца хаця б на адну літару, цяжка бывае даказаць, напрыклад, спадчынныя правы. А колькі пытанняў у сувязі з двухмоўем! Як запісаць беларускае прозвішча па-руску? Ад якога варыянта адштурхоўвацца: ад беларускага да рускага ці наадварот? Нават калі мы будзем ісці ад нацыянальнай мовы, што заканадаўча апраўдана, усё роўна няма строга рэгламентаваных норм. На практыцы гэта прыводзіць да надзвычайнага разнабою. Так, прозвішча Рабянок мае некалькі рускіх адпаведнікаў: “Рабянок”, “Робенок”, “Ребенок”, “Робянок” і “Ребянок”. Шмат пытанняў і са словазмяненнем. Напрыклад, ці скланяць жаночыя прозвішчы тыпу Сапега, Вайда, Алехна, Бірыла, Рося, Абраменка, Насенка, Якавенка? Які нарматыўны канчатак у мужчынскіх прозвішчах тыпу Бульба, Гушча: аб Бульбу, Гушчу ці Бульбе, Гушчы? Як праскла­няць прозвішчы тыпу Васіленя, Кляпчэня, калі яны належаць мужчынам: Васіленем, Кляпчэнем ці Васіленяй, Кляпчэняй? Або возьмем жаночае прозвішча Муха, якое, згодна з прапісанымі нормамі, у давальным склоне мае форму Мусе. Ці кожны беларус правільна суаднясе яе з зыходнай фамільнай формай? Ніякіх гарантый, што не ўзнікнуць варыянты тыпу Муса або Муся. Падобныя пытанні павінны сур’ёзна абмяркоўвацца ў межах навуковай лінгвістычнай супольнасці і быць пад увагай любога кваліфікаванага філолага.

Калі Валянціны Лемцюговай не стала, Ірына Гапоненка працягнула яе справу. Філолаг прызнаецца, што сама мэтанакіравана анамастыкай наўрад ці занялася б: пужала адказнасць. Цяпер жа не ўзнікае думкі, каб пакінуць гэты занятак. Па словах Ірыны Алегаўны, у анамастыцы ёсць дзе прыкласці сілы многім пакаленням філолагаў.

— Попыт чытачоў паказвае, што нашы людзі не абыякавыя “Іваны, што не памятаюць свайго роду”, а свядомыя беларусы, якія імкнуцца шукаць і ведаць свае карані. Нам не ўсё роўна, хто быў да нас, і гэта характарызуе нацыю, дае надзею на яе далейшае станаўленне, — гаворыць анамаст, расказваючы пра падыходы да працы.

Зрэшты, у рабоце Ірыны Гапоненка таксама сустракаюцца проз­вішчы, якія “не расклёўваюцца”: многія з іх маюць цюркскія, балцкія ці татарскія карані і хаваюцца ў гаворках, губляюцца ў моўнай гісторыі. У такім выпадку даследчыцы даводзіцца адкладваць спробы іх растлумачыць. І такі падыход, на думку філолага, лепшы, чым некампетэнтныя адказы. Кожнае неабгрунтаванае ці недарэчнае тлумачэнне прозвішча сур’ёзна кранае спецыяліста. Ірына Алегаўна прыводзіць прыклад з этымалогіяй прозвішча Барадулін. Пры недакладнай трактоўцы падаецца значэнне “чалавек , у якога не расце барада” — “з дуляй замест барады”, але пры аб’ектыўнай трактоўцы значэнне мяняецца на супрацьлеглае: “барадуля”— “чалавек з вялікай барадой”.

— Калі прапануецца версія проз­вішча, яна павінна пацвяр­джацца фактамі, зафіксаванымі данымі, а не абапірацца на выдумку і выпадковыя асацыяцыі. Найбольш вядомыя версіі такога кшталту пра паходжанне назвы Гомель ад папераджальнага спалучэння “Го! Мель!”, якое быццам выкрыквалі плытагоны, даплываючы да плыткіх месцаў на рацэ каля адпаведнага паселішча. Галоўная загана падобных фантазійных трактовак перш за ўсё ў тым, што яны змяшчаюць як мінімум недакладныя этымалагічныя звесткі і такім чынам выступаюць крыніцай дэзынфармацыі. Легкадумнае, дылетанцкае стаўленне да зместу ўласных імён — гэта зусім не бяскрыўдная забава таму, што яны выстаўляюць нашых продкаў як нейкіх дзівакоў, не здольных ні на што сур’ёзнае.  Трэба памя­таць, што ў беларускай анамастыцы не было нічога выпадковага, бессэнсоўнага або прымітыўнага. Наша задача — захаваць моўныя здабыткі продкаў ў галіне анамастыкі, якія змяшчаюць важную разнастайную інфармацыю і з’яўляюцца часткай нашай культурнай спадчыны, — рэзюмуе Ірына Гапоненка

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.