Філалагічны дом Вольгі Пракапчук

- 15:12Вышэйшая школа

“Не прыгадваецца мне той выпадак, калі б было цяжка працаваць. Праца для мяне — задавальненне, самарэалізацыя, хобі. У гэтым плане мне вельмі пашанцавала, — расказвае загадчык кафедры класічнай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ Вольга Генрыхаўна Пракапчук. — Факультэт — гэта мой дом. Тут усё роднае: і сцены, і людзі. Задавальненне прыносіць кожная дробязь. Іншых пачуццяў я не ведаю. БДУ — самы лепшы!” Не праходзіць і дзесяці хвілін, як я пераконваюся, што ўсе навокал адказваюць ёй узаемнасцю.

На сценах кафедры амаль няма вольнага месца: паўсюль карты і творчыя работы студэнтаў. Шафы запоўнены кнігамі па гісторыі, культуры, мастацтве розных краін. Складваецца ўражанне, што, завітаўшы сюды, ты трапляеш у іншы свет. І ў гэтай абстаноўцы Вольга Генрыхаўна расказвае пра сябе.

Здольнасці да вучобы ў маленькай Вольгі былі заўсёды. У яе памяці яскрава захаваўся ўспамін аб перакананасці ў тым, што некалі яна стане пісаць кнігі. Але дзяўчынка заўсёды хацела быць настаўніцай і нікім больш. І гэта зусім не дзіўна, бо перад вачыма быў узор — матуля і сястра.

У школе Вольга сур’ёзна займалася рускай мовай і літаратурай. У 15 гадоў яна даведалася, што Ліцэй БДУ набірае навучэнцаў. Бацькі спачатку не верылі ў паступленне дачкі, жартавалі, але ўсё ж сказалі: “Паспрабуй, дачушка”. Паколькі дзяўчына была алімпіядніцай і мела ўзнагароды на рэспубліканскім этапе, у ліцэй яе прынялі без іспытаў.

Можа, і цяжка было бацькам адпускаць дачку ў сталіцу (Вольга Генрыхаўна нарадзілася ў Гродне), настаўнікі таксама не хацелі развітвацца са здольнай вучаніцай, але новы навучальны год яна сустрэла ў Мінску.

— Большасць сучасных дзяцей задумваюцца найперш над тым, колькі яны будуць зарабляць, як складзецца іх лёс у прафесіі, я ж думала пра тое, дзе хачу быць. Ішла за душой і памкненнем. У такой справе трэба мець упартасць, бо проста так нічога не даецца, — лічыць Вольга Пракапчук.

У Ліцэі БДУ дзяўчына трапіла ў гістарычна-філалагічны клас, таму беларускую і рускую мову і літаратуру вывучала паглыблена, на ўзроўні 1—2 курсаў універсітэта. У гэты ж час, дзякуючы ліцэйскай настаўніцы Алене Паўлаўне Андрэевай, яна зацікавілася гісторыяй. Таму калі БДУ абвясціў першы набор на аддзяленне класічнай філалогіі, дзяўчына, на той момант адзінаццацікласніца, ні хвіліны не вагалася.

— Да распаду СССР спецыялістаў такога профілю рыхтавалі толькі ў чатырох установах вышэйшай адукацыі — у Маскве, Ленінградзе, Тбілісі і Львове. Пасля стала зразумела, што патрэбны ўласныя кадры. Мы былі першымі класікамі, — узгадвае Вольга Генрыхаўна. — Цікавы, невядомы і нязведаны свет класічнай філалогіі — навукі, якая вывучае антычную культуру, мову, літаратуру, гісторыю старажытных грэкаў і рымлян, — хацелася адкрыць.

На філалагічным факультэце абсалютным прыкладам для студэнткі стала першы загадчык кафедры класічнай філалогіі Г.І.Шаўчэнка, якая лічыла старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы асновай еўрапейскай цывілізацыі і падмуркам для фарміравання філалагічнай сістэмы ў цэлым.

— Галіна Іванаўна — чалавек выключна эрудзіраваны — заўсёды магла зацікавіць любога студэнта так, што яму хацелася займацца яшчэ больш. На нашу спецыяльнасць раней набіралі раз на 5 гадоў (зараз на 4 гады), дзякуючы гэтаму студэнты і выкладчыкі ўзаемадзейнічалі вельмі цесна, — расказвае філолаг. — Кожны з нас быў як кветка ў аранжарэі. Галіна Іванаўна стала нам другой маці, якая ўздымала нашу кафедру і гадавала кадры.

Пазней Вольга Генрыхаўна стала пераемніцай свайго кіраўніка і мудрага старэйшага таварыша — з 2017 года ўзначальвае родную кафедру. Галоўным прынцыпам у рабоце са студэнтамі яна лічыць іх зацікаўленасць.

— Зараз студэнту можна не чытаць лекцыі ў такім аб’ёме, як гэта было гадоў 25 назад, паколькі, дзякуючы сучасным тэхналогіям, выкладчыкі размяшчаюць патрэбную інфармацыю на ўніверсітэцкіх інфармацыйных рэсурсах. Мы — наш факультэт, наша кафедра — імкнёмся стаць бліжэй да новага, “лічбавага”, пакалення студэнтаў (кафедра мае свой сайт graecolatini.bsu.by, а таксама старонкі ў сацыяльных сетках). Паколькі звесткі даступныя, з маладымі людзьмі трэба больш працаваць у такім кірунку, каб атрыманыя веды яны маглі прымяніць на практыцы. Трэба навучыць іх вучыцца, самастойна аналізаваць інфармацыю, — лічыць Вольга Пракапчук.

Сёння перад выкладчыкамі БДУ стаіць задача актывізаваць эўрыстычнае навучанне ў адукацыйным працэсе. Такі падыход дапамагае студэнтам не толькі замацоўваць класічныя веды, але і вучыць прымяняць іх у жыцці.

Вольга Генрыхаўна падзялілася сваім вопытам стварэння студэнцкіх практыка-арыентаваных адукацыйных прадуктаў. Так, пад яе кіраўніцтвам на кафедры распрацаваны і дзейнічаюць некалькі інавацыйных праектаў. Першы праект “Антычнасць у маладзёжнай культуры” ажыццяўляўся сумесна з Варшаўскім універсітэтам. Студэнты-чацвёртакурснікі прааналізавалі вобразы дрыяд у сучаснай беларускай і польскай літаратуры, даследавалі інтэрпрэтацыю вобраза Геракла ў савецкіх мультфільмах і ў сучасных коміксах Маrvel, разгледзелі вобразы грэчаскай міфалогіі ў камп’ютарнай гульні “Персона”. Атрыманыя вынікі маладыя людзі прадставілі ў выглядзе дакладаў і прэзентацыі плакатаў на канферэнцыі ва ўніверсітэце-партнёры.

Даследчы праект “Лацінамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі” прадстаўлены пазнавальнай выставай на базе факультэта. У межах Года малой радзімы студэнты 1 курса прэзентавалі калекцыю лацінамоўных надпісаў, сабраных у касцёлах сваіх рэгіёнаў (надпісы ў экспазіцыі суправаджаюцца перакладам і навуковым апісаннем).

Акрамя гэтага, студэнты-класікі здымаюць фільмы па гісторыі антычнасці, мяняюць стэрэатыпнае мысленне ў дачыненні да выкарыстання ў няправільным кантэксце імён міфалагічных герояў. Юнакі і дзяўчаты прымяраюць на сябе ролі даследчыкаў, акцёраў, сцэнарыстаў, рэжысёраў, спецыялістаў па мантажы, праводзячы міжпрадметныя сувязі паміж дысцыплінамі, што выкладаюцца на кафедры.

Сярод якасцей, якія Вольга Пракапчук цэніць у студэнтах, яна вылучае зацікаўленасць, крэатыўнасць і ўменне задаваць пытанні.

— Калі студэнт “гарыць” тым, што робіць, і задае пытанні ў незразумелых сітуацыях, то гэта ўзнагарода любому выкладчыку. Нашы студэнты вельмі адкрытыя людзі, ад якіх мы пастаянна атрымліваем вялікі зарад бадзёрасці, — пераканана Вольга Генрыхаўна. — Выкладчыкі для іх — гэта прыклад станаўлення асобы, прафесійны ўзор. Дзякуючы выкладчыкам, моладзь фарміруе адносіны да працы, стаўленне да жыцця. Таму мы павінны глядзець на сваіх студэнтаў як на родных дзяцей. Толькі ў такім выпадку на занятках будзе панаваць добрая атмасфера і абодва бакі змогуць працаваць з яшчэ большай самаадданасцю.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.