Філалагічны факультэт пашырае фармат

Цэнтр навучання кітайскай мове адкрыўся на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

Супрацоўніцтва вядучай установы вышэйшай адукацыі рэгіёна з кітайскімі калегамі ўсё больш пашыраецца. Адкрыццё кабінета Канфуцыя, потым — Інстытута Канфуцыя пры Гомельскім дзяржуніверсітэце, Гомельскага інстытута пры Шанхайскім інстытуце індустрыі, камерцыі і замежных моў, актыўны абмен студэнтамі і выкладчыкамі — усё гэта спрыяе рэалізацыі значных навукова-адукацыйных, сацыяльных і эканамічных праграм. Цэнтр навучання кітайскай мове перавядзе ў новую плоскасць курсы кітайскай мовы, якія праводзяцца на філфаку ўжо шмат гадоў. Праграмы курсаў навучання распрацоўваюцца выкладчыкамі Гомельскага ўніверсітэта разам з калегамі з Шанхайскага інстытута, навучанне таксама будзе праводзіцца спецыялістамі дзвюх краін.

Значнасць гэтай падзеі пацвярджаецца тым, што на адкрыццё цэнтра ў Гомель прыехалі прарэктар Шанхайскага інстытута індустрыі, камерцыі і замежных моў Дуань Жэньцы і адзін з вядучых кітайскіх славістаў намеснік дэкана факультэта еўрапейскіх моў і культуры гэтай жа ўстановы Ван Баашы.

Да ўрачыстага адкрыцця выкладчыкі кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, студэнты філалагічнага факультэта, навучэнцы гомельскіх школ, якія вывучаюць кітайскую мову, падрыхтавалі спецыяльную праграму з чытаннем вершаў і спевамі на кітайскай мове, чайнай цырымоніяй і цікавымі прэзентацыямі.

Госці з Шанхая таксама сустрэліся з прадстаўнікамі эканамічнага факультэта, каб абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва, а таксама з кітайскімі студэнтамі, якія сёння вучацца на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.