Філасофія STEAM-адукацыі праз навыкі гімназістаў

- 14:58Магілёўшчына

Педагагічны калектыў гімназіі № 3 Бабруйска не баіцца ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы. Як заўважыў дырэктар навучальнай установы Уладзімір Саковіч, абміцыйныя — не значыць невыканальныя. Прафесіяналам, накіраваным на канкрэтныя мэты, усё пад сілу, таму зладжаны калектыў заўсёды працуе эфектыўна і ў сучасным рэчышчы.

Дырэктар Уладзімір Саковіч.

У красавіку 2019 года на базе гімназіі быў адкрыты адзіны ў вобласці STEAM-цэнтр, абсталяваны сучаснымі ноўтбукамі, тэлевізарам, наборамі LEGO EV3. Адкрыццё STEAM-цэнтра адбылося дзякуючы кампаніі Lyft (рэзідэнту Парка высокіх тэхналогій), пры падтрымцы асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта, упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама.

Калектыў гімназіі вельмі ўдзячны ўсім, хто ўдзельнічаў у запуску такога маштабнага праекта, бо сёння гімназічны STEAM-цэнтр — месца агульнага прыцяжэння. Цэнтр стаў пунктам адліку ў сучаснай гісторыі гімназіі. У ім займаецца 213 вучняў 1—9 класаў. Заняткі арганізаваны па 5 напрамках: “Праграмаванне”, “3D-мадэляванне”, “Робататэхніка”, “Тэхнічная твор­часць”, “STEAM-урок”.

“Усе напрамкі аб’ядноўвае праект­ная дзейнасць, якая звязвае вучэбную праграму з жыццём, дазваляе ісці ад рэальных жыццёвых праблем, дае дзецям магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, стварыць сваімі рукамі рэальны прадукт, які вырашае канкрэтныя праблемы гімназіі. Магчыма, ідэя не новая, але прынцыпова важна, каб дзеці распрацавалі праект ад ідэі да ўвасаблення. Галоўнае, каб яны бачылі праблему і маглі знайсці шляхі яе вырашэння. Так, ідэя са стварэннем аўтаматычнага школьнага званка не з’яўляецца ноу-хау, але тым не менш ва ўсіх школах Бабруйска званкі да гэтага часу даюцца ўручную. Тое, што зрабілі нашы дзеці, дапамагло вызваліць ад руціннай працы вахцёраў”, — расказаў дырэктар гімназіі.

Праект “Smart-званок” прадставіла навучэнка 7 “Б” класа Вольга Балябіна: “Аўтаматычны званок распрацаваны спецыяльна для мадэрнізацыі існуючай сістэмы падачы званкоў у гімназіі. Прылада з’яўляецца спецыялізаваным аўтаматычным таймерам, які працуе па зададзеным раскладзе. Смарт-званок лёгка падключаецца да існуючай сістэмы, і яго можна выкарыстоўваць у любых навучальных установах.

Званок сканструяваны на аснове платы Arduino Uno R3 і гадзінніка рэальнага часу RTC DS3231. Мадэль корпуса змадэлявана і раздрукавана намі на 3D-прынтары. Асноўнай перавагай аўтаматычнага званка з’яўляецца надзейнасць і прастата ў эксплуатацыі. Ён не перагружаны лішнім функцыяналам.

Асноўныя характарыстыкі: адлюст­раванне даты і бягучага часу; праграмуецца любая колькасць званкоў у суткі; часовая блакіроўка падачы званкоў (на любы перыяд часу); лічбавае наладжванне ходу гадзінніка для забеспячэння павышанай дакладнасці (да ±0,1 с/сут); захаванне ходу гадзінніка пры адсутнасці сеткавага напружання каля 2 гадоў; магчымасць падачы званкоў уручную; працуе ад сеткі 220/110 В”.

“Пры падтрымцы кампаніі Lyft група старшакласнікаў працуе з Open Street Map Bobruisk. Навучэнцы актуа­лізавалі даныя адкрытых карт Бабруйска, нанеслі шмат новых аб’ектаў, выдалілі састарэлыя, навучыліся ствараць свае старонкі і атрымліваць даныя з адкрытых крыніц аб тэмпературы паветра і вільготнасці, сіле ветру. Яны ўмеюць наносіць на вэб-старонкі інфармацыю аб геаграфічных аб’ектах горада”, — падключылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Севярын.

А навучэнец 6 “А” класа Багдан Канаплёў расказаў, як яны з аднакласнікамі працуюць з картамі: “Мы навучыліся ствараць вэб-старонкі і выстаўляць на картах адпаведныя пазнакі, якія адлюстроўваюць даныя надвор’я (тэмпературу, вільготнасць паветра, хуткасць ветру і інш.), якія збіраюцца з адкрытых крыніц і абнаўляюцца кожныя 10 секунд. Выкарыстоўваючы бібліятэкі Leaflet, нанеслі на карту Бабруйска найбольш значныя аб’екты і іх апісанне. Работа з адкрытымі картамі будзе працягвацца. Плануецца стварэнне яшчэ двух дадаткаў: “Бабруйск турыстычны” і “Па дарогах Бабруйска”.

На аснове гэтых жа адкрытых карт пяці- і шасцікласнікі распрацоўваюць гульні ў асяроддзі Scratch па бяспецы руху. Правялі конкурс па стварэнні спрайта (графічнага аб’екта ў камп’ютарнай графіцы), арганізавалі галасаванне ў сацыяльных сетках, выбралі спрайт і выкарыстоўваюць яго пры стварэнні гульняў.

“Лёша Грудзько, навучэнец 11 класа, распрацаваў мабільны дадатак для Android, які зараз паспяхова праходзіць тэсціраванне і, спадзяёмся, неўзабаве з’явіцца ў PlayMarket”, — не без гордасці далей прадстаўляла сваіх гімназістаў намеснік дырэктара.

“Мой мабільны дадатак называецца “Дом — школа — дом”. Яго мэта — зняць трывожнасць і хваляванне бацькоў за дзяцей, якія накіроўваюцца ў гімназію або вяртаюцца з гімназіі дадому. Дадатак дазваляе адсочваць месцазнаходжанне дзіцяці (яго мабільнай прылады) на аснове даных геалакацыі. Акрамя таго, выкарыстанне месенджара Telegram дазваляе абменьвацца ў дадатку паведамленнямі. Бяспека гарантуецца пры дапамозе лічбавага кода, які генерыруецца аўтаматычна”, — увёў нас у курс справы адзінаццацікласнік.

“Старшакласнікі асвойваюць дапоўненую рэальнасць і ствараюць мадэль віртуальнага музея гімназіі. Вельмі прыемна, што гэтую ідэю падтрымаў калектыў. Пяцікласнікі актыўна ўключыліся ў пошукавую дзейнасць, узнаўляючы гісторыю нашай альма-матар, якая пачала свой шлях у 1906 годзе як Аляксееўская жаночая гімназія. Ёсць ідэя ўзнавіць архітэктурнае аблічча гістарычнага будынка. Такія справы заўсёды аб’ядноўваюць, фарміруюць агульныя каштоўнасці, што для нас вельмі важна”, — зноў падключыўся да гутаркі дырэктар гімназіі.

Асаблівасцю STEAM-цэнтра трэцяй бабруйскай гімназіі з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з кампаніяй Lyft, рэзідэнтам ПВТ. Спецыялісты кампаніі актыўна працуюць з гімназістамі: знаёмяць іх са светам ІТ, праводзяць экспертызу праектаў, кансультуюць дзяцей, дапамагаюць вырашаць тэхнічныя праблемы, праводзяць майстар-класы для навучэнцаў і педагогаў, арганізоўваюць праф­арыентацыйныя мерапрыемствы. Акрамя таго, дзеці маюць магчымасць паслухаць лекцыі і пагутарыць з паспяховымі людзьмі, наведаць офіс кампаніі, каб пазнаёміцца з умовамі працы і даведацца пра новыя прафесіі і патрабаванні, якія прад’яўляюцца да супрацоўнікаў.

“STEAM-адукацыя стала выклікам для ўсяго калектыву, над асваеннем і ўкараненнем STEAM-адукацыі сёлета працуе ўся гімназія. Гэта закла­дзена ў стратэгію развіцця нашай навучальнай установы. Мы лічым, што вельмі важна, каб настаўнікі разумелі і прымалі ідэю і філасофію STEAM-адукацыі. Таму мы вельмі шмат працуем у гэтым кірунку. Сёлета ў нас працуе STEAM-клуб для педагогаў, на пасяджэнні якога мы запрашаем спецыялістаў у галіне STEAM-адукацыі, а таксама праектнай дзейнасці. Клуб закліканы аб’яднаць педагогаў, якія раздзяляюць ідэі STEAM-адукацыі, арганізаваць іх зносіны і ўзаемадзеянне, вызначыць агульныя падыходы розных вучэбных дысцыплін, арганізаваць абмен вопытам па рэалізацыі міждысцыплінарнага падыходу ў адукацыйным працэсе.

Дзеці ўжо зрабілі справаздачу аб сваёй працы. На падыходзе метадычны тыдзень, дзе настаўнікі будуць дзяліцца вопытам правядзення STEAM-урокаў. Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі мы зможам стварыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе для фарміравання навыкаў, неабходных выпускнікам гімназіі для жыцця ва ўмовах высокатэхналагічнага ХХІ стагоддзя з яго нявызначанасцю і зменлівасцю”, — зазначыў дырэктар Уладзімір Саковіч.

Калі шчыра, то нам здалося, што такое асяроддзе ў навучальнай установе ўжо створана. Тое, што нам дэманстравалі гімназісты, выклікала захапленне і дапамагло зразумець: навыкі нашага тэхналагічнага стагоддзя можна атрымаць ужо ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.