Урачыстым адкрыццём кніжнай выставы “Беларуская літаратура і культура” ў музеі-кабінеце беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта БДУ заўчора распачаліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю гэтага факультэта, якое адзначаецца сёлета.
Філфакаўцаў яшчэ чакае перад’юбілейны марафон урачыстасцей, які павінен завяршыцца вялікім святочным сходам 18 лістапада. А пакуль няўрымслівая загадчыца філфакаўскага кабінета-музея народнай культуры, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Ірына Валер’еўна Казакова вырашыла наладзіць для сваіх калег і студэнтаў адмысловыя ўводзіны ў юбілей — сабраць на адной выставе самыя знакавыя кнігі апошняга часу, напісаныя выкладчыкамі кафедр, якія працуюць на ніве айчыннай літаратуры і культуры. Адкрыццё выставы стала своеасаблівай прэзентацыяй дасягненняў гэтых кафедр, іх прадстаўнікі па чарзе расказвалі запрошаным студэнтам-першакурснікам пра тое, чым яны займаюцца, дзеля каго і дзеля чаго працуюць. І чым больш набірала ход гэтая прэзентацыя, тым выразней адчувалася, што філфак БДУ — гэта ўсё-такі асаблівы факультэт, а найперш гэта магутная традыцыя, якая вось ужо 75 гадоў сілкуецца інтэлектам і духоўнасцю яго былых і сённяшніх рупліўцаў, беларускіх філолагаў.
Бадай, цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі (манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў устаноў вышэйшай і сярэдняй адукацыі) выкладчыкаў кафедры беларускай літаратуры і культуры, якой кіруе доктар філалагічных навук прафесар Таццяна Іванаўна Шамякіна (у кафедры, дарэчы, сёлета таксама юбілей — 10 гадоў з часу крышталізацыі ў адпаведную кафедральную структуру). Гэта выданні самой Таццяны Іванаўны, дактароў філалагічных навук Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва, Ірыны Валер’еўны Казаковай, Людмілы Дзмітрыеўны Сіньковай, кандыдатаў філалагічных навук Анатоля Леанідавіча Вераб’я, Уладзіміра Аляксандравіча Навумовіча і многіх іншых. Уражвае разнастайнасць навуковых інтарэсаў супрацоўнікаў кафедры — ад даследаванняў па сусветнай, славянскай, беларускай міфалогіі і міжкультурных сувязях Т.І.Шамякінай і І.В.Казаковай да манаграфій па найноўшых плынях беларускай літаратуры Л.Д.Сіньковай і творчасці Уладзіміра Караткевіча А.Л.Вераб’я. Прадстаўлены тут таксама і некаторыя школьныя падручнікі. А самая свежая, можна сказаць, яшчэ “цёпленькая” кніга ў раздзеле — “Беларуская і кітайская традыцыйная народная культура: параўнальны аспект” І.В.Казаковай. Яна літаральна гэтымі днямі ўбачыла свет.
Яшчэ адна кафедра-юбілярка (яна адзначае сёлета 20 гадоў) — кафедра тэорыі літаратуры, якую ўзначальвае доктар філалагічных навук прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Навуковыя дасягненні кафедры прадстаўлены найперш кнігамі самога Вячаслава Пятровіча (“Паэтычны слоўнік”, “На шляху да Парнаса. Даведнік маладога літаратара”, “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах”), напісанымі ім у суаўтарстве з М.П.Кенькам і Т.А.Марозавай “Уводзінамі ў літаратуразнаўства” ў дзвюх частках, выданнямі іншых аўтараў-выкладчыкаў. Вячаслаў Пятровіч вельмі цёпла звярнуўся да прысутных першакурснікаў, студэнтаў рамана-германскага аддзялення філфака, і нават дазволіў сабе пажартаваць: “Я ж ведаю, што ў некаторых з вас лыжы ўжо настроены на Захад: ці замуж выйсці за немца або італьянца, ці проста працаваць там… Інакш бы не выбралі рамана-германскае аддзяленне. Што ж, тут вам вырашаць. Але прашу пра адно: дзе б вы ні жылі і ні працавалі, ніколі не забывайце Беларусь, беларускую культуру і мову, наш родны Мінск і наш родны філфак. Толькі тады, калі вы будзеце працаваць дзеля славы Беларусі і нашай культуры нават за мяжой, вы, кажучы па-руску, “состоитесь”. Інакш вы проста згубіцеся ў чалавечым моры — і ніхто пра вас не ўспомніць. А філалогія і некаторыя іншыя гуманітарныя навукі даюць чалавеку найлепшую магчымасць пакінуць след пра сябе не толькі ў памяці сваіх родзічаў і сяброў, але і ў нацыянальнай культуры і гісторыі”.
Адметныя выданні адабраны на выставу і з ліку прац супрацоўнікаў кафедры замежнай літаратуры і кафедры славянскіх літаратур. Дарэчы, загадчык апошняй — доктар філалагічных навук, прафесар, пісьменнік і перакладчык Іван Аляксеевіч Чарота — нядаўна быў удастоены высокай узнагароды Сербіі “Браты Карыч” за ўмацаванне культурных і духоўных сувязей паміж беларускім і сербскім народамі. Пра значнасць гэтага ўшанавання гаворыць, напрыклад, той факт, што такую ж прэмію атрымаў сёлета і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.У.Пуцін.
Нарэшце, выданні супрацоўнікаў кафедры гісторыі беларускай літаратуры прадставіла яе загадчыца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Пятроўна Казакова, якая адзначыла, што асноўную сваю мэту яна з калегамі бачыць у тым, каб вярнуць нашаму народу багацці, створаныя беларусамі на працягу 11 стагоддзяў, выявіць яшчэ не знаёмыя помнікі літаратуры, перакласці іх на сучасную беларускую мову, апублікаваць і ўвесці ў сучасны літаратурны ўжытак. Кафедра падтрымлівае цесныя навуковыя і творчыя сувязі з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (галоўным плёнам гэтага супрацоўніцтва сталі “Анталогія даўняй беларускай літаратуры” і двухтомная “Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў”), гістарычным факультэтам БДУ і іншымі адукацыйнымі і навуковымі інстытуцыямі. “Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу” С.В.Кавалёва, “Мастацкі метад Яна Баршчэўскага” М.В.Хаўстовіча, “Нясвіжская Мельпамена: драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл” і “Беларуская лацінамоўная паэзія. Ранні Рэнесанс” Ж.В.Некрашэвіч-Кароткай, “Па дарозе на Парнас” і “Метафізіка беларускай літаратурнай крытыкі” І.М.Запрудскага, “Грыгорый Цамблак: царкоўны дзеяч і пісьменнік” Т.П.Казаковай — гэта далёка не поўны пералік каштоўнай навуковай літаратуры, прадстаўленай кафедрай гісторыі беларускай літаратуры. Таццяна Пятроўна Казакова таксама нагадала прысутным, што ў 2017 годзе беларусы будуць на дзяржаўным узроўні адзначаць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і ў цэнтры гэтай значнай падзеі, безумоўна, будуць кафедра гісторыі беларускай літаратуры і ўвогуле філалагічны факультэт БДУ.
Між іншым, выстава “Беларуская літаратура і культура” арганізавана не толькі з прэзентацыйнымі, але і прафарыентацыйнымі мэтамі. Як паведаміла яе арганізатар загадчыца кабінета-музея беларускай народнай культуры Ірына Валер’еўна Казакова, тут з аднолькавай радасцю будуць чакаць як цяперашніх студэнтаў, так і сённяшніх старшакласнікаў, ужо ці патэнцыяльна сарыентаваных на паступленне на філалагічны факультэт. Наведванне выставы стане для іх дадатковым штуршком у справе выбару будучай прафесіі. Напрыклад, сёння экспазіцыю наведае група ліцэістаў-філолагаў з Ліцэя БДУ.
Выстава “Беларуская літаратура і культура” будзе працаваць на працягу тыдня, калі яе можна будзе наведаць школьнікам, настаўнікам, класным кіраўнікам, кіраўнікам педагагічных практык па папярэдняй дамоўленасці. Запісацца можна па тэлефоне 8-029-650-98-51.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.