Фінансаванне сацсферы за пяць гадоў узрасло

Расходы бюджэту Саюзнай дзяржавы на фінансаванне сацыяльнай сферы за апошнія пяць гадоў павялічыліся на 16 працэнтаў. На гэты факт была звернута ўвага на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, паведамілі ў прэс-службе сходу па выніках мерапрыемства.

“Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі вынікі рэалізацыі праграм, праектаў і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы па пытаннях ведання Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях за перыяд 2014—2018 гадоў, — праінфармавалі ў прэс-службе. — Дэпутаты адзначылі, што, нягледзячы на адсутнасць росту аб’ёму бюджэту Саюзнай дзяржавы, фінансаванне мерапрыемстваў у галіне сацыяльнай абароны грамадзян, аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту павялічылася на 16 працэнтаў”.

У рабоце камісіі прынялі ўдзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў культуры, міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Расіі, Міністэрства спорту і турызму Беларусі, члены Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.

“Пры абмеркаванні планаў па рэалізацыі мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сацыяльнай сферы ў 2019 годзе парламентарыі звярнулі асаблівую ўвагу прадстаўнікоў Міністэрства культуры Беларусі на падрыхтоўку і правядзенне Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, а таксама рэкамендавалі забяспечыць рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы “Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, — падкрэслілі ў прэс-службе. — Міністэрству культуры Расіі рэкамендавана забяспечыць рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы “Стварэнне скульптурнай кампазіцыі для Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату ў Цвярской вобласці” і правядзенне мерапрыемства “Гастролі маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра”. Акрамя таго, дэпутаты возьмуць на кантроль падрыхтоўку фестывалю “Творчасць юных”, правядзенне якога ў 2019 годзе запланавана з улікам павелічэння фінансавання з саюзнага бюджэту і павелічэння колькасці ўдзельнікаў”.