Фінансавая дасведчанасць, прадпрымальніцтва і ІТ для моладзі

У Оршы адкрыты цэнтр падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва і майстэрня Fab Lab.

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці, што праходзіла ў Аршанскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, сталі намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Сяргей Міцянскі, нацыянальны каардынатар праекта Ірына Бабачонак, першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац і праектная каманда ПРААН на чале з кіраўніком праекта Людмілай Сакалоўскай, а таксама прадстаўнікі БГА “Развіццё — XXI стагоддзе” і партнёраў ініцыятывы.

Як праінфармаваў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, мэтавую аўдыторыю ініцыятывы склада­юць навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мясцовая моладзь. На цяперашні час распрацаваны тэарэтычныя матэрыялы, тэсты і заданні дыстанцыйных модуляў навучання “Асновы фінансавай дасведчанасці” і “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, размешчаныя на адукацыйным інтэрнэт-партале “ЯКласс” (www.yaklass.by) і даступныя на бясплатнай аснове ў анлайн-рэжыме для ўсіх навучэнцаў краіны. На базе новага цэнтра будуць арганізаваны і праве­дзены дзевяць курсаў, праграмы якіх накіраваны на прыцягненне навучэнцаў у сферу інфармацыйных тэхналогій і фарміраванне навыкаў і ведаў па вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці. Цэнтр створаны па ініцыятыве беларускага грамадскага аб’яднання “Развіццё — XXI стагоддзе” ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Партнёрамі ініцыятывы з’яўляюцца Аршанскі раённы выканаўчы камітэт праз упраўленне па адукацыі, адміністрацыя і кампаніі-рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс “Брэміна-Орша”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама.