Фінансавая граматнасць — упэўненасць у сваёй будучыні

- 15:27Нам пішуць

Сучасны свет не можа без грошай. Веды пра грошы вельмі важныя, бо людзі карыстаюцца імі кожны дзень, разлічваюцца за пакупкі і паслугі, з дапамогай іх імкнуцца рэалізаваць свае мары.

Пад дэвізам “Грошы маюць значэнне” (“Money Matters Matter”) прайшоў тыдзень фінансавай граматнасці ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка. У фае школы вучням прадставілі адкрытую старонку фінансавых банкаўскіх закладак, дзе былі растлумачаны тэрміны галоўных паслуг банка. Для самых кемлівых навучэнцаў было прапанавана рашыць фінансавыя задачы і рэбусы.

Малодшыя школьнікі даведаліся, што ў свеце ёсць яшчэ адна азбука — азбука грошай. Разам з мудрай цётухнай Савой дзеці адправіліся ў цікавае падарожжа ў далёкае мінулае і даведаліся, як раней людзі абыходзіліся без грошай і чаму вымушаны былі іх прыдумаць. Напрыканцы Мудрая Сава навучыла выхаванцаў беражліва ставіцца да асабістых грошай.

Вучняў 5—6 класаў зацікавіла прэзентацыя грашовых адзінак з калекцыі настаўніка матэматыкі Валерыя Ёдзя, які расказаў, як можна па грашах вывучаць гісторыю свайго краю. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі ў калекцыі настаўніка манеты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, царскай Расіі, акупацыйныя боны часоў Першай і Другой сусветных войн і манеты савецкага перыяду.

Урок фінансавай граматнасці з навучэнцамі 7—8 класаў правяла галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Беларусбанка Алена Хука, якая расказала аб асноўных правілах фінансавай граматнасці, як трэба планаваць асабісты бюджэт, берагчы грошы і разумна іх траціць.

На працягу тыдня вучні школы не толькі пазнаёміліся з такімі складанымі паняццямі, як эканоміка, фінансы, пададкі, але зразумелі, што поспех прыходзіць да таго, хто не толькі зарабляе грошы, але і граматна плануе свае траты і ўкладанні. Гэтаму трэба вучыцца цяпер, каб потым умела скарыстоўваць фінансавыя веды.

Алена КАЗАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Навагрудка.