Фінансы вырашаюць не ўсё

- 12:28Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Забяспечыць якасць дашкольнай адукацыі без стварэння неабходнага прадметна-прасторавага і гульнявога асяроддзя немагчыма. З гэтым сцвярджэннем наўрад ці хто з педагогаў будзе спрачацца. І, здавалася б, ва ўмовах, калі рынак насычаны самай разнастайнай гульнявой прадукцыяй, праблем з аснашчэннем адукацыйнага працэсу ў дашкольных установах не павінна быць. Аднак спецыялісты канстатуюць іншае: далёка не заўсёды прадметна-гульнявое асяроддзе ў дашкольных установах адпавядае неабходным патрабаванням. У чым прычына такога становішча? І як можна вырашыць згаданую праблему? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”.

Дынаміка нязначная

Трэба адзначыць, што ўжо не першы год палітыка дзяржавы сарыентавана на падтрымку вытворчасці дзіцячых тавараў, а адным з перспектыўных сегментаў тавараў для дзяцей з’яўляецца менавіта гульнявая прадукцыя. Так, у выкананне даручэння Савета Міністраў ад 8 снежня 2008 года Міністэрствам эканомікі быў распрацаваны комплекс мер па пашырэнні вытворчасці ў краіне гульнявой прадукцыі. Гэты дакумент быў узгоднены з усімі зацікаўленымі, у тым ліку і з Міністэрствам адукацыі. У пераліку такіх мерапрыемстваў прадугледжвалася фарміраванне асартыменту вытворчасці дзіцячых цацак у адпаведнасці з зацверджаным Пералікам абсталявання для ўстаноў дашкольнай адукацыі, забеспячэнне пастаяннай наяўнасці ў неабходных аб’ёмах у гандлі, незалежна ад форм уласнасці, дзіцячых цацак беларускай вытворчасці, рэгуляванне цэн на дзіцячыя цацкі.
Пералічаныя мерапрыемствы выконваюцца, але ці дасягнуты жаданы вынік? Адказ неадназначны: пэўныя зрухі, канечне ж, ёсць, але карэнным чынам змяніць сітуацыю на рынку гульнявой прадукцыі пакуль не ўдаецца. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова параўнаць даныя аб вытворчасці айчынных цацак у дынаміцы апошніх гадоў.
Вось даныя, прыведзеныя спецыялістамі ў 2010 годзе. На той час у краіне налічвалася каля 30 прадпрыемстваў, якія выпускалі гульнявую прадукцыю для дзяцей альбо часткова былі сарыентаваны на яе выпуск. Здавалася б, нямала. Але цацкі айчыннай вытворчасці складалі толькі каля 13% унутранага рынку. Астатнюю частку рынку займаў імпарт, яго геаграфія — гэта, лічы, увесь свет: Кітай, Італія, Расія, Іспанія, Польшча, Мексіка, Украіна, Германія, Фінляндыя, Чэхія, Данія, Вялікабрытанія, Францыя, Японія, ЗША і іншыя краіны.
А вось даныя ўжо бягучага года: у Беларусі каля 35 прадпрыемстваў, якія поўнасцю ці часткова сарыентаваны на выпуск гульнявой прадукцыі, 29 прадпрыемстваў імпартуюць цацкі. Цацка айчыннай вытворчасці займае каля 15% унутранага рынку. Пагадзіцеся, дынаміка нязначная.

Новае — забытае старое?

У такой сітуацыі спажыўцы гульнявой прадукцыі вымушаны звяртаць увагу на замежныя цацкі. Іншае пытанне, ці заўсёды прадстаўленыя на рынку цацкі адпавядаюць галоўнай функцыі гульнявой прадукцыі — развіваць і ўзбагачаць дзіця?
— Аналіз гульнявой прадукцыі, якая прадстаўлена на рынку нашай краіны, дазваляе канстатаваць, што цацкі, якія вырабляюцца і імпартуюцца ў краіну, нясуць розны выхаваўчы і развіццёвы патэнцыял і дазваляюць ствараць прадметна-развіццёвае асяроддзе ва ўстановах дашкольнай адукацыі, камфортнае для жыццядзейнасці дзіцяці. На рынку прадстаўлены сенсорныя, маторна-спартыўныя, вобразна-сюжэтныя, політэхнічныя, музычныя, тэатральныя, творчыя цацкі і іншыя, — заўважыла Раіса Раманаўна Касянюк, начальнік упраўлення метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук. — Але ў сувязі з вялікай разнастайнасцю цацак і гульняў айчыннай і замежнай вытворчасці ёсць рэальная неабходнасць зразумець і ацаніць іх уплыў на свядомасць сучаснага дзіцяці. У сувязі з гэтым актуальнасць набывае правядзенне кваліфікаванай псіхолага-педагагічнай экспертызы.
Тут варта адзначыць, што такая экспертыза праводзіцца ў многіх краінах свету. Крытэрыі ацэнкі ў розных краінах, па сутнасці, супадаюць, хоць і маюць розную фармулёўку: поліфункцыянальнасць цацак, іх гуманістычная накіраванасць, дыдактычная і эстэтычная каштоўнасць. Напрыклад, у Германіі ў выпадку станоўчага заключэння пасля праходжання названай экспертызы выдаецца значок “Добрая цацка”, для вытворцаў вельмі каштоўна атрымаць такі знак для сваёй прадукцыі.
Трэба адзначыць, што і ў нашай краіне ў перыяд з 2007 па 2011 год праводзілася псіхолага-педагагічная экспертыза гульняў і цацак. Мэта такой экспертызы — недапушчэнне распаўсюджвання цацак, гульняў і гульнявога абсталявання, якія негатыўна ўплываюць на здароўе і эмацыянальны дабрабыт дзяцей. На экспертызу прадстаўляліся цацкі, заяўленыя для ўвозу, якія вырабляліся і рэалізоўваліся на тэрыторыі краіны, а таксама тыя, што ставіліся на вытворчасць і замаўляліся юрыдычнымі асобамі. Праводзіў псіхолага-педагагічную экспертызу Нацыянальны інстытут адукацыі, дзе быў створаны адпаведны савет. У склад савета ўваходзілі вядучыя спецыялісты, педагогі, псіхолагі, дызайнеры, мастакі і іншыя. Для прыняцця рашэння аб адпаведнасці ці неадпаведнасці цацкі псіхолага-педагагічным патрабаванням былі распрацаваны спецыяльныя крытэрыі. Да крытэрыяў адпаведнасці адносіліся поліфункцыянальнасць — наколькі тую ці іншую цацку можна выкарыстоўваць у розных відах дзіцячай дзейнасці; гуманістычная накіраванасць — у якой ступені пэўная цацка карысная ў зоне актуальнага і найбліжэйшага развіцця; дыдактычная каштоўнасць — наколькі цацка развівае псіхічныя і пазнавальныя працэсы, разумовыя здольнасці ў дзяцей; эстэтычная каштоўнасць.
Крытэрыі неадпаведнасці псіхолага-педагагічным патрабаванням уключалі характарыстыкі, якія ўказваюць на пагрозу бяспецы дзіцяці, негатыўны ўплыў на яго здароўе і эмацыянальны дабрабыт, а таксама наяўнасць у цацкі якасцей, якія стымулююць асацыяльныя паводзіны дзіцяці, насілле, жорсткасць і г.д.
Трэба адзначыць, што шэраг відаў цацак у свой час не прайшлі названую экспертызу, а значыць, і не трапілі на беларускі рынак. Аднак у цяперашні час у сувязі з уступленнем у сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі адсутнічаюць прававыя падставы для правядзення такой псіхолага-педагагічнай экспертызы.
— Зараз ідзе абмеркаванне неабходнасці ўнясення змен у кодэкс, думаю, мы вернемся да гэтай, вельмі пазітыўнай, практыкі, — падкрэсліла Раіса Раманаўна.
Безумоўна, такое рашэнне павінна садзейнічаць павышэнню якасці цацак, прадстаўленых на беларускім рынку, а значыць, і павышэнню якасці прадметна-развіццёвага асяроддзя, у якім выхоўваюцца дзеці дома і ва ўстановах адукацыі.

Многае залежыць ад кампетэнтнасці педагога

Але ж, безумоўна, праблема аснашчэння ўстаноў дашкольнай адукацыі неабходным абсталяваннем — гэта пытанне не толькі наяўнасці адпаведнай прадукцыі на рынку, а яшчэ і фінансаў і… кампетэнтнасці педагогаў.
— Сёння дзейнічае зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі № 50 ад 24 верасня 2007 года Пералік абсталявання для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, — адзначыла Людміла Віктараўна Лабынько, галоўны інспектар упраўлення кантролю якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Апошнім часам пытанне наяўнасці адзначаных у пераліку пазіцый вывучалася ва ўсіх рэгіёнах краіны. Агульны вывад — праблемы ёсць практычна ўсюды. Для прыкладу можна прывесці наступныя даныя. Адзін з раёнаў Гомеля: у 2011 годзе аснашчанасць, у адпаведнасці з пералікам, складала 52%, у 2012 годзе — 46%. Гэта сярэдні паказчык, а ў разрэзе па ўстановах аснашчанасць гульнявым абсталяваннем, гульнямі складае ад 33 да 65%. Адзін з раёнаў Брэсцкай вобласці: у разрэзе па ўстановах аснашчанасць гульнявым абсталяваннем дашкольных устаноў ці груп складае ад 39 да 77%. Галоўны дэфіцыт у большасці выпадкаў — гульнявое абсталяванне і тэхнічныя сродкі навучання, а таксама абсталяванне для фізічнага развіцця.
Пры гэтым спецыяліст назвала адну заканамернасць: на жаль, самы невысокі працэнт аснашчанасці дашкольных груп — у вучэбна-педагагічных комплексах. У некаторых такіх установах ёсць толькі каля 20% абсталявання ад патрэбнага.
Найлепшыя ж паказчыкі — і па колькасці, і па разнастайнасці абсталявання — у Мінску: ад 55 да 84% ад патрэбнага.
Праблема, можна сказаць, вечная, бо існуе такое паняцце, як знос абсталявання, адпаведна, пастаянна патрабуецца яго абнаўленне. Немагчыма вырашыць гэтае пытанне раз і назаўсёды ці, хаця б, на доўгі час.
Зрэшты, асноўная прычына такога становішча вядомая: недахоп фінансавых сродкаў, якія выдзяляюцца на набыццё абсталявання. Вось прыклад, прыведзены спецыялістам: у адным з раёнаў на набыццё абсталявання выдзелена толькі 2,4 млн на ўсе дашкольныя ўстановы на працягу года.
Разам з тым ёсць і яшча адна прычына такога праблемнага становішча. Не ўсё залежыць ад наяўнасці грашовых сродкаў, многае — ад таго, наколькі якасна працуе педагог.
— Часам у групах няма элементарнага, але не па той прычыне, што яго нельга набыць. Галоўная прычына: педагогі проста на ведаюць, што павінна быць у кожнай узроставай групе, — падкрэсліла Людміла Віктараўна. — Сёння мы практычна не працуем з выхавальнікамі ў гэтым напрамку. Дарэчы, гэта праблема і музычных кіраўнікоў, кіраўнікоў фізічнага выхавання.
Узнікае заканамернае пытанне: як можна працаваць, не ведаючы, чым павінна быць напоўнена прадметна-развіццёвае асяроддзе? Як у такім выпадку забяспечыць зместавае напаўненне? Пералік жа ствараўся не на пустым месцы, а на аснове аналізу тых відаў дзейнасці, якімі займаюцца дзеці.
— Як працяг згаданай праблемы — вельмі часта ў групе прысутнічаюць цацкі і гульні не па ўзросце. Але ж выхавальнік павінен быць дакладна сарыентаваны: што павінна быць у яго ўзроставай групе і чым яе неабходна папоўніць. Напрыклад, сюжэтна-ролевая гульня: аднолькавыя па напаўненні (шчыра кажучы, прымітыўныя) наборы для такой гульні прысутнічаюць і ў малодшых групах, і ў старшых. Але ж гульня павінна мяняцца, ускладняцца, нельга атрыбутыку малодшых груп пераносіць на старшыя. Вось, напрыклад, гульня ў магазін: у малодшай групе дастаткова касы і набору “тавараў”, у старшай гульню неабходна наблізіць да рэалій сённяшняга дня: “стварыць”, напрыклад, гіпермаркет — а гэта і шэраг іншага абсталявання для арганізацыі гульні. У адваротным выпадку дзецям будзе нецікава.
Наступная тэндэнцыя — перанасычанасць гульнявога асяроддзя ў выніку недастатковай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў у гэтым пытанні. За кошт таго, што выстаўляецца адразу ўсё, што ёсць, не забяспечваецца змена цацак, разнастайнасць і г.д.
Адзначыла спецыяліст і іншыя праблемы ў гэтым напрамку. Так, у некаторых дашкольных установах захоўваецца традыцыйны шаблонны падыход да зместу гульнявога асяроддзя: адсутнічае яго развіццёвая накіраванасць, часцей яно носіць займальны характар, прычым ва ўсіх узроставых групах. Часам не захоўваецца прынцып даступнасці гульнявога абсталявання ў адносінах да дзяцей. Ва ўсіх установах нізкая напаўняльнасць цэнтраў пазнавальна-практычнай дзейнасці як абсталяваннем, так і рознай атрыбутыкай для правядзення эксперыментаў. Неабходна звярнуць увагу і на абсталяванасць рэкрэацыйных зон для дзяцей, зон адасаблення.
— Прычыны такой сітуацыі — нізкая прафесійная кампетэнтнасць у гэтым пытанні педагогаў, фармальны падыход да правядзення аналізу забяспечанасці дашкольных устаноў сродкамі навучання і выхавання ў адпаведнасці з зацверджаным пералікам: невыкарыстанне адзіных крытэрыяў у ацэнцы дзейнасці педагогаў пры правядзенні аглядаў-конкурсаў па пытанні гатоўнасці груп да новага навучальнага года, што не дазваляе аб’ектыўна ацаніць сітуацыю ў кожнай канкрэтнай групе, — яшчэ раз падкрэсліла Людміла Віктараўна.
Дарэчы, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі таксама адзначаюць наяўнасць праблем у стварэнні аптымальнага асяроддзя.
— Прадукцыя, якая прапаноўваецца на рынку, дазваляе канструяваць прадметна-развіццёвае асяроддзе, — адзначыла Раіса Раманаўна Касянюк. — Але, на маю думку, сёння страчана здольнасць ствараць такое асяроддзе ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі. Аналізуючы рэальную карціну, прыходжу да высновы, што часам асяроддзе перагружана ці абсталявання недастаткова. Але вось у тым, каб гэта было зроблена ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі і каб гэтыя прадметы працавалі на дзіця, штосьці ўпускаецца. Таму мы прапанавалі аўтарскаму калектыву распрацаваць дапаможнік па стварэнні прадметна-развіццёвага асяроддзя ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзіцяці. Плануецца, што адпаведная работа будзе завершана ў 2014 годзе.

Алена МАРКЕВІЧ.

markevich@ng-press.by