У аўторак на базе ліцэя БДУ прайшоў заключны этап фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі, мерапрыемствы якога праводзіліся на працягу года.
Варта адзначыць, што фестываль, арганізатарам якога выступіла Міністэрства адукацыі, стаў адным з самых маштабных у краіне навуковых маладзёжных мерапрыемстваў 2016 года. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў БДУ ў мінулым студзені. Пазней фестывальныя мерапрыемствы ладзіліся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, Беларуска-Расійскім універсітэце, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
На працягу года маладыя навукоўцы і студэнты прадстаўлялі свае даследчыя праекты, тэхнічныя і дызайнерскія распрацоўкі. У рамках фестывалю праводзіліся майстар-класы па робататэхніцы і мехатроніцы, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы, кірмаш вакансій суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, рэспубліканскія конкурсы маладых ландшафтных дызайнераў і маладзёжных інавацыйных праектаў InPRO, конкурс маладых 3D-канструктараў і іншыя мерапрыемствы.
На заключным этапе фестывалю ў БДУ была арганізавана работа дванаццаці інтэрактыўных пляцовак шасці ўстаноў вышэйшай адукацыі: БДУ, БДУІР, БДТУ, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага і Полацкага ўніверсітэтаў. Акрамя таго, свае экспанаты прадставіў Музей навукі “Элемента”. На згаданых пляцоўках дэманстраваліся займальныя доследы, спаборніцтвы робатаў, праводзіліся майстар-класы, была паказана работа крыміналістычнай лабараторыі.
Акрамя таго, у рамках фестывалю адбылася серыя навукова-папулярных лекцый беларускіх вучоных. Так, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч расказаў аб ядзернай энергетыцы. Аб паходжанні беларусаў і іх схільнасці да пэўных хвароб расказаў навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Васіль Панкратаў. Загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Уладзімір Саечнікаў прэзентаваў універсітэцкі нанаспадарожнік. А загадчык лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ Дзмітрый Грыншпан расказаў пра ядомую ўпакоўку і ўдасканаленыя фільтры для вады.
Маладыя ўніверсітэцкія вучоныя і аспіранты прынялі ўдзел у круглым стале “Маладзёжная навука: падтрымка, перспектывы, праблемы”. Як заўважыла на пасяджэнні старшыня савета маладых вучоных БДУ Ганна Каралёва, сёння ёсць праблемы з камерцыялізацыяй навуковых распрацовак. “Але ж распрацоўкі, якія кладуцца на паліцу і не прыносяць прыбыткаў, ужо зжылі сябе, — заўважыла Ганна. — У сувязі з гэтым мы маем намер правесці шэраг семінараў, дзе будзем вучыцца прасоўваць і камерцыялізаваць свае распрацоўкі”.
Яшчэ адна праблема, на якой засяродзілі ўвагу ўдзельнікі круглага стала, — адсутнасць заканадаўства, якое рэгулявала б узнікненне стартапаў на базе ўніверсітэтаў. “Заканадаўствам павінен быць дакладна вызначаны патэнцыял распрацоўкі з пункту гледжання размеркавання магчымага прыбытку: якую частку прыбытку атрымлівае ўніверсітэт, якую — аўтарскі калектыў, якую — ментар ці інвестар, — заўважыў кіраўнік бізнес-цэнтра Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Шышла. — З-за таго, што распрацоўшчыкі не маюць гарантыі атрымання прыбытку, вельмі складана стымуляваць іх рухацца наперад. І калі згаданая праблема не будзе вырашана, то ўніверсітэцкая інфраструктура ў выглядзе тэхнапаркаў і бізнес-інкубатараў будзе прастойваць і не прынясе чаканага выніку”.
Сяргей Шышла расказаў таксама пра залішнюю маруднасць у рабоце. “Сёння сярэдняя хуткасць інавацыйнай распрацоўкі павінна быць каля аднаго квартала”, — заўважыў кіраўнік бізнес-цэнтра БДТУ. Акрамя таго, ён адзначыў неабходнасць стварэння ва ўніверсітэтах цэнтраў калектыўнага карыстання абсталяваннем, так званых фаблабаў, дзе маладыя вучоныя маглі б штосьці ствараць за мінімальныя сродкі.
Шмат увагі падчас круглага стала было ўдзелена і праблеме эфектыўнасці работы аспірантуры. Удзельнікі расказалі, як у іх універсітэтах дапамагаюць саіскальнікам вучоных ступеней хутчэй і прасцей прайсці цярністы шлях ад напісання дысертацыі да абароны. Адзначалася, што калі кафедры ўдзяляюць гэтай рабоце належную ўвагу, то і вынікі адпаведныя. Гэта яскрава пацвярджае вопыт шэрага ўніверсітэтаў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.