Фінішная прамая для настаўнікаў года

З чэрвеня пачаліся трэніровачныя зборы настаўнікаў, якія выйшлі ў фінал Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў.

Выкладчык біялогіі Марына Капцэвіч з сярэдняй школы № 8 Гомеля — пераможца абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў.

— Заключны этап конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” пройдзе сёлета ў верасні, — адзначае прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Лідзія Нікіфарава. — У раённых і абласных творчых груп ёсць час, каб падрыхтавацца. Фіналісты бу­дуць вывучаць асаблівасці правя­дзення конкурснага ўрока, спрабаваць прыёмы самарэгуляцыі ў стрэсавых сітуацыях, удзельнічаць у метадычных дыялогах, прысвечаных апісанню сістэмы педагагічнай дзейнасці, право­дзіць майстар-класы, займацца аналізам і самааналізам урокаў… Урэшце ў фінале педагогі будуць змагацца ў наступных конкурс­ных мерапрыемствах: трэба будзе прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, прадставіць апісанне ўласнай дыдактычнай сістэмы, правесці для незнаёмых вучняў урок, падрыхтаваны загадзя. За ноч прыйдзецца падрыхтавацца да ўрока-імправізацыі і правесці майстар-клас, звязаны з апісаным вопытам педагога.

Як расказала начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Наталля Сапрыка, 101 педагог — пераможца раённага этапу быў удзельнікам першага (завочнага) тура абласнога этапу конкурсу:

— Яны прынялі ўдзел у псіхолага-педагагічным тэсціраванні ў дыстанцыйным фармаце, апісанні сістэмы педагагічнай дзейнасці, прапанавалі да прагляду ўрывак відэаўрока, рабілі відэапрэзентацыю педагагічных напрацовак. Па выніках работы прадметнага журы конкурсу ў другі (вочны) тур абласнога этапу выйшлі 32 педагогі. Яны праводзілі ўрок ці заняткі ў незнаёмым класе на базе ўстаноў адукацыі Гомеля, майстар-клас для студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і слухачоў павышэння кваліфікацыі абласнога інстытута развіцця адукацыі. Па выніках гэтага тура ў трэці (вочны) тур прайшлі 24 педагогі. Яны прынялі ўд зел у дыстанцыйным публічным выступленні перад педагагічнай грамадскасцю на тэму “Прэстыж прафесіі настаўніка (выхавальніка): міф ці рэальнасць”.

Конкурснае мерапрыемства адбылося ў дыстанцыйным рэжыме і ацэньвалася надпрадметным журы з 15 чалавек. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў выдаў загад узнагародзіць не толькі пераможцаў, але лаўрэатаў і ўдзельнікаў абласнога этапу конкурсу:

— Вырашана таксама адзначыць якаснае арганізацыйна-метадычнае суправа­джэнне падрыхтоўкі педагогаў да конкурсных мерапрыемстваў аддзелаў адукацыі Жыткавіцкага, Жлобінскага, Ельскага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Светлагорскага райвыканкамаў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага, Акцябрскага, Чачэрскага райвыканкамаў, адміністрацый Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў Гомеля, а таксама Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя.

Гомельшчыну ў фінале прадставяць:

Англійская мова: Ганна Дзёміна — жлобінская сярэдняя школа № 13 імя В.Гузава.

Беларуская мова і літаратура: Наталля Смарцелава — жлобінская гімназія № 1.

Біялогія: Марына Капцевіч — гомельская сярэдняя школа № 8.

Геаграфія: Вадзім Лосеў — гомельская сярэдняя школа № 19.

Дашкольная адукацыя: Ксенія Носка — ельскі яслі-сад № 1.

Матэматыка: Уладзімір Ганчароў — Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна.

Пачатковыя класы: Наталля Лізунова — рагачоўская сярэдняя школа № 4 імя У.С.Вялічкі.

Працоўнае навучанне: Аляксандр Атрохаў — Сталпнянская сярэдняя школа Рагачоўскага раёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.