“Фінт-Круазэ”: смяяцца альбо плакаць?

- 13:06Культура, Рознае

Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас, калі вы чуеце словазлучэнне “беларуская камедыя”? Напэўна, не памылюся, сказаўшы, што ў першую чаргу большасці з нас у галаву адразу прыходзяць імёны Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка. І тут няма нічога дзіўнага. Камедыі гэтых драматургаў на працягу амаль усяго існавання прафесійнага беларускага тэатра аздаблялі рэпертуар лепшых калектываў краіны, ставіліся і за межамі Беларусі. Нават сёння іх творы можна пабачыць на сцэне, прычым гэта не “музейныя экзэмпляры”, якія дажываюць свой век, запаўняючы ў рэпертуары нішу нацыянальных пастановак, а свядома ажыццёўленыя новыя спектаклі. Так, у 2012 годзе “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы паставілі ў Тэатры-студыі кінаакцёра, а праз год адбылася прэм’ера “Аракула?..” паводле “Зацюканага апостала” Андрэя Макаёнка ў Тэатры імя М.Горкага.

З аднаго боку, такая прыхільнасць рэжысёраў да ўжо класічных прыкладаў беларускай камедыяграфіі радуе, але, з другога боку, усё ж хацелася б бачыць на сцэне і новыя творы. Пытанне толькі ў тым, каб іх знайсці. Смеласць вырашыць гэтую праблему ўзяў на сябе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, а дакладней, рэжысёр Святлана Навуменка.
Такая сітуацыя цалкам натуральная, бо пры РТБД існуе Цэнтр беларускай драматургіі, дзе дзейнічаюць творчыя лабараторыі, падчас якіх ідзе інтэрактыўны працэс стварэння новых тэкстаў. Можна сказаць, што менавіта ў адной з такіх лабараторый пасля знаёмства з п’есай “Сватанне”, напісанай Віктарам Красоўскім у суаўтарстве з Дзмітрыем Багаслаўскім, у С.Навуменка і нарадзілася ідэя зрабіць у РТБД вечар сучаснай беларускай камедыі. На шчасце, ідэя змагла рэалізавацца, у выніку чаго на сцэне РТБД і адбылася прэм’ера спектакля “Фінт-Круазэ”.
“Фінт-Круазэ” — вечар беларускай камедыі, які складаецца з дзвюх аднаактовак: “Перапісу насельніцтва” Д.Багаслаўскага, напісанага спецыяльна для гэтага праекта, і ўжо ўзгаданага “Сватання”. Дзве камедыі зусім непадобныя адна на адну. Яны не маюць ніякіх сюжэтных перасячэнняў, адрозніваюцца як па праблематыцы, так і па глыбіні, што непасрэдным чынам паўплывала на адметнасці сцэнічнага ўвасаблення. Аднак, на думку рэжысёра С.Навуменка, іх яднае галоўная тэма — каханне. Акрамя гэтай агульнай “звыштэмы” злучыць дзве розныя камедыі ў адзіны спектакль закліканы акцёрскі ансамбль, які застаецца нязменным, агульная сцэнаграфія і арыгінальны рэжысёрскі ход — увядзенне дадатковага персанажа, анёла-назіральніка. Нягледзячы на гэта, спектакль усё ж не пакідае адчування цэласнасці, і кожная частка ўспрымаецца як самастойны твор, прычым рознай якасці.

Няроўнасць адчувальная ўжо на жанравым узроўні. Калі “Перапіс насельніцтва” адкрыта камедыйная, фарсавая пастаноўка, то “Сватанне” — гэта хутчэй трагікамедыя. Імкненне ж прывесці іх да адной роўніцы дае не самы лепшы вынік. Падаецца, што больш удалай атрымалася ў С.Навуменка першая частка “вечара” — “Перапіс насельніцтва”. Фарсавы спектакль, дзе фактычна ў хрэстаматыйнай сітуацыі дзейнічаюць пазнавальныя тыпы, такія як вяліка-
ўзроставы “мамчын сынок”, “таткава дачушка” ды тыранічныя бацькі, якія не жадаюць выпускаць дзетак з-пад свайго кантролю, прываблівае добрай дынамікай і рытмам. Камізм і гратэскнасць вобразаў персанажаў (Маргарыты Адольфаўны, Гены, Захара Афінагенавіча, Вольгі) падкрэсліваецца іх знешнім абліччам і асабліва ўзмацняецца выкананнем ролі Маргарыты Адольфаўны мужчынам (у першым складзе яе іграе Сяргей Шымко, у другім — ролю выконвае Арцём Курэнь). Прырода пастаноўкі задае пэўны спосаб акцёрскага існавання, узмацняе ступень адчужэння, умоўнасці і элемент гульні, які актыўна падтрымліваецца сцэнаграфіяй (мастак Юрый Саламонаў). Каркасная мэбля і прадметы інтэр’ера крыху скажоных прапорцый ствараюць аптымальнае асяроддзе для герояў і актыўна ўключаюцца ў працэс гульні. Вельмі арганічным і паўнацэнным удзельнікам дзеяння з’яўляецца ў гэтай частцы анёл Daniel (Дзяніс Паршын), чыя прысутнасць не зводзіцца да простага каменціравання падзей (чаго б можна было чакаць, улічваючы, што персанаж нарадзіўся з жадання С.Навуменка зрабіць аўтарскія рэмаркі Д.Багаслаўскага адным з тэкстаў спектакля). Прысутнасць і дзеянні анёла, які выступае ў ролі дыктара ці падштурхоўвае нязграбных закаханых адно да аднаго, выглядаюць у фарсавай пастаноўцы не менш натуральнымі, чым замена матацыкла, на якім Гена і Вольга адпраўляюцца ў рэстаран, абагравальнай батарэяй.

Не такой роўнай атрымалася другая частка, “Сватанне”. І тут, падаецца, адна з прычын у самой драматургіі. Справа нават не ў тым, што сюжэт, як і ў выпадку “Перапісу насельніцтва”, пазбаўлены арыгінальнасці і выглядае крыху хадульным: міліцыянер закахаўся ў настаўніцу, якая займаецца “найстаражытнейшай прафесіяй”, каб зарабіць грошы і зберагчы псіхічны спакой хворага бацькі-прафесара. С.Навуменка, магчыма, з мэтай зрабіць “Сватанне” больш лёгкім і камедыйным, выключыла асобныя маналогі і дыялогі герояў, у якіх раскрываецца закладзеная аўтарамі праблематыка, характары Мікалая Фёдаравіча, Наташы і Мікалая. У выніку пастаноўка атрымалася ў пэўнай ступенні эскізнай, складанасць матывацый герояў і трагізм сітуацыі, у якой яны знаходзяцца, ярка акрэсленыя сучасныя рэаліі засталіся нераскрытымі да канца, а камічны элемент так і не праявіўся ў дастатковай ступені. Фарсавы, гратэскны складнік можна было прасачыць больш-менш выразна толькі ў вобразах Мікалая Фёдаравіча і сутэнёра Віталіка, а вось Наташа і Мікалай існавалі, хутчэй, у рэчышчы псіхалагічнага тэатра. Акрамя некаторай нявызначанасці ў плане эстэтыкі і жанру, ва ўласна рэжысёрскім рашэнні “Сватання” быў яшчэ адзін не зусім удалы момант. Прысутнасць анёла Daniel’я, у адрозненне ад “Перапісу насельніцтва”, тут выглядала абсалютна непатрэбнай і штучнай, а яго адзінкавыя рэплікі заставаліся не больш чым рэмаркамі, без якіх дзеянне амаль нічога б не страціла. Тым не менш “Сватанне” мела і свае іскрыначкі: пластычнае і музычнае рашэнне, створанае для вечара камедыі Вольгай Скварцовай і Віталем Суддзіным.
Харэаграфія “Фінт-Круазэ” заслугоўвае асобнай увагі, бо праз харэаграфічна-пластычныя сцэны адбываецца вырашэнне і развіццё асобных сітуацый, як у “Перапісе насельніцтва”, так і ў “Сватанні”. Менавіта харэаграфія надае спектаклю патрэбную дынаміку і рытм, працуе на яго стылістычную еднасць, а кампазіцыя гурта “Queen” “Show must go on” у фінале ставіць патрэбную кропку і ў пэўнай ступені згладжвае не самае лепшае ўражанне ад спектакля.
Акрамя харэаграфічнага і музычнага рашэння яшчэ адным прыемным бокам вечара сучаснай беларускай камедыі сталі акцёрскія работы. Артысты атрымалі добрую магчымасць прадэманстраваць сваё майстэрства, ствараючы за адзін спектакль амаль процілеглыя вобразы. Канечне, у абедзвюх частках вечара акцёры іграюць камедыю, але, як ужо адзначалася, нават сама спецыфіка выканання і існавання ў гэтых дзвюх частках розная, як і персанажы. Сціплае дзяўчо ў акулярах з “Перапісу насельніцтва” ператвараецца ў крышачку цынічную, але з надзеяй на шчасце настаўніцу-прастытутку (Надзея Цвяткова), мамчын сыночак, кухар-інтэлігент у выкананні Андрэя Новіка — у не вельмі разумнага, аднак шчырага і гатовага на сапраўдныя ўчынкі міліцыянера Мікалая, а ружовавалосая “жанчына-кашмар” Маргарыта Адольфаўна Сяргея Шымко — у прафесара, якому нестае смеласці прыняць рэальнасць. Работу С.Шымко ўвогуле хочацца вылучыць асобна, бо яркая індывідуальнасць гэтага артыста, які бліскуча “выцягваў” на сабе адну з апошніх прэм’ер тэатра, “Кантракт” Ф.Вэбэра, аздобіла і “Фінт-Круазэ”.

Безумоўна, прыхільнікі занятых у спектаклі акцёраў атрымаюць задавальненне, назіраючы за іх пераўвасабленнямі, магчыма, некаму прыйдзецца па густу таксама лёгкасць і нязмушанасць “Перапісу насельніцтва”, аднак наўрад ці ў большасці гледачоў узнікне жаданне паглядзець “Фінт-Круазэ” яшчэ раз. Такое ж сумненне выклікае і магчымасць таго, што да “Сватання” альбо “Перапісу насельніцтва” рэжысёры зноў звернуцца хаця б праз 10 гадоў, як, напрыклад, і сёння звяртаюцца да камедый А.Макаёнка. А справа ў тым, што вечар сучаснай беларускай камедыі атрымаўся, па вялікім рахунку, проста забаўкай. Магчыма, у гэтым не было б нічога дрэннага, калі б не адно “але”. За мінулы сезон на сцэне РТБД адбылася толькі адна па-сапраўднаму сур’ёзная прэм’ера — “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” Д.Багаслаўскага (дарэчы, работа па пастаноўцы гэтай п’есы ідзе ў Купалаўскім тэатры). Астатнія ж спектаклі, што аўтарскі праект І.Сігава “Нямое каханне”, што “Кантракт” Ф.Вэбэра, далёкія ад высокай мастацкасці. А тэатр, тым больш калі на яго сцэне ідзе камедыя, усё ж павінен заставацца “кафедрай, з якой можна шмат сказаць свету дабра”.

Кацярына ЯРОМІНА.