Фірменны стыль і брэндынг

У прафесійнай кампетэнцыі WorldSkills “Графічны дызайн” — новы галоўны эксперт. Гэта Алена Вікенцьеўна Пракопчык-Бяляўская — чалавек даволі вядомы ў руху WorldSkills, яе прозвішча ўжо гучала з прыемнай нагоды на мінулым Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018, калі выхаванка педагога Марына Гаель заваявала сярэбраны медаль.

Марына сёлета будзе прадстаўляць нацыянальную зборную ў кампетэнцыі “Графічны дызайн” на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Kazan — 2019. Дзяўчына ў 2018 годзе скончыла гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння каледжа ўладкавалася ў прыватную паліграфічную арганізацыю. Педагог Марыны Алена Вікенцьеўна Пракопчык-Бяляўская выкладае ў гэтай установе вучэбныя дысцыпліны “Праектаванне”, “Жывапіс”, “Шрыфты”, “Тыпаграфіка” і вядзе факультатыў “Асновы вэб-дызайну”. Алена Вікенцьеўна скончыла мастацка-графічны факультэт па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва” Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Яна добра спрактыкаваны спецыяліст, мае 10 гадоў педагагічнага стажу, з’яўляецца старшынёй цыклавой камісіі.

Пры ўспамінах аб нацыянальным чэмпіянаце 2018 года Алену Вікенцьеўну зноў ахоплівала радасць ад атрыманых вынікаў яе выхаванкі.

— Марына выдатна справілася з усімі модулямі, якія былі прадстаўлены на конкурсе, — расказала Алена Вікенцьеўна. — Але не ўсё прайшло гладка. Асаблівыя складанасці выклікаў модуль “Упакоўка”. Справа ў тым, што прадукт для макета ўпакоўкі, па ўмовах WorldSkills, быў названы непасрэдна на конкурснай пляцоўцы ў дзень правядзення спаборніцтва, і, натуральна, падрыхтавацца ідэальна да выканання згаданага модуля не хапала часу. Але гэтая акалічнасць не зламала байцоўскі дух Марыны, і яна аператыўна прыдумала вельмі арыгінальны і, галоўнае, функцыянальны макет упакоўкі.

Алена Вікенцьеўна расказала, што графічны дызайнер спецыялізуецца на афармленні наваколля сродкамі графікі. Да першараднага кірунку графічнага дызайну адносяць фірменны стыль і брэндынг, а таксама работу з паліграфічнай прадукцыяй (лістоўкі, газеты, часопісы, вокладкі кніг, каталогі тавараў, візітоўкі, упакоўкі прадуктаў), графічнае афармленне вонкавай рэкламы (рэкламныя шчыты, шыльды, плакаты, паказальнікі і г.д.).

Разважаючы аб значэнні WorldSkills у нашай краіне, удзелу ў спаборніцтве беларускіх навучэнцаў, Алена Вікенцьеўна адзначыла, што гэты рух прымушае задумацца пра новыя перспектывы і магчымасці, матывуе да пошуку новых шляхоў удасканалення сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў.

— WorldSkills прыўнёс навізну ў многія падыходы ў навучанні, — падкрэсліла Алена Вікенцьеўна. — Мы змянілі свой погляд на форму арганізацыі практычных заняткаў па дысцыплінах прафесійнага кампанента, сталі ўкараняць іншыя формы правядзення бягучай і выніковай атэстацыі. Важна і тое, што ўдзел у гэтым руху дазваляе наладжваць партнёрскія і міжнародныя сувязі. WorldSkills — рэальны механізм, які дапамагае рухацца наперад, прафесійна расці, абменьвацца вопытам.

Ала КЛЮЙКО.