Кажуць, што соль — гэта белая смерць. Але супрацоўнікі “Унітэхпрам БДУ” не настолькі катэгарычныя. Сваёй новай распрацоўкай — фітасолямі серыі “Універсум” — яны даказалі адваротнае.
— Соль выконвае некалькі функцый: смакавую (несалёная ежа прыносіць менш задавальнення) і тэхналагічную (выступае ў якасці кансерванту). Ужыванне кухоннай солі ў вялікай колькасці затрымлівае ў арганізме вадкасць, садзейнічае павышэнню аб’ёму крыві, якая цыркулюе, і артэрыяльнага ціску, павелічэнню сілы і частаты сардэчных скарачэнняў. Гэта можа прывесці да развіцця сур’ёзных ускладненняў: ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту міякарда, інсульту, сардэчнай недастатковасці і ацёкаў, — расказвае начальнік Навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій РУП “Унітэхпрам БДУ” Таццяна Мадзіеўская. — Сутачная норма колькасці з’едзенай солі складае 5—8 г. А рэальная лічба выкарыстання прадукту даходзіць да 25 г. Гэта абумоўлена тым, што соль утрымліваецца ў многіх харчовых прадуктах, якія прапаноўваюцца прамысловасцю (малочных, хлебабулачных і мясных вырабах і інш.). Аднак нельга адмовіцца ад солі цалкам, таму ў многіх краінах вядуцца работы па стварэнні функцыянальных прадуктаў з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю, якія не шкодзяць здароўю чалавека і могуць падтрымліваць сардэчна-сасудзістую сістэму.
Ініцыятыва пачатку такіх распрацовак у Беларусі належыць галоўнаму супрацоўніку РНПЦ “Кардыялогія” акадэміку Георгію Сідарэнку, які ў сваёй дзейнасці неаднаразова звяртаўся да праблемы змяншэння ўжывання солі. Так, сумесна з супрацоўнікамі Навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій РУП “Унітэхпрам БДУ” быў рэалізаваны праект па распрацоўцы фітасолей, солевыя складнікі якіх замянілі на араматычныя.
Фітасолі серыі “Універсум” змяшчаюць у сваёй лінейцы прадукты “Арома”, “Тонус”, “Энерга”, “Плюс”, якія характарызуюцца зменшаным утрыманнем хларыду натрыю (ад 10 да 34%). Распрацоўкі ўтрымліваюць солі калію, магнію, раслінныя інгрэдыенты, спецыі, амінакіслоты (таўрын і L-карнітын) і вітаміны (В9), якія маскіруюць смак мінеральных дабавак і ўзмацняюць смак кухоннай солі, зніжаючы парог смакавай адчувальнасці да яе. Напрыклад, у прадукты “Універсум Арома” і “Універсум Тонус” уваходзіць ад 70 да 90% NaCl (у залежнасці ад віду), а таксама каляндра, базілік, кроп, чорны і духмяны перац. “Універсум Тонус”, акрамя пералічаных інгрэдыентаў, утрымлівае часнок, хлорысты калій і таўрын. Соль “Арома” змяшчае ў сабе толькі вострадухмяны комплекс і хлорысты натрый. Фітакампаненты падабраны такім чынам, што не толькі выконваюць ролю смакавай дабаўкі і карэкціруюць парог смакавай адчувальнасці чалавека, але і маюць выражаныя антыаксідантныя ўласцівасці.
Пры распрацоўцы саставу фітасолей даследаваліся арганалептычныя і фізіка-хімічныя характарыстыкі кампазіцый і іх тэхналагічныя ўласцівасці, былі адабраны найбольш перспектыўныя для вытворчасці камбінацыі. У РНПЦ “Кардыялогія” былі праведзены медыка-біялагічныя доследы: прадукт ужывалі здаровыя ўдзельнікі, асобы з фактарамі рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі (тыя, хто ўжывае алкаголь, салёную ежу, схільныя да стрэсаў, лішняй вагі) і хворыя на гіпертэнзію людзі. Пасля праведзенай работы было адзначана, што распрацоўка садзейнічае абмежаванню ўжывання натрыю з ежай, зніжэнню артэрыяльнага ціску і аказвае станоўчы ўплыў на лячэнне пацыентаў-гіпертонікаў.

Распрацоўка ўжо стала пераможцай у намінацыі “Харчовыя тавары” на конкурсе “Найлепшыя тавары Беларусі — 2017”, была абвешчана “Навінкай года” і атрымала залаты медаль на конкурсе “Навука і інавацыі” ў Санкт-Пецярбургу (2015 год). Фітасолі серыі “Універсум” рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі для прафілактыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі.
У мінулым годзе пробныя партыі фітасолей былі адпраўлены ў Азербайджан, таксама плануецца наладзіць выпуск прадукцыі для жыхароў Кітая. На сённяшні дзень распрацоўшчыкамі пададзена заяўка на атрыманне еўразійскага патэнта.
Прадукцыю “Унітэхпрам БДУ” кожны можа пратэсціраваць на сабе: фітасолі “Універсум” можна набыць у шэрагу беларускіх крам.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.