Фізічнае выхаванне на алімпійскіх ідэалах

- 11:11Навіны рэгіёнаў

Калектыў ясляў-сада № 3 Бялыніч адной з асноўных задач сваёй дзейнасці бачыць умацаванне фізічнага здароўя выхаванцаў. Мясцовыя педагогі ўпэўнены: развіццё фізічных навыкаў дзяцей, прывіццё ім асноў здаровага ладу жыцця неабходна пачынаць з максімальна ранняга ўзросту. Таму і вядуць старанную работу па прыцягненні малых да заняткаў фізкультурай і спортам. Паспяховай формай рэалізацыі гэтай справы стала далучэнне выхаванцаў да алімпійскай адукацыі.

Як паведаміла намеснік загадчыка Вольга Буханава, выкарыстанне прынцыпаў алімпійскага руху вельмі эфектыўна адбіваецца на фізічным развіцці выхаванцаў.

— Мы вырашылі стварыць у дзіцячым садзе мадэль фізкультурна-аздараўленчай работы па прыцягненні дзяцей да алімпійскіх ідэй, — адзначыла Вольга Мікалаеўна.

Паводле яе слоў, асноўнымі напрамкамі рэалізацыі алімпійскай адукацыі ў дашкольнай установе сталі тэматычныя і сюжэтныя заняткі па алімпійскіх відах спорту, спартыўныя святы і забавы, дні здароўя, малыя алімпійскія гульні, а таксама пазнавальна-практычная, працоўная, вучэбная дзейнасць. Для забеспячэння нагляднасці ў навучанні выхавальнікі кожнай групы забяспечаны неабходнымі метадычнымі матэрыяламі: фатаграфіямі, ілюстрацыямі, інфармацыйнымі стэндамі “Алімпійскія рэкорды”, “Нашы чэмпіёны”.

— Да рэалізацыі праекта актыўна прыцягваюцца бацькі нашых выхаванцаў. Мы ўпэўнены, што толькі ў кантакце з сям’ёй можна дасягнуць поспехаў ва ўмацаванні здароўя дзяцей. Фарміраванне фізічнай культуры пачынаецца ў дзяцінстве, таму ўдзел бацькоў у гэтым працэсе — неабходнасць, — падкрэсліла Вольга Буханава.

Замацоўваць веды і навыкі на практыцы малышам дапамагаюць масавыя спартыўныя мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць іх з бацькамі і педагогамі. Надоечы ў дзіцячым садзе прайшла традыцыйная дэкада здароўя. Яна была насычана разнастайнымі падзеямі.

— На занятках у групах хлопчыкі і дзяўчынкі стваралі малюнкі на тэмы “Мы любім спорт”, “Сцяг Алімпійскіх гульняў”, ляпілі з пластыліну фігуркі спартсменаў, выконвалі аплікацыю “Алімпійскі агонь”, развучвалі песні і вершы пра спорт. На фізкультуры дзеці знаёміліся са спартыўным інвентаром, гісторыяй і традыцыямі Алімпіяды, дасягненнямі беларускіх спартсменаў, асвойвалі элементы розных відаў спорту. Таксама малышы ўзмоцнена рыхтаваліся да спартыўнага свята “На шляху да алімпу”, — расказала Вольга Мікалаеўна.

Мерапрыемства ўяўляла сабой своеасаблівыя малыя алімпійскія гульні, якія праходзілі ў сценах установы. Малышы дэманстравалі прысутным усе алімпійскія рытуалы: парад каманд, вынас сцяга, запальванне алімпійскага агню. Усё гэта стварала непаўторную атмасферу.

— Праграма нашых алімпійскіх гульняў уключала біятлон, санкавы спорт, кёрлінг і хакей. Вядома, у нас не было сапраўдных мішэней, спецыяльных трас, лёду і строгіх правіл, аднак усе ўдзельнікі старанна спраўляліся з заданнямі. Спартыўныя эстафеты чаргаваліся з інтэлектуальнымі віктарынамі па алімпійскай адукацыі на веданне відаў спорту, атрыбутаў, сімволікі Алімпіяды. Балельшчыкі — дзеці з малодшых груп — таксама былі заняты ў рухавых гульнях. Пасля заканчэння свята ўсе ўдзельнікі, акрамя добрага настрою, атрымалі зарад бадзёрасці і салодкія прызы, — расказала Вольга Буханава.

Творчы падыход педагагічнага калектыву бялыніцкага ясляў-сада № 3 да фізічнага выхавання малых прыносіць адпаведныя вынікі. Укараненне і распаўсюджванне алімпійскіх ідэалаў забяспечвае ўсебаковае развіццё дзяцей, іх актыўнае далучэнне да фізкультуры і здаровага ладу жыцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.