На мінулым тыдні на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў Рэспубліканскі семінар “Рэсурсы павышэння якасці фізічнага выхавання і школьнага спорту ў Рэспубліцы Беларусь”. Прадстаўнікі сістэмы фізічнага выхавання пазнаёміліся з перадавым вопытам сваіх калег, прыемна здзівіліся, што іх прадмет — адзін з самых папулярных у сучаснай школе, а таксама агучылі найбольш вострыя пытанні.
Сістэма адукацыі, як і любы “жывы арганізм”, не можа існаваць без пастаяннага развіцця. І хоць новаўвядзенні ў фізічным выхаванні не заўсёды і не ўсімі прымаюцца “на ўра”, упікнуць іх ініцыятараў у непаслядоўнасці складана.
Якія змяненні будуць унесены ў Палажэнне аб установах агульнай сярэдняй адукацыі, удзельнікам семінара расказала кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна Каржова. Як аказалася, у найбліжэйшай будучыні з’явіцца магчымасць адкрываць спецыялізаваныя па спорце класы ў гімназіях і ліцэях краіны. Ужо з першага верасня бягучага навучальнага года ў якасці эксперымента падобны клас адкрыты ў ліцэі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прадметам спецыялізацыі стала веславанне. Па словах кансультанта, змяненні ў дакумент будуць унесены да пачатку наступнага навучальнага года.
Таксама чакаецца прыняцце нарматыўна-прававога дакумента, які вызначыць пералік сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання для арганізацыі фізічнага выхавання на ўсіх узроўнях — ад дашкольнай да вышэйшай адукацыі. Яшчэ адзін дакумент павінен будзе ўстанавіць іх нормы. Плануецца, што абодва дакументы ўступяць у дзеянне ў 2014/2015 навучальным годзе.
Ірына Уладзіміраўна звярнула ўвагу спецыялістаў сістэмы і на пытанне здачы экзамену па фізічнай культуры ў парадку экстэрнату. Такія экзамены могуць здавацца за 9 і за 11 клас. Ад нак калі білеты для здачы экзамену за 11 клас існавалі, то білеты для 9 класа распрацаваны толькі цяпер. Пры неабходнасці іх можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
“Дасягненнем сістэмы мы можам назваць правядзенне з 1 верасня 2013 года трох вучэбных заняткаў па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, — падкрэсліў намеснік дырэктара РЦФВіС Віктар Сцяпанавіч Аўчароў. — Цяпер у Міністэрстве адукацыі адпрацоўваецца пытанне аб мэтазгоднасці правядзення з наступнага навучальнага года Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце. Для нас важна, што ў штатны расклад школы ўведзена пасада кіраўніка фізічнага выхавання. Цяпер праводзіцца эксперымент па ўкараненні ў адукацыйны працэс электронных сродкаў навучання па відах спорту. Створаны перадумовы для павелічэння колькасці навучэнцаў у спецыялізаваных па спорце класах, актывізавана работа па навучанні плаванню ў малодшых класах”.
Віктар Сцяпанавіч адзначыў, што адным з самых галоўных рэсурсаў сістэмы фізічнага выхавання з’яўляюцца факультатыўныя заняткі. Больш за тое, з’яўляючыся заняткамі па выбары, яны служаць свайго роду лакмусавай паперкай папулярнасці прадмета сярод школьнікаў. Як аказалася, фізічная культура займае трэцяе месца сярод 17 факультатываў.
Экзамен па фізкультуры, увядзенне якога ў свой час выклікала шмат пытанняў, сёння знайшоў нямала тых, на каго і быў разлічаны. Так, напрыклад, у мінулым навучальным годзе ў Віцебскай вобласці яго здавалі 753 навучэнцы, у Гродзенскай — 749, Брэсцкай — 690, Гомельскай — 493, Мінскай — 393, Магілёўскай — 373 навучэнцы. Для параўнання: у Мінску яго здавалі толькі 17 (!) навучэнцаў. Намеснік дырэктара РЦФВіС засяродзіў увагу на тым, што ў такім выпадку не спрацоўвае кадравы рэсурс сталіцы. Дарэчы, у кадравым пытанні сістэмы фізічнага выхавання толькі цяпер назіраецца нязначная станоўчая дынаміка. Апошнім жа часам галіна страціла каля 2 тысяч спецыялістаў.
У поле зроку ўдзельнікаў семінара трапілі спартыўныя школы і ўстановы дадатковай адукацыі, якія рэалізуюць праграмы фізкультурна-спартыўнага профілю. Сёння ў Беларусі 153 падобныя ўстановы дадатковай адукацыі (20 фізкультурна-спартыўных цэнтраў і 133 шматпрофільныя ўстановы). Намеснік дырэктара РЦФВіС Эліна Юр’еўна Сакалоўская падкрэсліла, што нярэдка з іх выходзяць удзельнікі чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў. У мінулым годзе спецыялісты фізкультурна-спартыўных цэнтраў пацвердзілі высокі ўзровень свайго прафесіяналізму: 1327 іх выхаванцаў выканалі юнацкія спартыўныя разрады; першы, другі і трэці разрады — 369 юных спартменаў.
Выступоўца адзначыла, што на цяперашні момант у сістэме адукацыі функцыянуюць 242 спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы, а таксама акцэнтавала ўвагу на ініцыятыве зменшыць працягласць працоўнага адпачынку для трэнераў-выкладчыкаў з 56 да 42 дзён з мэтай выканання ў поўным аб’ёме вучэбных праграм па відах спорту.
Разам з шэрагам станоўчых дасягненняў быў агучаны і той факт, што мінулы год стаў няўдалым для сістэмы з пункта погляду аздараўлення навучэнцаў спартыўных школ.
“Нездавальняюча спрацавалі тры рэгіёны: Мінск, Віцебская і Гомельская вобласці, — паведаміла Э.Ю.Сакалоўская. — І кожны знойдзе шэраг апраўданняў, чаму не былі выкананы паказчыкі праграмы па аздараўленні. Адной з галоўных прычын магу назваць няякасную работу з бацькамі як трэнераў, так і кіраўнікоў спартыўных школ. Яшчэ адной прычынай невыканання плана кіраўнікі называюць праблемы арганізацыі харчавання. Але, як правіла, недалёка ад спартыўных баз ёсць кафэ ці сталовыя, з якімі можна вырашыць гэтае пытанне”.
Лепшы рэгіянальны вопыт стаў прадметам інтарэсу ўдзельнікаў семінара. Алена Анатольеўна Кумпіцкая, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 Ашмян, пазнаёміла калег з асаблівасцямі і вынікамі ўкаранення ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Менавіта гэтая школа на бліжэйшыя тры гады стала рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай “Укараненне методыкі навучання віду спорту (баскетбол, валейбол, лёгкая атлетыка) з прымяненнем электроннага дыдактычнага сродку на ўроках фізічнай культуры і ў пазакласнай рабоце”. Алена Анатольеўна адзначыла, што ўжо за гэты час у школьнікаў у лепшы бок змяніліся адносіны да ўрокаў фізічнай культуры. Напрыклад, 92,8 працэнта школьнікаў наведваюць урокі для таго, каб умацаваць сваё здароўе, 85,7 працэнта — каб атрымаць фізічную нагрузку, 80,1 працэнта — каб адпачыць ад іншых урокаў, 80,1 працэнта — каб навучыцца тэхніцы розных відаў спорту. Вырасла дынаміка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці, а таксама сярэдні бал па прадмеце.
Смаргонскі раён прэзентаваў вопыт работы па навучанні плаванню. Пры тым, што ў раёне функцыянуюць толькі 3(!) плавальныя басейны, іх паслугамі карыстаюцца больш за 5000 навучэнцаў і 2300 дзяцей дашкольнага ўзросту. У цэнтры ўвагі аказалася арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў Рагачоўскім раёне. Аднак па-сапраўднаму ўразіла ўсіх выступленне Ларысы Паўлаўны Бендык, настаўніцы фізічнай культуры сярэдняй школы № 6 Віцебска, якая стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу “Урок (гадзіна) футбола”.
Праект “Школа юных надзей футбола” нездарма стаў пераможцам. Ён аб’яднаў у сабе шматлікія турніры і спаборніцтвы, школьную медыятэку і правядзенне майстар-класаў, тэматычныя крыжаванкі, галаваломкі і пазнавальныя гульні, даследчыя праекты аб спартыўным жыцці вядомых футбалістаў Беларусі і нават пра ект дызайнераў “Футбольная форма — 2013”. Футбол у жывапісе, футбол у літаратуры, скульптуры, архітэктуры… Думаецца, гэтая работа заслугоўвае асобнай публікацыі на сторонках “Настаўніцкай газеты”.
Найбольш цікавай часткай семінара стаў круглы стол, дзе абмяркоўваліся самыя набалелыя пытанні. Як быць, калі ў малакамплектных школах (да 50 чалавек) скасавана пасада кіраўніка фізічнага выхавання і немагчыма ўвесці нават 0,25 стаўкі? Выйсце спецыялісты бачаць толькі адно: яны рэкамендуюць кіраўніку школы выкарыстаць прэміяльны фонд і за яго кошт кампенсаваць работу педагога. Іншых варыянтаў на сёння пакуль не існуе.
Як падрыхтаваць дзяцей да спаборніцтваў, напрыклад, такіх як “Снежны снайпер” без наяўнасці ў школе зброі? Як аказалася, наяўнасць зброі магчыма толькі ў спецыялізаваных спартыўных школах, а таксама ва ўстановах, якія маюць на ўвазе навучанне стральбе і выкарыстанне зброі. Па словах намесніка дырэктара РЦФВіС Віктара Сцяпанавіча Аўчарова, гэтае пытанне пакуль застаецца нявырашаным, паколькі немагчыма ўключыць вінтоўкі для пнеўматычнай стральбы ў пералік вучэбнага-спартыўнага абсталявання.
Як падзяліць дзяцей, калі класны кіраўнік арыентуе іх на лагер прышкольны, а трэнер — на лагер спартыўны? Як і дзе набыць электронныя сродкі навучання? За кошт якіх рэсурсаў арганізаваць работу школьных спартыўных залаў да вечара, не парушыўшы правоў самога работніка? Яшчэ многія пытанні на сёння адкрытыя. Пакуль ёсць пытанні, ёсць неабходнасць у адказах. У адным з найбліжэйшых нумароў “Настаўніцкай газеты” іх прадставяць увазе нашых чытачоў спецыялісты РЦФВіС.