Фізічныя баі

- 12:30Навіны рэгіёнаў

VIII Абласны турнір юных фізікаў сабраў на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны школьнікаў з усяго рэгіёна.

Аб жаданні прыняць удзел у турніры заявілі 30 каманд, 20 з іх былі дапушчаны да інтэлектуальных спаборніцтваў. У першы дзень прайшлі адборачныя сустрэчы. Каманды былі аб’яднаны ў групы па чатыры. Кожная павінна была прайсці чатыры фізбаі, мяняючыся ролевымі дзеяннямі: дакладчык, апанент, рэцэнзент, чацвёртая выступала назіральнікам. Зразумела, самым складаным было выступленне ў ролі дакладчыка. Тут не толькі неабходна было растлумачыць аўтарскае рашэнне пэўнай задачы і паказаць ход работы над ёй пры дапамозе слайдаў, але яшчэ вытрымаць крытычныя заўвагі апанента і адказаць на пытанні членаў журы.

Каманды атрымлівалі адзнаку за выступленне ў кожным з трох дзеянняў, і такім чынам былі падведзены вынікі, якія вызначылі чатыры каманды-фіналісты, а таксама размеркавалі месцы, занятыя астатнімі гульцамі.

Фінальная сустрэча адбылася ў другі дзень. Лепшыя каманды выступалі з найбольш паспяховымі, на іх думку, рашэннямі задач. Варта адзначыць, што ў ходзе турніру дакладчыку, які прадстаўляў пэўную каманду, недастаткова было прадставіць тэарэтычнае і практычнае рашэнне задачы, улічвалася і ўменне адказваць на пытанні і адстойваць сваю ідэю, трымацца перад аўдыторыяй, а таксама майстэрства красамоўства. Некаторыя старшакласнікі ўражвалі сваімі здольнасцямі. Яны і выцягнулі свае каманды ў лік пераможцаў.

Так, з аднолькавай колькасцю балаў першае і другое месцы падзялілі зборная каманда Светлагорскага раёна і каманда сярэдняй школы № 6 Калінкавіч. Яны былі ўдастоены дыпломаў І ступені.

Дыпломы ІІ ступені атрымалі каманды Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 і гомельскай сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева.

Камандам Гомельскага абласнога і Рэчыцкага раённага ліцэяў, Рэчыцкай раённай гімназіі, а таксама зборным камандам Петрыкаўскага і Жлобінскага раёнаў дасталіся дыпломы ІІІ ступені.

Акрамя пераможцаў, можна адзначыць таксама каманды гімназіі № 14 Гомеля, сярэдняй школы № 15 Мазыра, сярэдняй школы № 30 Гомеля, спецыялізаванага ліцэя пры ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС, гомельскай гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага і зборныя каманды Гомельскага, Рагачоўскага, Лельчыцкага, Калінкавіцкага, Ельскага, Кармянскага раёнаў, якія таксама паказалі добрыя вынікі.

Турнір юных фізікаў праводзіцца ўжо на працягу многіх гадоў, у ім вызначаюцца юнакі і дзяўчаты, якія потым прадстаўляюць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім узроўні. Выкладчыкі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій кажуць, што кожны раз навучэнцы паказваюць розныя вынікі.

— Нельга сцвярджаць, што з году ў год навучэнцы выступаюць лепш ці, наадварот, горш, — гаворыць навуковы супрацоўнік Гомельскага дзяржуніверсітэта член журы турніру юных фізікаў Васіль Васькевіч. — Узровень складанасці задач пастаянна мяняецца, адпаведна, мяняюцца і даклады школьнікаў. Калі браць сёлетні турнір, то ў фінал выйшлі дзеці, якія мінулы раз занялі апошнія месцы.

Дарэчы, у журы, якое судзіць інтэлектуальныя спаборніцтвы юных фізікаў, акрамя выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў факультэта, уваходзяць студэнты, якія раней таксама выступалі на турніры ў ролі дакладчыкаў, апанентаў ці рэцэнзентаў. Яны, як ніхто іншы, разумеюць, якія цяжкасці і хваляванні прыходзіцца перажываць падчас выступленняў.

— Калі ты ў ліку ўдзельнікаў, то разумееш, што прадстаўляеш не толькі сябе, свае здольнасці, але і абараняеш гонар школы, — дзеліцца студэнт 1 курса факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Ф.Скарыны Данііл Дамасканаў. — У гэтым спаборніцтве некаторыя вучні мяне вельмі ўразілі. У адборачным туры было нямала слабых выступленняў, а вось фіналісты аказаліся сапраўды моцнымі.

Яшчэ на мінулым турніры Данііл выступаў у камандзе гомельскай сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева, а сёння ён ужо вывучае аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі на факультэце, дзе раней стаяў перад аўдыторыяй і прадстаўляў сваё рашэнне задачы ў спаборніцтве юных фізікаў.

Закрыццё турніру прайшло з удзелам дэкана факультэта Дзмітрыя Каваленкі. Ён уручыў дыпломы камандам-пераможцам і граматы фіналістам, а самыя крэатыўныя ўдзельнікі атрымалі яшчэ і прызы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.