Фізік з душой паэта

Якімі якасцямі павінен валодаць школьны настаўнік, каб на яго ўрокі дзеці беглі з задавальненнем? Не на фізкультуру, музыку ці працу, а на фізіку — адзін са складаных прадметаў, веданне якога адчыняе большасці выпускнікоў дзверы ўстаноў вышэйшай адукацыі і дазваляе атрымліваць цікавую і перспектыўную прафесію.

Вучням Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна пашанцавала: фізіку тут выкладае Ларыса Анатольеўна Арышчанка, чалавек неверагоднай эрудыцыі, спалучанай з аналітычнымі здольнасцямі навукоўца і незвычайнай працаздольнасцю.

Чаму фізіка? Можа, таму, што ў дзяцінстве чытала Жуля Верна і Аляксандра Бяляева, у творах якіх расказвалася аб ідэях, азарэннях, здагадках, памылках і расчараваннях.

Падчас вучобы на фізічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта спакушала думка займацца даследчай дзейнасцю, але пасля практыкі ў школе зразумела, што работа з вучнямі мае такое ж важнае значэнне, як і новыя адкрыцці ў навуцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта Ларыса Анатольеўна працавала ў адной са школ Гродна, але ж ёй заўсёды хацелася працаваць у сельскай школе. Можа, таму, што роля настаўніка ў вёсцы, дзе ўсе адно аднаго добра ведаюць, асаблівая: заўсёды навідавоку, больш цесныя сувязі з вучнямі і бацькамі, большая  адказнасць за лёс кожнага дзіцяці. А можа, таму, што паэтычная душа гараджанкі прагла яднання з прыродай. Вяртаючыся пасля заняткаў дамоў, Ларыса Анатольеўна магла нават у стылай восені ўбачыць непаўторную прыгажосць, заўважыць бляск крыштальнай кропелькі дажджу і назаўтра расказаць аб гэтым сваім вучням.

Пры знаёмстве, фізік па адукацыі, Ларыса Анатольеўна ўражвае дасведчанасцю ў матэматыцы, астраноміі і геаграфіі. Кола інтарэсаў настаўніцы ахоплівае музыку, мастацтва, літаратуру. Калі яна паспявае столькі чытаць — застаецца загадкай.

Прынцып дзейнасці настаўніцы — асцярожна і беражліва дапамагчы дзіцяці раскрыцца, стаць упэўненым, распаліць азарт да вучобы. Яна імкнецца навучыць дзяцей разумець тое, аб чым не гавораць, чытаць тое, што не напісана. Адразу накіроўвае іх на тое, што фізіку нельга проста вучыць, яе трэба разумець. Каб зацікавіць дзяцей, імкнецца ператварыць кожныя заняткі ў сумесную творчую лабараторыю, тады вучні добра ўспрымаюць матэрыял. Да такіх заняткаў рыхтуецца загадзя і з энтузіязмам. А юных талентаў знаходзіць, калі яны вучацца яшчэ ў 5 класе, бо нельга стаць пераможцам алімпіяд адразу, без шматгадовай падрыхтоўкі.

— Гэта як у спорце: падрыхтаваць чэмпіёна свету з любога спартсмена, можа, і нельга, але зрабіць так, каб ён паспяхова прымаў у­дзел у спаборніцтвах і займаў нядрэнныя месцы, можна. Галоўнае — навучыцца правільна разважаць, асвоіць асноўныя прыёмы, — гаворыць Ларыса Анатольеўна.

За гады працоўнай дзейнасці, дасканала валодаючы методыкай выкладання не самага простага для дзяцей прадмета, выпрацавала свае наватарскія прыёмы. Дзякуючы яе сістэме навучання, нават яўныя гуманітарыі пачынаюць з лёгкасцю рашаць задачы, а аматары ўедліва штудзіруюць зборнік практычных задач на стымулюючых занятках.

Адным з напрамкаў работы педагога з’яўляецца актыўная навукова-даследчая дзейнасць. Многія вучні школы — пастаянныя ўдзельнікі і штогадовыя пераможцы раённых і абласных канферэнцый “Хрустальная Альфа”, “Імкненне. Адкрыццё. Поспех”. За гады работы ў школе ў яе ўжо склалася эфектыўная сістэма работы ў гэтым кірунку. Кожны год вучні Ларысы Анатольеўны з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў даследчых работ. Так, дзесяцікласнік Уладзіслаў Капіца ўзнагароджаны дыпломам III ступені за работу “Ад загадкі Калумба да маленькага “тарнада”, Мікалай Арышчанка — дыпломам III ступені за даследаванне “БІТ і ХІТ”. Дыплом I ступені ў Абласным конкурсе экалагічных работ атрымаў Мікалай Арышчанка з работай “Сонечная печ”, удзел у міжраённым конкурсе “100 ідэй для Беларусі” з работай “Унікальныя ўласцівасці шчолаку” прынёс хлопцу 1-е месца.

Сакавік сёлетняга навучальнага года аказаўся паспяховым для Уладзіслава Капіцы: на раённай канферэнцыі “Імкненне. Пошук. Поспех” даследчая работа “Фантан наадварот” заняла 1-е месца. На думку настаўніцы, поспех работы залежыць ад выбару тэмы даследавання, якая павінна быць цікавай  любому чалавеку, далёкаму ад фізікі. А знайсці такія тэмы дапамагае жыццё. Напрыклад, у задачах “ТЮФ-2018” была прапанавана тэма “Ураганныя шары”. Узяўшы яе на ўзбраенне, Ларыса Анатольеўна вырашыла дапоўніць тэму даследаваннем вярчальнага руху камянёў эліпсоіднай формы. Дарэчы, камяні знайшлі вучні на полі, як аказалася, знаходка з’яўляецца сведкай ледніковага перыяду.

З задавальненнем яе выхаванцы прымаюць удзел у турнірах юных фізікаў. Адной з найважнейшых пераваг, на думку настаўніцы, з’яўляецца тое, што адкрытая бескампрамісная дыскусія “загартоўвае” юных фізікаў на далейшую навуковую работу, выпрацоўвае ўменне рашаць складаныя агульнанавуковыя праблемы і пераканаўча абараняць свае рашэнні ў публічнай палеміцы. А яшчэ Ларыса Анатольеўна любіць сама складаць задачы.

 — Гэта тое ж самае, што і складаць вершы, — гаворыць яна. — Спачатку прыходзіць ідэя — разглядзець нейкі сюжэт. У працэсе абдумвання выяўляецца штосьці цікавае — хітрынка, нечаканасць, якую трэба прыгожа падаць.

Самае цікавае і цудоўнае ў фізіцы для настаўніцы — той момант, калі вучні адчува­юць сябе першаадкрывальнікамі, калі ў іх эксперымент атрымаўся і яны адчуваюць сябе максвеламі сучаснасці.

Ларысу Анатольеўну любяць нават тыя, хто не любіць фізіку. Апантаная любімым прадметам, фізіку яна “рэкламуе” і ў танцавальных рухах на чарговай рэпетыцыі гульні “Клуб вясёлых і знаходлівых”.

— Танцавальныя элементы могуць быць адточаны, калі вы будзеце выкарыстоўваць законы фізікі. Артыст — гэта не толькі фізічна падрыхтаваны чалавек, але і ў нейкай ступені фізік, — з усмешкай гаворыць настаўніца. Можа, такая ўстаноўка і дапамагае камандзе стаць пераможцай многіх раённых спаборніцтваў гульні вясёлых і знаходлівых.

Без справы настаўніцу цяжка застаць. Старшыя вучні дамаўляюцца аб падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, з малодшымі трэба папрацаваць над задачамі, перакласці матэрыял даследавання на англійскую мову ў часопіс “Студэнцкі мерыдыян”. А нядаўна Ларыса Анатольеўна падрыхтавалася да правядзення чарговага абласнога дыстанцыйнага майстар-класа “Выкарыстанне ўнутрыпрадметных і міждысцыплінарных сувязей з прадметамі прыродазнаўчанавуковага цыкла пры арганізацыі даследчай дзейнасці па фізіцы”.

Вопытам сваёй шматгадовай дзейнасці Ларыса Анатольеўна дзеліцца з калегамі на семінарах і канферэнцыях. Але ж куды важней поспехі яе вучняў, якія прымушаюць настаўніцу адчуваць гордасць.

Марыя КОЎШЫК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.