Фізіка для кожнага

- 10:45Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Што дазваляе зацікавіць школьнікаў фізікай, як знайсці падыход да кожнага дзіцяці і калі двойка носіць стымулюючы характар, ведае настаўніца фізікі сярэдняй школы № 9 Г.М.Халасцякова Баранавіч Брэсцкай вобласці Алена Іванаўна СТУПЧЫК. 

Пра выбар прафесіі

— З дзяцінства марыла аб настаўніцкай прафесіі. Яшчэ ў пачатковых класах з сябрамі гуляла ў школу: выклікала іх да дошкі, правярала сшыткі, выстаўляла адзнакі. Дзякуючы сваёй настаўніцы фізікі Тамары Барысаўне Кашчыц, усвядомлена выбрала прадмет. Звычайна так і бывае, вучні спачатку праяўляюць цікавасць да настаўніка, а потым ужо да прадмета. Для мяне мой педагог стаў прыкладам таго, як можна даступна і зразумела патлумачыць дзецям сур’ёзны матэрыял, як якасна арганізаваць работу на ўроку. Гэты чалавек зняў страх цяжкага прадмета, і фізіка стала зразумелай і блізкай. 

Мой педагагічны стаж складае 22 гады, чацвёрты год я працую ў баранавіцкай сярэдняй школе № 9. Работа па-ранейшаму прыцягвае найперш тым, што, навучаючы школьнікаў, ты вучышся сам.

Няўпэўненасць у сабе часам перашкаджае настаўніку, і трэба прыслухацца да сябе і свайго вопыту, каб працаваць далей. І вось тут неабходна падтрымка калег, адміністрацыі, родных. Я ўдзячна за тыя ўмовы, якія створаны ў нашай школе: цябе чуюць, дапамагаюць, заўсёды ідуць насустрач. Для настаўніка гэта важна. 

Пра прынцыпы работы

— Самае галоўнае ў маёй педагагічнай дзейнасці — наву­чыць дзяцей вучыцца: калі яны навучацца здабываць веды, то змо­гуць прымяняць іх на практыцы. Для мяне важна, каб вучань зразумеў пэўнае паняцце, азначэнне, прапусціў яго праз сябе, змог узна­віць матэрыял сваімі словамі на даступнай яму мове, а не за­зуб­рыў. 

Імкнуся дапамагчы кожнаму дзіцяці на канкрэтным этапе дасягнуць максімальнага ўзроўню развіцця, даступнага для яго. У гэтым мне дапамагае вопыт, набыты падчас работы ў розных установах, у тым ліку і з дзецьмі, якія адчувалі цяжкасці ў навучанні. Адбіраю формы і метады работы згодна з той мэтай, якая пастаўлена, і праламляю ўсё тое, што ведаю, праз кожнае дзіця. 

Пераканана, што дыферэнцыраваны падыход дазваляе атрымаць станоўчы вынік. Усе вучні розныя і ўспрымаюць нас, педагогаў, па-рознаму: хтосьці саромеецца запытацца, хтосьці гаворыць адкрыта, і калі ты выбудаваў даверлівыя адносіны з дзіцем — яно чуе цябе, а ты — яго, то пазбаўляешся і пазбаўляеш выхаванца стрэсавай сітуацыі.

Паколькі спецыфіка нашай школы прадугледжвае работу з класамі ваенна-патрыятычнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці, а таксама з профільнымі фізіка-матэматычнымі класамі, то спачатку высвятляю ўзровень пад­рыхтаванасці навучэнцаў. Яны пішуць самастойную работу, працуюць у групах і парах, вусна перадаюць змест пэўнага матэрыя­лу. У залежнасці ад вынікаў праверкі ажыццяўляю дыферэнцыяцыю ў аб’ёме заданняў, у іх узроўні. У профільных класах на дапамогу прыходзяць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. На платформе дыстанцыйнага навучання Moodle размяшчаю заданні для выканання школьнікамі (як тэарэтычныя, так і тэставыя). Тыя вучні, якія прапускаюць заняткі па хваробе, у сувязі са спаборніцтвамі ці зборамі, маюць магчымасць працаваць самастойна ў зручны для іх час. 

Пра новыя тэхналогіі

— У сучасных умовах жыцця звыклыя метады і сродкі навучання не спрацоўваюць або недастаткова эфектыўныя. У сувязі з гэтым стараюся быць у курсе сучасных змяненняў у адукацыі з мэтай паляпшэння яе якасці. У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю сэр­вісы Google. Так, з дапамогай Google-прэзентацыі можна ствараць выдатныя калектыўныя праек­ты, выкарыстоўваючы гэтую тэхналогію не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. Выкарыстанне Googlе-прэзентацый дазваляе стымуляваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў і павышае матывацыю да навучання. І як вынік, узрастае эфектыўнасць самастойнай работы школьнікаў. А за кошт дыферэнцыяцыі працэсу навучання, рацыянальнага спалучэння калектыўнай формы работы з індывідуальным падыходам у навучанні развіваецца ўменне ўдзельнічаць у рабоце групы.

Google-формы дазваля­юць з лёгкасцю правесці апытанне або праверыць веды навучэнцаў, стварыўшы тэставае заданне. Гэта зручная форма для арганізацыі хуткай зваротнай сувязі.

QR-кадзіраванне таксама прымяняю. Напрыклад, кадзіраванне заданняў для групавой або індывідуальнай работы, спасылкі на мультымедыйныя крыніцы і рэсурсы, якія змяшчаюць дадатковую інфармацыю па пэўнай тэме, і інш. QR-коды могуць быць выкарыстаны для арганізацыі квестаў, віктарын і самастойных работ. Гэта дапамагае не толькі замацаваць і паглыбіць прадметныя веды навучэнцаў, але і павысіць вучэбную матывацыю ў сферы асваення новых камунікацыйных тэхналогій.

Эфектыўным з’яўляецца і выкарыстанне адукацыйнай платформы Effor.by. Яна дазваляе ліквідаваць адставанне навучэнцаў праз тэхналогію выяўлення і ліквідацыі недахопаў у іх ведах, заснаваную на ўзгодненым выкарыстанні адукацыйнай платформы і камплектаў мабільных дадаткаў для настаўніка, вучняў і іх бацькоў, што забяспечвае актыўную работу кожнага навучэнца не толькі на ўроках, але і дома. Часцей за ўсё адукацыйная платформа выкарыстоўваецца на стымулюючых і падтрымліваючых занятках з навучэнцамі, якія маюць часовыя цяжкасці ў вывучэнні прадмета, пры дыферэнцыяцыі дамашняга задання. У выніку выкарыстання адукацыйнай платформы Effor.by якасць навучання школьнікаў павысілася за кошт арганізацыі больш эфектыўнай самастойнай работы.

Пра мабільныя тэлефоны

— На ўроках фізікі гаджэты павінны быць або сродкам для здабывання ведаў, альбо інструментам. Але тут абавязкова трэба гаварыць аб інфармацыйнай бяспецы, каб вучні правільна і з сэнсам выкарыстоўвалі тое, што бяруць з інтэрнэту. З дапамогай мабільных тэлефонаў на ўроку і нават у пазакласнай дзейнасці, праводзячы рознага роду мерапрыемствы (прадметныя тыдні, адкрытыя ўрокі), арганізоўваю квесты, віктарыны, пры гэтым выкарыстоўваю мабільныя дадаткі, QR-коды. Ра­зам з вучнямі мы заходзім у віртуальную лабараторыю, бо не ўсе доследы можам прадэманстраваць у кабінеце. Дарэчы, зараз многія УВА адкрылі доступ да сваіх віртуальных лабараторый і мы можам узяць
там пэўную інфармацыю. У профільных класах выкарыстоўваем мабільны дадатак да падручніка. Дзеці могуць здымаць дамашнія эксперыменты з дапамогай мабільнага тэлефона, напісаць тлумачэнне ўбачанага і даслаць мне. 

Пра паспяховы ўрок

— У чым перадумова паспяховага ўрока? Урок павінен быць эфектыўным. Ён не павінен быць паказушным, урокам дзеля ўрока. А эфектыўны ўрок можна распрацаваць, калі настаўнік дакладна ведае, чаго вучні на ім павінны дасягнуць: правільна сфармуляваць мэты, прычым дасягальныя вучнем, стварыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, калі дзеці могуць раскрыцца, калі яны ра­зумеюць свае задачы і крытэрыі ацэньвання.

Дыферэнцыраваны падыход дазваляе атрымаць станоўчы вынік. Усе вучні розныя і ўспрымаюць нас, педагогаў, па-рознаму: хтосьці саромеецца запытацца, хтосьці гаворыць адкрыта, і калі ты выбудаваў даверлівыя адносіны з дзіцем — яно чуе цябе, а ты — яго, то пазбаўляешся і пазбаўляеш выхаванца стрэсавай сітуацыі. 

Пра адзнакі

— Вучні ведаюць, што я шчодрая на адзнакі. Напрыклад, у мяне можна атрымаць дзясятку, калі школьнікі правядуць дамашняе даследаванне, паставяць пэўны эксперымент і, самае важнае, дадуць тлумачэнне таго, што назіралі. Гэта іх матывуе да вывучэння фізікі, прадмет становіцца цікавым і больш зразумелым. Дзясятку вучні могуць атрымаць таксама ў тым выпадку, калі справіліся з пэўным матэрыялам самі і патлумачылі яго свайму таварышу. Гэта актуальна на тым этапе, калі дзіця саромеецца штосьці запытацца ў настаўніка, але ў свайго аднакласніка можа спытаць. 

Калі-нікалі мае навучэнцы атрымліваюць і двойкі, якія, як правіла, носяць стымулюючы характар. Вучні ведаюць, што калі стаіць двойка, то трэба папрацаваць, каб выправіць яе. Звычайна індывідуальны падыход паказвае: каму варта на словах ацаніць работу, а каму паставіць двойку.

У свой час я вельмі захапілася актыўнай ацэнкай. Прайшла дыстанцыйныя курсы, наведала не адзін семінар у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, пабывала на фестывалі педагагічных ідэй, і гэтая любоў да актыўнай ацэнкі дазволіла перабудаваць маю работу. Я стала мяняцца сама. Пасля чаго заўважыла змяненні ў дзецях. Гэта для мяне было вялікім адкрыццём.

Пра матывацыю 

— Навукова-даследчая дзейнасць — гэта той напрамак, які ўлюбляе ў прадмет і дапамагае яго зразумець. Мы не толькі павінны вучыць школьнікаў формулам і азначэнням, а павінны прывіць цікавасць штосьці рабіць рукамі, назіраць і ўмець патлумачыць. У нас у школе створана навуковая суполка навучэнцаў. У межах яе дзейнасці мы рыхтуем даследчыя работы і ўдзельнічаем у навукова-практычных канферэн­цыях. І даволі паспяхова. Летась Артур Піліпёнак распрацаваў ма­дэль-­прататып калайдара. На гарадской навукова-практычнай канферэнцыі яго работа “Стварэнне і даследаванне электрамагнітнага паскаральніка” была адзначана дыпломам ІІ ступені, а на рэспубліцы — пахвальным водзывам. Сёлета дзесяцікласнік Кірыл Аленічаў вывучаў гукавыя хвалі. Работа хлопца “Даследаванне ўмоў фарміравання фігур Хладні” была адзначана на гарадской НПК дыпломам ІІ ступені.

Пра планы

— Чакаю лета і вельмі хачу трапіць у Альхоўку да Мікалая Іванавіча Запрудскага. Зносіны, падтрымка калег, творчая атмасфера — гэта тое, чаго не хапае ў нашых буднях. Планую рэалізаваць яшчэ адзін праект — на базе ўстановы ў прышкольным лагеры адкрыць атрад “Юны фізік” для вучняў 5—6 кла­саў. Добра разумею, што мне неабходна расціць змену для профільных класаў і зацікавіць дзяцей фізікай з ранняга ўзросту. А 5—6 клас — гэта той узрост, калі вучні праяўляюць цікавасць да фізічных з’яў і працэсаў. Была ідэя стварыць такі атрад у межах нашай навуковай суполкі, але яна не рэалізавалася. І глабальная мара — я стала фізікам па прыкладзе свайго педагога, і мне было б прыемна, каб у мяне з’явіліся прадаўжальнікі, якія б выбралі прафесію настаўніка фізікі. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.