Фізіка — гэта асаблівая паэзія і сэнс

Таленавіты вучоны з сусветным іменем, аўтар мноства навуковых кніг, публікацый і вынаходак, выдатны педагог — інтэлігентны, тактоўны, з абаяльнай усмешкай і тонкім пачуццём гумару. Менавіта такім ведаюць калегі і студэнты Віктара Антонавіча Гальдадэ, доктара тэхнічных навук, прафесара кафедры радыёфізікі і электронікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. У свае 70 гадоў яму ёсць што прыгадаць і ёсць з чым жыць далей…

— Віктар Антонавіч, чаканае пытанне: чаму менавіта фізіка?

— Мой выбар вызначыў час. У 60-я гады, калі я заканчваў школу, у грамадстве існавала саперніцтва паміж фізікамі і лірыкамі. Мне падабаліся матэматыка і фізіка, дзе я бачыў асаблівую паэзію і сэнс. Паступіў на факультэт радыёэлектронікі Ленінградскага політэхнічнага інстытута. Так пачалася вучоба, а пасля — вялікая навука.

— Бацькі благаславілі вас на шляху ў прафесію?

— Шмат у чым яны паўплывалі на мой выбар. Я вырас у сям’і настаўнікаў. Бацька — педагог па адукацыі, але будаўнік у душы — марыў бачыць будаўніком і свайго сына. Разам з ім мы будавалі наш дом, я на той час вучыўся ў старшых класах і дапамагаў па меры сіл і магчымасцей. Мне падабалася бачыць, як стараннямі нашых рук расце сямейнае гняздо. Цяпер магу смела прызнацца: калі б не фізіка, стаў бы будаўніком!

Азіраючыся назад, у мінулае, ясна ўсведамляю шчырасць бацькоўскага благаславення: фізіка стала лёсам, абудзіла ўва мне вучонага і нават падарыла сапраўднае каханне. Са сваёй будучай жонкай Святланай мы пазнаёміліся на першым курсе інстытута. З таго часу не расставаліся.

— Вы ўжо амаль паўстагоддзя разам?!

— Менавіта так. Часта ўспамінаем сябе маладымі, бестурботнымі, гарэзлівымі. Нават заяву ў ЗАГС падалі нестандартна: знаходзячыся ў студэнцкім будаўнічым атрадзе ў Чэхаславакіі, пісьмом адправілі афіцыйныя паперы ў Палац шлюбу. А далей усё як у людзей: ажаніліся, пераехалі ў Гомель — на радзіму жонкі, нарадзіўся сын Антон.

Дарэчы, ён пайшоў па маіх слядах: скончыў той жа факультэт у Ленінградскім палітэху, стаў фізікам, абараніў дысертацыю ва ўніверсітэце Агая (ЗША). Цяпер працуе ў Крэмніевай даліне. Вялікае задавальненне мы атрымліваем і ад зносін з унучкай Машай, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу.

— Атрымліваецца, ваша сям’я раз’ехалася па свеце? А як жа цёплыя сямейныя вечары?

— Мы актыўна карыстаемся выгодамі цывілізацыі. Так, ужо ўвайшло ў традыцыю сустракаць Новы год у Skype. У нас з унучкай ён надыходзіць адначасова, а ў сына — з дзесяцігадзінным спазненнем. Збіраемся ля камп’ютараў, кожны — за сваім святочным сталом, і роўна апоўначы гучыць звон бакалаў у трох дзяржавах па абодва бакі акіяна. А потым гэтак жа ўсе разам сустракаем Новы год па часе Каліфорніі. Бываем у гасцях у сына і ўнучкі, яны таксама прыязджаюць да нас. Усё гэта дазваляе нам захаваць нашу сям’ю, быць патрэбнымі адно аднаму. Хаця, вядома, хацелася б, каб сын і ўнучка былі бліжэй.

— Ваш калега — былы рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны прафесар Аляксандр Рагачоў — адгукаўся пра вас як пра выдатнага сябра…

— Прыемна чуць гэтыя словы ад Аляксандра Уладзіміравіча, якога я вельмі цаню як вучонага і кіраўніка. Падумаць толькі: мы ведаем адзін аднаго ўжо больш за сорак гадоў! На самай справе жыццё пазнаёміла мяне з многімі добрымі людзьмі. Расія, Украіна, Латвія, Карэя, Амерыка, Германія, Грэцыя, Польшча — усюды ёсць сябры, калегі, вучні. Штодня па электроннай пошце мне прыходзяць дзясяткі лістоў, і гэта вельмі кранае, радуе, стымулюе. І фізіку ўласціва лірыка, калі гаворка ідзе пра адносіны з людзьмі.

— А ці ўласцівы фізіку дух авантурызму?

— Думаю, так ці інакш ён уласцівы любому мужчыну. Але я не прыхільнік рызыкоўных і сумніўных спраў. І ніколі не разлічваў на выпадковы поспех. Мой авантурызм — гэта прыгоды ў маладосці, калі я сур’ёзна захапляўся водным турызмам. Разам з сябрамі на байдарках мы прайшлі многа парожыстых рэк, пабывалі на Нарачы, Селігеры, Браслаўскіх азёрах. Адпачынак на маляўнічых берагах, азартная рыбалка, начныя зборы ля вогнішча — рамантыка тых гадоў назаўсёды застанецца ў памяці.

Уявіце толькі: бязлюдная выспа Хачын на Селігеры, намёт, вогнішча, на патэльні смажацца толькі што вылаўленыя вугры, у вуголлі пячэцца бульба, у катле кіпяць свежыя лясныя грыбы — лісічкі, баравікі. Шчодра заправіш стравы алеем, пасыплеш духмяным кропам… Такіх далікатэсаў не пададуць ні ў адным рэстаране!

— Віктар Антонавіч, як вы, такі гурман, захоўваеце выдатную фізічную форму? Многія маладыя хлопцы пазайздросцяць вашай бадзёрасці і энергічнасці…

— Асаблівых сакрэтаў няма. Любоў да спорту ў мяне з дзяцінства. У юнацкія гады шмат бегаў, плаваў, гуляў у баскетбол, футбол, настольны тэніс, катаўся на лыжах і каньках. Ды і захапленне турызмам адыграла не апошнюю ролю. Цяпер стараюся падтрымліваць фізічную форму: два разы на тыдзень наведваю басейн. Сапраўднае задавальненне прыносяць і штодзённыя ранішнія прагулкі: у мяне ёсць некалькі маршрутаў па ціхіх гомельскіх вулачках працягласцю ад адной да паўтара гадзін.

— Што яшчэ ўваходзіць у сферу вашых інтарэсаў?

— Я заўзятар, прыхільнік вялікага спорту, асабліва тэніса і біятлона. З задавальненнем хварэю за нашых хакеістаў, футбалістаў, баскетбалістаў, калі яны ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах. Ёсць звычка чытаць добрыя кнігі. Наша сямейная гордасць — багатая бібліятэка, збор твораў класікаў, сучаснай літаратуры. Асаблівую прыхільнасць маю да вострасюжэтных раманаў Артура Хейлі і юрыдычных трылераў Джона Грышама. Дарэчы, новыя выданні Грышама я замовіў унучцы ў якасці падарунка да свайго 70-годдзя.

— Віктар Антонавіч, ці можаце вы назваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам?

— Мабыць, так. Усё жыццё я займаўся любімай справай і ішоў да сваёй мары. Ці змяніў бы я свой лёс? Напэўна, не.

Гутарыла Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *