Фізіка — навука жывая

У абласным этапе алімпіяды па 18 вучэбных прадметах на Гомельшчыне сёлета ўдзел прыняў 1041 навучэнец. З іх 460 атрымалі дыпломы.

Пляцоўкамі для правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў былі абраны ўстановы адукацыі абласнога цэнтра, а таксама Жлобіна, дзе сабраліся школьнікі, каб паказаць сваё майстэрства па прадмеце “Працоўнае навучанне”. Практычныя туры па інфарматыцы, біялогіі, хіміі традыцыйна прайшлі на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. А ацэньвала веды юнакоў і дзяўчат журы, у склад якога ўвайшло звыш 140 выкладчыкаў устаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі вобласці.

Ужо колькі гадоў запар найбольшую цікавасць у навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці нязменна выклікаюць такія прадметы, як матэматыка, руская і беларуская мовы і літаратуры. Самым шматлікім прадметам па колькасці ўдзельнікаў у гэтым годзе была матэматыка, тут за пераможныя месцы змагаліся 128 навучэнцаў 10—11 класаў. Свае веды па рускай і беларускай мовах і літаратурах дэманстравалі 97 і 94 чалавекі адпаведна.

Найбольшая колькасць перамог — у навучэнцаў Савецкага раёна Гомеля (дыпломамі ўзнагароджаны 73 чалавекі), а таксама Жлобінскага раёна і Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе дыпламантамі сталі 52 і 49 юнакоў і дзяўчат адпаведна. Варта адзначыць, што ў мінулым годзе Савецкі раён абласнога цэнтра і Жлобінскі раён таксама былі ў лідарах, і калі сёлета па колькасці пераможцаў першыя крышачку адсталі, то вучні жлобінскіх устаноў адукацыі дабавілі цэлых пяць дыпломаў.

Добрую падрыхтоўку паказалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Мазырскага і Рэчыцкага раёнаў, якія ўвайшлі ў пяцёрку лідараў, а таксама Чыгуначнага раёна Гомеля. Высокіх вынікаў дабіліся навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля — у іх скарбонцы 40 дыпломаў па розных прадметах, пры гэтым сваё лідарства гімназісты трымаюць ужо не першы год. Якраз гэтая ўстанова нязменна выводзіць Савецкі раён абласнога цэнтра на першае месца. На другім месцы — навучэнцы Гомельскага гарадскога ліцэя № 1, якія ўзялі на сёлетніх інтэлектуальных спаборніцтвах 20 дыпломаў. За імі, зноў жа не першы год на гэтай пазіцыі, знаўцы гімназіі Светлагорска — 18 дыпломаў. Далей па колькасці дыпламантаў можна адзначыць Рэчыцкую гімназію і сярэднюю школу № 13 Жлобіна — 17 і 16 дыпломаў адпаведна.

Неабходна сказаць, што назіраецца відавочны прарыў гімназій і ліцэяў. Павелічэнне працэнта дыпламантаў з ліку навучэнцаў гэтых устаноў адзначалася яшчэ ў мінулым годзе, у 2019 тэндэнцыя захавалася. З 460 дыпломаў рознай ступені — 264 менавіта ў гімназістаў і ліцэістаў.

Сапраўдную радасць і павагу выклікаюць навучэнцы вясковых школ, якія не толькі прынялі ўдзел у алімпіядзе па прадметах, але і сталі пераможцамі ў сур’ёзным інтэлектуальным спаборніцтве. Сёлета ў ліку дыпламантаў 21 вучань з 18 устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Даволі вялікая цікавасць у навучэнцаў Гомельшчыны да фізікі. У абласным этапе алімпіяды па гэтым прадмеце прынялі ўдзел 64 чалавекі. Дзяўчынак сярод іх усяго чатыры, таму гэты прадмет жартаўліва называюць хлапчуковым. Затое ў дзвюх дзяўчат дыпломы ІІІ ступені.

Традыцыйна алімпіяда па фізіцы праходзіць у сценах гомельскай гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага. І ў гэтым, дарэчы, ёсць нешта сімвалічнае. Андрэй Андрэевіч, імя якога носіць установа, быў першым яе дырэктарам і выкладаў фізіку.

— У нашай гімназіі кабінет фізікі абсталяваны на высокім узроўні, ёсць амаль усе прыборы і рэчы, неабходныя для дасканалага вывучэння прадмета, — расказала намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Марына Лялікава. — Пры правядзенні абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды для практычнага тура па фізіцы наша ўстанова прадастаўляе 85 працэнтаў абсталявання.

Фізіка — навука жывая, так ці інакш кожны чалавек штодзень сутыкаецца з фізічнымі з’явамі. Па словах алімпіяднікаў, менавіта гэта захапляе іх, а далей, калі пачынаеш знаёміцца з прадметам глыбей, адкрываеш для сябе неверагодныя веды, і тады ўжо з галавой акунаешся ў свет гэтай навукі.

У дзень правядзення практычнага тура абласнога этапу алімпіяды па фізіцы ў шасці кабінетах гімназіі № 56 Гомеля вяліся сапраўдныя навуковыя доследы. Каб знайсці рашэнне задачы, недастаткова ведаць толькі тэорыю і формулы. Металічныя шары, электронныя прыборы для вымярэння розных велічынь, лінейкі, колбы, гарэлкі і яшчэ шмат іншага абсталявання, з якім юныя фізікі ўмела спраўляюцца. Калі паназіраць за аўдыторыяй, то можна заўважыць, наколькі розныя пачуцці ў навучэнцаў. Адны не могуць схаваць хваляванне, іншыя сабраныя і сканцэнтраваныя, з лёгкасцю выконваюць заданне. А ёсць і тыя, для якіх рашэнне складанай задачы нібыта цікавая сур’ёзная гульня: яны вымяраюць, параўноўваюць, з усмешкай круцяць галавой і пачынаюць рашаць нанова, пераправяраючы свае вынікі.

За гэтымі момантамі назіраюць таксама члены журы, сярод якіх, дарэчы, ёсць і былыя ўдзельнікі інтэлектуальных спаборніцтваў, пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, а сёння — студэнты і аспіранты. Напрыклад, Антон Шамына ў мінулым — трохразовы пераможца заключнага этапу алімпіяды па фізіцы, а сёння ўжо малодшы навуковы супрацоўнік факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржуніверсітэта. Ён ведае, што адчуваюць навучэнцы падчас рашэння алімпіядных заданняў.

— Спачатку ёсць страх, бо ты разумееш, што спаборнічаеш з тымі, хто не толькі добра ведае фізіку, але, магчыма, мацнейшы за цябе, — успамінае свае пачуцці Антон Аляксандравіч. — Потым страх праходзіць, з’яўляецца ўжо не толькі цікавасць, але і сапраўдны азарт.

Праўда, як прызнаецца Антон Шамына, з азартам неабходна быць асцярожным, бо ён можа не толькі дапамагчы сканцэнтравацца, але і, наадварот, збіць усе думкі. А сённяшнім удзельнікам спаборніцтва былы алімпіяднік раіць вучыцца не толькі ў выкладчыкаў і трэнераў, але і ў сваіх сапернікаў.

Калі казаць пра вынікі навучэнцаў Гомельшчыны ў алімпіядзе па фізіцы, то яны даволі высокія. Кожны раз юныя фізікі вобласці прывозяць дыпломы пераможцаў з рэспубліканскага этапу алімпіяды. Ёсць у гамяльчан перамогі і на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы.

Сёлета сярод шчасліўчыкаў-пераможцаў тыя, хто ўжо не першы год спрабуе свае сілы ў алімпіядным руху, і тыя, хто вырашыў прыняць удзел у інтэлектуальным спаборніцтве па фізіцы ўпершыню.

Сярод навучэнцаў 9-х класаў дыпломы І ступені — у Максіма Халамава з сярэдняй школы № 72 Гомеля і Аляксандра Каперцехава з сярэдняй школы № 61 Гомеля. Сярод навучэнцаў 10-х класаў дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Арцём Жалезнякоў з Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 і Аляксей Даніленка са светлагорскай гімназіі. Сярод навучэнцаў 11-х класаў дыпломы І ступені атрымалі Антон Балашоў і Павел Рафееў з гімназіі № 14 Гомеля.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.