Фізіка поспеху

- 14:59Адукацыйная прастора

Гісторыя педагагічнага станаўлення Аляксандра Цярэнцьевіча Каранюка яшчэ раз пераконвае ў сіле ўздзеяння асобы настаўніка на вучня. У педагогіцы Аляксандр Цярэнцьевіч ужо 27 гадоў. Некалі, у 9 класе звычайнай вясковай школы, да іх у клас прыйшоў новы настаўнік фізікі, які разгледзеў у юнаку здольнасці да свайго прадмета. Цяпер, з’яўляючыся настаўнікам фізікі гімназіі № 1 Барысава, Аляксандр Цярэнцьевіч сам пільна прыглядаецца да кожнага свайго вучня.

“Мне заўсёды падабалася тэхніка, усё тое, што круціцца. А потым да нас прыйшоў настаўнік Юрый Пятровіч Хамянкоў, які адразу заўважыў, што я кемлівы. У выніку, ездзіў на раённыя (і перамагаў), абласныя алімпіяды”, — успамінаў сваю матывацыю сур’ёзна заняцца фізікай Аляксандр Цярэнцьевіч. Пасля былі думкі заглыбіцца ў навуку, вывучаць, даследаваць пэўныя фізічныя з’явы або развівацца ў галіне інжынерыі, але лёс вывеў на педагагічны шлях, аб чым настаўнік не шкадуе.

Быць настаўнікам фізікі — гэта драйв. Педагог прызнаўся, што яму вельмі падабаецца працаваць у цэйтноце. “Такое не павінна падабацца, але я люблю, калі не хапае 45 мінут урока. Калі разам з дзецьмі працуеш настолькі захоплена, што не зважаеш на час. Кожны раз столькі ўсяго хочацца расказаць і паказаць! Гэта, канечне, вымотвае, але працаваць у такім тэмпе — асалода”, — адзначыў Аляксандр Цярэнцьевіч.

А калі за партамі сядзяць здольныя да фізікі дзеці, высокаматываваныя, то гэта яшчэ больш стымулюе настаўніка, прымушае ўвесь час самаўдасканальвацца і развівацца. Як адзначаюць яго калегі, за час работы зарэкамендаваў сябе творчым, кампетэнтным настаўнікам, які здольны якасна ажыццяўляць адукацыйны працэс, матываваць навучэнцаў на ўдзел у інтэлектуальных і развіццёвых конкурсах і спаборніцтвах.

“Значную ўвагу Аляксандр Цярэнцьевіч удзя­ляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Педагог валодае методыкамі развіцця творчага мыслення, актыўна садзейнічае далучэнню вучняў да самастойнай пазнавальнай дзейнасці. Вынікам педагагічнай дзейнасці настаўніка з’яўляюцца высокія дасягненні яго навучэнцаў, якія штогод становяцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў, рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, міжнародных конкурсаў.

У 2018/2019 навучальным годзе вучні А.Ц.Каранюка заваявалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, дыплом І ступені заключнага этапу, дыплом ІІ ступені і сярэбраны медаль Міжнароднай алімпіяды па эксперыментальнай фізіцы (IEPHO-2018), дыплом І ступені вочна-завочнай алімпіяды “Фізтэх”, дыплом ІІ ступені на зборах для пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды падчас падрыхтоўкі каманд Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах у НДЦ “Зубраня”.

Акрамя таго, у 2019/2020 навучальным го­дзе вучні Аляксандра Цярэнцьевіча адзначаны двума дыпломамі І ступені і двума дыпломамі ІІ ступені трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, дыпломам ІІІ ступені па астраноміі.

Усяго з 2008 года яго навучэнцы заваявалі 25 дыпломаў трэцяга этапу, а таксама 7 дыпломаў і 1 пахвальны водзыў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі. Педагог актыўна ўдзельнічае ў раённых мера­прыемствах па абмене вопытам. У калектыве ён, безумоўна, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай”, — расказала дырэктар гімназіі № 1 Барысава Наталля Васільеўна Сівірэнцава.

“Фізіка вельмі цікавая і шырокая навука. Тое, што мы вывучаем у школе, — класічная фізіка, але яна не губляе сваёй актуальнасці. Канечне, мы сочым за ўсім новым, напрыклад тым, што з’яўляецца з пашырэннем мабільнай сувязі (спадарожнікі, навігацыя). Натхненне і новыя веды бяру з навуковай літаратуры. Люблю пачытаць часопісы “Навука і жыццё”, “Фокус” (дарэчы, гэта беларускае выданне, але вельмі прыстойнае).

Акрамя таго, цяпер ёсць вельмі шмат фізікаў-блогераў (былыя алімпіяднікі, студэнты фізічных факультэтаў), якія пра складаныя фізічныя з’явы расказваюць проста і даходліва”, — падзяліўся Аляксандр Цярэнцьевіч.

Першае, што развівае цікавасць да фізікі, — дэманстрацыя, доследы, эксперыменты, таму ў сваёй практыцы настаўнік вельмі шырока ўсё гэта выкарыстоўвае. Але ж без тэорыі фізіка не можа быць паўнавартаснай навукай. Насам­рэч менавіта акадэмічныя веды могуць зрабіць фізічны эксперымент зразумелым, таму тэарэтычныя веды для настаўніка — аснова. “І калі вы недзе “плывяце”, то рызыкуеце загубіць любы добры эксперымент. Ды і дзеці адразу адчуваюць, што вы не валодаеце пытаннем”, — зазначыў настаўнік.

А яшчэ ёсць вучні-правакатары. Думаю, многія з такімі сутыкаліся і сутыкаюцца, але Аляксандр Цярэнцьевіч любіць такіх дзяцей. Яны ж, як правіла, задаюць пытанне не проста так, а загадзя падрыхтаваўшыся. “Мне вельмі падабаюцца такія правакацыі. А калі іх удаецца класна “разруліць” і дапоўніць, то гэта проста выдатна!” — заўважыў педагог.

Разам з тым у фізіцы ёсць тэмы, якія прымушаюць сур’ёзна засяродзіцца. Найперш, гэта тыя, якія перагружаны матэматыкай, дзе даво­дзіцца думаць абстрактна, а з уяўленнем у цяперашніх дзяцей узнікаюць праблемы. “Узяць, напрыклад, тэорыю Эйнштэйна. Яна празмерна складаная. У часы Эйнштэйна ставілі толькі разумовыя эксперыменты, а сучасны этап развіцця тэхнікі дазваляе ставіць рэальныя эксперыменты. Усе мы карыстаемся навігацыяй, але без тэорыі Эйнштэйна навігатар не працаваў бы. І калі я гэта тлумачу, то ў вучняў адразу загараецца агеньчык цікавасці ў вачах”, — адзначыў Аляксандр Цярэнцьевіч.

Самай простай аптычнай прыладай, здольнай ствараць выяву прадмета, з’яўляецца плоскае люстэрка. Выява прадмета, якая даецца плоскім люстэркам, фарміруецца за кошт прамянёў, адлюстраваных ад люстраной паверхні. І Аляксандр Цярэнцьевіч — гэта тое люстэрка, прамянямі якога фарміруецца цікавасць да фізікі ўсіх яго вучняў. Вось такая фізіка поспеху.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.