Фізіка праз прызму творчасці

У БДУІР завяршыўся 7-ы сезон студэнцкага конкурсу творчых праектаў “Эўрыстыка ў фізіцы”. На працягу веснавога семестра студэнты вывучалі гэтую няпростую навуку, каб творча і даступна патлумачыць яе ў сваіх відэароліках.

Ія Ташлыкова-Бушкевіч.

Аўтар і навуковы кіраўнік праекта “Эўрыстыка ў фізіцы” — дацэнт кафедры фізікі БДУІР Ія Ташлыкова-Бушкевіч. Працуючы са студэнтамі-айцішнікамі (а гэта найперш матэматыкі), яна марыла захапіць іх сваёй навукай, паказаць ім прыгажосць фізікі. Вясной 2018 года Ія Ігараўна прапанавала першакурснікам паўдзельнічаць у конкурсе відэаролікаў, дзе можна паказаць і патлумачыць эфектныя фізічныя доследы і эксперыменты. Першы вопыт спадабаўся ўсім — і выкладчыку, і студэнтам. І вось праект адолеў 7-ы сезон, няспынна развіваючыся і прырастаючы новымі сэнсамі.

Сёння праект развіваецца па двух асноўных напрамках.

Першы — навука. Ія Ташлыкова-Бушкевіч актыўна ўцягвае студэнтаў у навукова-даследчую дзейнасць. У рамках праекта створана навуковая група з паглыбленым вывучэннем раздзелаў агульнай фізікі (фізіка-матэматычнае мадэляванне, рэнтгенаструктурныя даследаванні, а таксама нанаструктурныя даследаванні метадамі электроннай і зондавай мікраскапіі). Як вынік, за 2020/2021 навучальны год студэнты апублікавалі 10 дакладаў на трох студэнцкіх і чатырох міжнародных канферэнцыях у Беларусі і Расіі (40 студэнтаў-суаўтараў). Ужо ў 2021 годзе 4 студэнты-дакладчыкі ўзнагароджаны дыпломам II ступені (ГрДУ імя Янкі Купалы), 2 — ганаровымі граматамі і яшчэ 2 — граматамі БДУІР. Відэа чатырох студэнцкіх дакладаў выкладзены на канале праекта.

Другі напрамак — конкурс студэнцкіх творчых праектаў па фізіцы, які право­дзіцца пад дэвізам “Зрабі сам — тады зразумееш!” У 7-м сезоне для гэтага конкурсу зроблена 17 праектаў з удзе­лам 77 студэнтаў. Іх можна паглядзець на YouTube-канале “Эвристика в физике”. Акрамя таго, дадаткова створаны 51 ролік, уключаючы тызеры, візітоўкі і анонсы творчых праектаў.

Конкурс доўжыўся цэлы семестр. Студэнты прызнаюцца, што, каб атрымаць дастойны вынік, ім даводзілася аддавацца рабоце штодня. Для барацьбы з пракрастынацыяй былі падрабязна прапісаны кожны этап і тэрміны выканання.

Паколькі ўдзельнікі конкурсу — студэнты розных факультэтаў і груп, Ія Ташлыкова-Бушкевіч кожны панядзелак праводзіла анлайн-лятучкі з куратарамі праектаў. Для эфектыўнай работы распрацавалі і ўкаранілі сістэму KPI (Key Performance Indicator), што дапамагала хутка ацэньваць поспехі на шляху да пастаўленых мэт.

— Лятучкі — гэта своеасаблівы разбор палётаў, — гаворыць Ія Ігараўна. — Дакументацыя лятучак абавязкова ўключала парадак дня і пратакол. Раней здавалася, што гэта лішнія, нікому не патрэбныя фармальнасці, але выявілася, што весці такія запісы вельмі карысна. Кожную лятучку мы пачыналі, аналізуючы, ці ўсё з мінулага пратакола зроблена.

Вясной на сайце БДУІР зрабілі старонку “Эўрыстыка ў фізіцы”. Аб поспехах праекта рэгулярна пішуць у газеце “Імпульс” БДУІР і на старонках міжуніверсітэцкага партала БДУ, які як хаб аб’ядноўвае тых, хто ўкараняе ў вучэбны працэс эўрыстычныя тэхналогіі.

Каб дабіцца высокай якасці работ, распрацавалі нават свае “ГОСТы” — тэхнічныя патрабаванні (параметры відэа­здымкаў, афармленне спіса выкарыстанай літаратуры і інш). Таксама ёсць крытэрыі, якія тычацца зместу: пад забаронай усё, што супярэчыць правілам бяспекі, у кадры не могуць дэманстравацца дрэнныя звычкі, трэба сачыць за культурай маўлення і г.д.

— Я ніколі не гавару студэнтам, хто і што павінен рабіць, — расказвае Ія Ташлыкова-Бушкевіч. — Проста агучваю задачы, а лідары самі вырашаюць, як найлепшым чынам іх размеркаваць. У кожнага ёсць сваё “мірнае” жыццё, і з гэтым таксама трэба лічыцца.

Студэнты пераканаліся, што сістэматызаваная работа не перашкаджае вучобе, наадварот — адкрываюцца цікавыя магчымасці для зносін і самаразвіцця. На працягу семестра многім студэнтам давялося асвоіць новыя сферы дзейнасці. Аб’яднаўшыся ў творчыя каманды, яны вучыліся  генерыраваць ідэі, задумваць, праводзіць і тлумачыць складаныя эксперыменты, будаваць рабочыя прыборы і здымаць пра гэта відэа­ролікі. Кожны маленькі фільм — гэта вялікая сумесная работа над сцэнарыем, рэжысурай, пошук адпаведнай музыкі, асваенне навыкаў здымак і мантажу, першы вопыт акцёр­скай дзейнасці і першыя інтэрв’ю для YouTube-аўдыторыі.

Па выніках сезона праводзіўся анлайн-конкурс студэнцкіх творчых праектаў. 17 каманд змагаліся за перамогу ў адной з пяці намінацый.

— Быў распрацаваны сайт для галасавання з сістэмай верыфікацыі, — расказвае студэнт Арцём Казак. — Каб не было накрутак галасоў, кожны, хто хацеў прагаласаваць за тую ці іншую работу, павінен быў зарэгістравацца ў сістэме. Ацэнкі верыфікаваных карыстальнікаў у выніку і вызначылі пераможцаў.

Для папулярызацыі студэнцкіх відэаролікаў у сацыяльных сетках яшчэ на пачатку сезона была створана медыягрупа. Студэнты-айцішнікі працуюць там капірайтарамі, дызайнерамі, піяршчыкамі. Ёсць таксама аддзел распрацоўкі, які развівае тэхнічны бок медыйнай работы.

— Мы хочам паказаць, што сацыяльныя сеткі могуць быць дзейсным адукацыйным інструментам, — гаворыць Ія Ігараўна. — Аналізуем узрост, пол падпісчыкаў, каментарыі, якія яны пакідаюць, і думаем, што цікавае можам ім расказаць.

Навошта гэта студэнтам?

Работа ў праекце “Эўрыстыка ў фізіцы” вымагае шмат часу і намаганняў, але студэнты вельмі высока ацэньваюць яго эфектыўнасць. Пытаюся, што яны набылі для сябе праз удзел у праекце?

Усе адказваюць, што набылі новых сяброў, новыя веды, асвоілі новыя праграмы для работы. Навучыліся ставіць нетрывіяльныя задачы і паспяхова, у тэрмін, вырашаць іх. Зразумелі, наколькі важна ўмець камунікаваць з людзьмі, планаваць час і выконваць работу ў кароткія тэрміны. Усе засвоілі, што такое дэдлайн і адказнасць перад сваёй камандай за агульны вынік.

Студэнтка Вераніка Пуха, галоўны куратар праекта, гаворыць: “Гэта рознабаковая работа. Пастаянна адкрываеш для сябе нешта новае, раскрываешся сам і даведваешся, што табе падабаецца, а што — не, што ты ў рэальнасці можаш зрабіць. Я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, і ў мяне разбурыўся стэрэатып наконт студэнтаў спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Раней мне здавалася, што гэта завучкі, якія думаюць толькі пра вучобу і камп’ютары, а яны аказаліся вельмі таварыскімі і цікавымі. Я навучылася аналізаваць задачы і размяркоўваць іх: кожны ў маёй камандзе выконваў тую работу, якую ведаў і ўмеў лепш за іншых”.

Зараз праект працуе на пашырэнне глядацкай аўдыторыі. Студэнты хочуць, каб пра іх ведалі за межамі ўніверсітэта і, магчыма, энтузіясты з іншых устаноў адукацыі маглі б запазычыць іх ідэі для сваіх праектаў.

Навошта гэта выкладчыку?

Скажу адразу: эўрыстыка — справа не для ўсіх. Трэба быць такім жа творчым чалавекам, як Ія Ташлыкова-Бушкевіч, каб запаліць і павесці за сабой моладзь. І трэба любіць фізіку, як яна, каб асваенне гэтай найскладанейшай навукі пачало прыносіць студэнтам сапраўднае задавальненне.

Работу над відэаролікам, улічваючы велізарны аб’ём тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі, можна параўнаць з работай над курсавым праектам. А ў Іі Ігараўны — 17 відэаролікаў за семестр (і да кожнага — тызер, візітоўка, анонс). Кожны яна асабіста адрэцэнзавала. Кожны з 77 студэнтаў-аўтараў быў пад яе пільнай апекай (а калі браць увогуле навучальны год, то гэта 145 студэнтаў і 33 творчыя праекты). Вядома, у Іі Ігараўны былі памочнікі: група студэнтаў — куратараў творчых праектаў (13 чалавек), з якімі даводзілася вельмі цесна працаваць, і медыягрупа (11 чалавек) для папулярызацыі студэнцкіх відэаролікаў у Instagram, ВК і Telegram. Выкладчык разам са студэнтамі асвойвала навыкі SMM —  прасоўвання ў сацыяльных сетках і курыравала гэтую работу на розных рэсурсах. Ну і нельга забываць пра навукова-даследчую групу (13 чалавек) — гэта студэнты, якія выбралі навуковыя даследаванні і якім асабліва патрэбна дапамога вопытнага навукоўца.

Усё гэта велізарная праца, якая па сілах толькі сапраўдным энтузіястам фізікі і педагогікі, праваднікам эўрыстычнага навучання.

— Курс лекцый па фізіцы пашырае веды студэнтаў пра свет. Яны даведваюцца, што ўяўляе сабой сучасная навука, — гаворыць Ія Ташлыкова-Бушкевіч. — Але мне хочацца, каб студэнты БДУІР пазналі фізіку з самага лепшага боку.

Навошта гэта ўніверсітэту?

Я назіраю за праектам “Эўрыстыка ў фізіцы” некалькі гадоў і бачу, як ён развіваецца і прырастае новымі сэнсамі. Калі спачатку стаяла мэта паказаць студэнтам прыгажосць фізікі, то цяпер яны пад кіраўніцтвам Іі Ташлыковай-Бушкевіч дэманструюць значны асобасны рост.

Сёння ўсё часцей гавораць пра неабходнасць фарміравання ў спецыялістаў soft skills — так званых гібкіх (мяккіх) навыкаў, важных у любой сучаснай прафесіі. Гэта ўменні працаваць у камандзе, вырашаць творчыя задачы, арганізоў­ваць сваю дзейнасць, здольнасць браць на сябе ролю лідара, сфарміраваная адказнасць, стрэсаўстойлівасць і інш. І калі класічную навуку можна вывучаць у аўдыторыях і бібліятэках, то згаданыя навыкі фарміруюцца толькі ў камандным узаемадзеянні, у творчым пошуку і агульных міждысцыплінарных праектах.

Для будучых айцішнікаў “Эўрыстыка ў фізіцы” — гэта каласальны вопыт. І выклік! Сёння гэтыя хлопцы і дзяўчаты даказалі, што яны не толькі моцныя ў камп’ютарах, але і гатовы быць сапраўднымі творцамі. Дапамагаючы і падбадзёрваючы адно аднаго, яны прайшлі шлях ад студэнтаў-адзіночак да маленькай, але згуртаванай каманды з разуменнем, што вельмі многае ім па плячы.

Ужо з 1 курса фарміруецца творчы патэнцыял універсітэта — студэнты, здольныя да стваральнай дзейнасці. Яны не баяцца новага, гатовы вучыцца гэтаму новаму і ўсту­паць у самыя складаныя праекты. Таму “Эўрыстыка ў фізіцы” — гэта не толькі і не столькі пра навуку, колькі пра асобасны рост кожнага ўдзельніка. А значыць, важнасць гэтага праекта немагчыма пераацаніць.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.