Фізіка стане для студэнтаў больш даступнай

- 13:22Якасць адукацыі

У беларускай вышэйшай школе з’явіўся выдатны падручнік па агульнай фізіцы, напісаны яснай і даступнай мовай, кампактны і вельмі добра ілюстраваны. Аўтар — дацэнт кафедры фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі кандыдат фізіка-матэматычных навук Ія Ігараўна Ташлыкава-Бушкевіч.

Дарэчы, гэта першы ў суверэннай Беларусі падручнік па агульнай фізіцы для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей, выдадзены з грыфам Міністэрства адукацыі. І перш чым трапіць ва ўніверсітэцкія бібліятэкі і крамы, ён прайшоў цікавы шлях.
У свой час ідэю напісання гэтага падручніка падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, які сустракаўся са стыпендыятамі і лаўрэатамі спецыяльных фондаў прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Тады, у 2005 годзе, Ія Ташлыкава-Бушкевіч расказала пра свае напрацоўкі і атрымала шчырае адабрэнне.
Ужо праз год пад яе аўтарствам выйшаў у свет вучэбны дапаможнік накладам 200 экзэмпляраў, які атрымаў добрыя водгукі ў асяроддзі выкладчыкаў фізікі. У 2010 годзе дапаможнік быў перавыдадзены ў прыватным выдавецтве “АСАР” накладам 1000 экзэмпляраў. Летась у выдавецтве “Вышэйшая школа” кніга ўжо выйшла як падручнік накладам 400 экзэмпляраў з датацыяй з бюджэту. А нядаўна ўсё тая ж “Вышэйшая школа” надрукавала 2-е выданне падручніка накладам 1000 экзэмпляраў за свой кошт, бо кніга аказалася вельмі запатрабаванай.
Сёння яе выкарыстоўваюць студэнты розных універсітэтаў у Мінску, Гомелі, Віцебску, Баранавічах, Магілёве і Брэсце. Гэта ў значнай ступені абумоўлена дэфіцытам вучэбнай літаратуры па фізіцы, узгодненай з дзеючымі вучэбнымі праграмамі. Ранейшыя класічныя падручнікі перагружаны неабавязковым для вывучэння матэрыялам і не адпавядаюць сучасным патрэбам універсітэтаў інжынерна-тэхнічнага профілю па змесце і аб’ёме раздзелаў курса. Але прычына поспеху падручніка Іі Ташлыкавай-Бушкевіч не толькі ў гэтым. Карыстальнікі ацанілі зручны, кампактны аб’ём выдання, лаканічнасць і канспектыўны характар выкладання, ясную мову і разнастайнасць ілюстрацый, што дапамагае студэнтам тэхнічных спецыяльнасцей лепш авалодваць асновамі курса агульнай фізікі.
Усе тлумачэнні даюцца аўтарам максімальна проста, таму падручнік можа выкарыстоўвацца не толькі на аўдыторных занятках пад кіраўніцтвам выкладчыка, але і для завочнага і дыстанцыйнага навучання, а таксама для самастойнай працы студэнтаў.
Падручнік складаецца з дзвюх частак. Першая частка — “Механіка. Малекулярная фізіка і тэрмадынаміка. Электрычнасць і магнетызм”. Другая — “Оптыка. Квантавая фізіка. Будова і фізічныя ўласцівасці рэчываў”. Такім чынам, падручнік адлюстроўвае ўсю праграму па агульнай фізіцы для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей першай ступені вышэйшай адукацыі і можа выкарыстоўвацца на працягу 1, 2 і 3 семестра.
Трэба заўважыць, што такі змястоўны падручнік з’явіўся ў многім дзякуючы таму, што аўтар не толькі выкладае фізіку, але яшчэ вельмі плённа займаецца навукай — выконвае даследаванні ў галіне вадароднага матэрыялазнаўства. Двойчы стажыравалася ў Японіі: стажыроўка Японскага таварыства садзейнічання развіццю навукі (JSPS) па лініі Праграмы доўгатэрміновых стажыровак (універсітэт Асакі, май — кастрычнік 2013 года), стажыроўка Міжнароднага фонду Матсумае (універсітэт Ібаракі, май — кастрычнік 2008 года). Удзельнічала ў двух сумесных навукова-даследчых праектах у Міжнароднай лабараторыі сінхроннага выпраменьвання “Элетра” (Elettra) у Італіі (кастрычнік 2012 года, кастрычнік 2014 года). Актыўна ўдзельнічае ў навуковых канферэнцыях у Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША, Японіі, Канадзе, Расіі. У навуковых даследаваннях супрацоўнічае з вучонымі Польшчы, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Японіі і Расіі.
У мінулым годзе Ія Ташлыкава-Бушкевіч як старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага фізічнага таварыства БДУІР прадстаўляла беларускіх жанчын-фізікаў на V Міжнароднай канферэнцыі “Жанчыны ў фізіцы” ICWIP-2014, арганізаванай у Канадзе Міжнародным аб’яднаннем тэарэтычнай і прыкладной фізікі IUPAP (ЗША). Тэма яе даклада на гэтым форуме — “Жанчыны ў навуцы: сучасныя поспехі і задачы ў Беларусі”.
Сёння Ія Ташлыкава-Бушкевіч з’яўляецца аўтарам 159 навуковых прац (у тым ліку 71 артыкул змешчаны ў навуковых часопісах і выданнях міжнародных канферэнцый), 7 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі. Стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавіты малады навуковец 2002 года, лаўрэат грашовай прэміі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 1998 года. Біяграфія Іі Ташлыкавай-Бушкевіч уключана ў даведнік Marquis “Who’s Who in the World” (2007—2013 гг., ЗША).

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.