Фізіка ў прыярытэце

Пацвердзіў свае высокія веды па фізіцы ў далёкай Якуціі лідскі школьнік Сяргей Лаза. На XXV Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў “Туймаада” навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 17 заваяваў сярэбраны медаль.

Алімпіяду заснавала Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Саха (Якуція, Расійская Федэрацыя). У гэтым годзе ўдзел у ёй прынялі больш за 190 чалавек з 12 краін. Алімпіяда праводзіцца па прадметах “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія”, “Інфарматыка”. Сяргей Лаза быў адзіным прадстаўніком Беларусі на гэтай алімпіядзе.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 17 Ліды Святлана Макарэвіч, Сяргей добра вучыцца па ўсіх прадметах, але фізіка ў яго ў прыярытэце. У мінулым навучальным годзе Сяргей заняў другое месца на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізіка”. У гэтым годзе стаў яе пераможцам.

Пра свайго вучня настаўнік фізікі Дзмітрый Цежык расказвае так:

— Сяргей вельмі працаздольны і адказны. На міжнародных алімпіядах месца часам вызначаюць дзясятыя долі бала. Таму важная акуратнасць і хуткасць рашэння задач, якія ў гэтым годзе, як адзначалі ўдзельнікі алімпіяды, былі вельмі складаныя: іх рыхтавалі вядомыя фізікі з вядучых маскоўскіх школ. Але ўсё атрымалася, Сяргей выступіў вельмі годна. Вызначае гэтую алімпіяду тое, што прапануюцца для рашэння задачы, якія больш развіваюць логіку, творчае мысленне, чым арыентаваны проста на запамінанне прадмета.

І калі, па словах Дзмітрыя Аляксандравіча, як педагогу яму было цікава вывучыць адукацыйныя сістэмы і вопыт выкладання фізікі іншых краін (Расіі, Сінгапура, Румыніі, Казахстана, Непала, Бангладэш), то для Сяргея Лазы ўдзел у міжнароднай алімпіядзе стаў яшчэ адным выпрабаваннем, магчымасцю пратэсціраваць свае веды.

— Адчуваю задавальненне, рады, што змог годна прадставіць Беларусь, родны горад і школу на міжнародным узроўні, — гаворыць Сяргей. — Аднак разумею, што медаль ускладае больш абавязкаў, чым адкрывае магчымасцей: планка паднята даволі высока, таму трэба вучыцца, старацца яшчэ больш, ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх. Наперадзе 11 клас, таму спачываць на лаўрах не атрымаецца.

Для сябе Сяргей Лаза вызначыў яшчэ адзін важны арыенцір — прайсці адбор і стаць удзельнікам Міжнароднай фізічнай алімпіяды ІРhО, якая пройдзе ў 2019 годзе ў Ізраілі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.