Фізкультура ў вёсцы. Некалькі прычын для прафесійнай зайздрасці

- 11:30Спартыўныя падзеі

У пачатку лістапада былі падведзены вынікі Рэспубліканскага фестывалю “Лета — пара спартыўная”. Сярод яго пераможцаў — педагог Сялявіцкага ясляў-сада — базавай школы Ігар Іванавіч Сяркевіч, чалавек, які зацікавіў рэдакцыю “Настаўніцкай газеты” не толькі сваім праектам, але і стаўленнем да прафесіі і жыцця ўвогуле. Пасля знаёмства з Ігарам Іванавічам хочацца сказаць: хопіць спачуваць сельскім настаўнікам фізічнай культуры, прыйшоў час ім зайздросціць.

Урокі на свежым паветры

“Канечне, без праблем не абыходзіцца, — адзначае педагог. — У нас малакамплектная школа, і падрыхтаваць, скажам, футбольную каманду вельмі складана. Калі патрэбна сабраць гульцоў на абласныя спаборніцтвы, мы звяртаемся і ў іншыя школы. Можаце сабе ўявіць, наколькі няпроста арганізаваць трэніроўкі.
Са сваіх дзяцей таксама выбіраць не прыходзіцца, бяром усіх. Ніякай спартыўнай селекцыі. Да гэтага ў нас была сярэдняя школа, цяпер — базавая. Застаўся спартыўны інвентар, з якім і працуем.Але праўда, што мае гарадскія калегі нам зайздросцяць. Маўляў, дзеці нашы ўзгадаваны на прыродзе, выкармлены на хатніх прадуктах. У гэтым сапраўды ёсць перавага! Першую чвэрць мы практычна не займаемся ў спартыўнай зале, усе заняткі праводзяцца на свежым паветры. Пад дах перабіраемся, толькі калі надвор’е становіцца дажджлівым. У нас, дарэчы, выдатная спартыўная зала! Было ў мяне натхненне: размаляваў яе алімпійскімі талісманамі розных гадоў, талісманамі чэмпіянатаў свету — дзеці павінны ведаць і гісторыю спорту. Нядаўна быў на метадычным аб’яднанні ў Слоніме, яшчэ раз упэўніўся і ў якасці нашага стадыёна: ён не толькі не саступае гарадскім, але нават выйграе ў параўнанні з імі”.
Ігар Іванавіч — даўні аматар футбола, прычым не толькі як балельшчык, але і як гулец. Сярод яго захапленняў — пляжны і балотны футбол. І калі з пляжным усё зразумела, то балотны футбол выклікае ўсмешку ў тых, хто з ім не знаёмы. На шчасце, з пляжам, як і з балотам, у жыхароў сельскай мясцовасці праблем няма. А не так даўно сялявіцкі настаўнік фізкультуры выйграў Слонімскі раённы крос. У свае 45 гадоў ён па-сапраўднаму моцны канкурэнт.
Гэтым летам, калі з’явілася першая інфармацыя пра Рэспубліканскі фестываль “Лета — пара спартыўная”, з усіх намінацый Ігар Іванавіч выбраў сямейную. Яго жонка — Таццяна Антонаўна Сяркевіч — таксама педагог, яна працуе выхавальніцай у Сялявіцкім дзіцячым садзе. Да гэтага Ігар Іванавіч разам з жонкай і дочкамі Валерыяй і Ангелінай прымаў уд зел у абласным конкурсе “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, дзе іх сям’я заняла трэцяе месца сярод 20 сямей-удзельніц. А на аналагічным рэспубліканскім конкурсе Сяркевічы сталі другімі ў камбінаванай эстафеце, якая па праве лічыцца адным з самых складаных конкурсных выпрабаванняў.“Я вельмі люблю спорт, — усміхаецца Ігар Іванавіч. — Мне, на жаль, не ўдалося дабіцца ў ім вялікіх поспехаў, але я на ўласным прыкладзе адчуваю карысць здаровага ладу жыцця. Свой летні праект я пабудаваў па прынцыпе ад фізічнай актыўнасці ў сям’і — да рэспубліканскіх спаборніцтваў. Пачынаць вырашылі з сябе. Усёй сям’ёй мы едзім на веласіпедах, зімой катаемся на лыжах, часта ходзім у паходы. Акрамя сямейных паходаў, у мяне багатае паходнае жыццё і на рабоце. Я ўпэўнены, што дзеці павінны больш рухацца і менш часу праводзіць з электроннымі гаджэтамі. Нам вельмі хацелася паказаць, што ўсё гэта даступна кожнай сям’і. Любы, хто жадае, можа дабіцца пэўных вынікаў. Напрыклад, мая жонка дагэтуль зусім не займалася спортам, нават у школе ўрокі фізкультуры не захаплялі. На шчасце, мне ўдалося заахвоціць яе сваім прыкладам. Давай, кажу, выключым камп’ютар ды тэлевізар і выйдзем на прыроду, возьмем веласіпеды, паедзем купацца. Гэта вельмі аб’яднала нас!
Мы паставілі на сваім участку футбольныя вароты, гуляем у футбол, да нас далучаюцца суседзі, усе разам праводзім вольны час”.

Школа — і спартыўны, і культурны цэнтр

Ігар Іванавіч адзначае, што яму як спецыялісту цікавыя праекты, якія праводзяцца ў сістэме адукацыі, напрыклад, сумесны з федэрацыяй лёгкай атлетыкі праект “300 талентаў для каралевы”: “Прыемна, што мой вучань Сцяпан Радзішэўскі трапіў у лік тых самых талентаў, якія адбіраліся па ўсёй краіне. У пачатку кастрычніка ў Слоніме адбыліся занальныя спаборніцтвы для навучэнцаў3—4 класаў, якія праводзіліся ў рамках праекта. Сцяпан разам з іншымі выконваў тэсты ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці: скакаў у даўжыню з месца, кідаў мяч, дэманстраваў хуткасць у чаўночным бегу. Таксама ў праграму тэсціравання ўвайшлі бег на 30 метраў і 6-хвілінны бег. Па выніках тэстаў Сцяпана запрасілі на вучэбна-трэніровачныя зборы, якія праходзілі ў Лідскім філіяле Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Для нас гэта вельмі прэстыжна, улічваючы, што ў школе вучыцца ўсяго 46 (!) чалавек. У снежні чакаем фінальнага этапу спаборніцтваў, у якіх прымуць удзел усе 300 пераможцаў”.Нядаўна Ігар Іванавіч даслаў свой праект на Рэспубліканскі конкурс “Час (урок) футбола”, які прысвяціў тэхніцы гэтага віду спорту.
“У мяне нават дзяўчаты футболам займаюцца, — адзначае педагог, — таму і давялося звярнуцца да распрацоўкі метадычных рэкамендацый: як прымаць і перадаваць мяч, як гуляць галавой, разглядаю тэхніку гульні варатара.
Восень у нас прысвечана масавым школьным спартыўным праектам. Традыцыйна ў лістападзе я праводжу “Футболазнайку”. Упэўнены, што дзеці павінны не проста біць па мячы, але і ведаць футбалістаў, разбірацца ў нюансах гульні”.
Трэба сказаць, што калегі ўсе пачынанні Ігара Іванавіча не проста падтрымліваюць, але і з’яўляюцца іх актыўнымі ўдзельнікамі.
“Пра нашу школу ведаюць дзякуючы такім ініцыятыўным педагогам, як Ігар Іванавіч, — адзначае дырэктар школы Ірына Рыгораўна Мароз. — Школа маленькая, але мы стараемся задаволіць усе патрэбы нашых навучэнцаў. Па вечарах у нас працуе сямейны клуб. Да Ігара Іванавіча прыходзяць цэлымі сем’ямі. Уявіце жыццё ў вёсцы. Школа — і спартыўны, і культурны цэнтр. У мінулым годзе ў раённым конкурсе “Мама, тата, я — спартыўная сям’я” з нашай вёскі ўдзельнічалі 4 сям’і.
Сваю ролю адыгрывае і раённы фізкультурна-спартыўны цэнтр па рабоце з насельніцтвам. Людзі далучаюцца да здаровага ладу жыцця.
У нас вельмі актыўна праходзяць школьныя суботы. Акрамя таго, што працуе спартыўны гурток, праводзім нямала спартыўных мерапрыемстваў. Па суседстве з намі Мяжэвіцкая і Азярніцкая сярэднія школы, так што бяром аўтобус і едзем у госці, запрашаем усіх, хто жадае, ад першага да дзявятага класа.
Той факт, што дзетак у нас няшмат, уплывае і на фармат мерапрыемстваў. Напрыклад, мы праводзім спаборніцтвы “Гуліверы і ліліпуты”, сутнасць якіх у тым, што паміж сабой спаборнічаюць рознаўзроставыя каманды.
Ва ўсім агарагарадку насельніцтва складае прыкладна 500 чалавек. Ці ёсць у гэтым перавагі? Без сумненняў! Мы ведаем кожнае дзіця, да кожнага можам знайсці падыход, бо ўсе навучэнцы на вачах. Калі хочаце, індывідуальная адукацыя. Дзеці на вагу золата! Калі бачым у дзіцяці талент у тым ці іншым кірунку, падтрымліваем як можам, таму нашы вучні і займаюць прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах. Нават у параўнанні з вялікімі школамі мы маем вагу. А значыць, усё ў руках педагогаў!”
Думаецца, сялявіцкім педагогам можна пазайздросціць не толькі з прычыны свежага паветра, прыроднага прастору, не абцяжаранага адлегласцямі і мітуснёй вялікіх гарадоў жыцця. Маленькая школа ўсяго на 46 вучняў паспявае развівацца сучаснымі тэмпамі. Ці ў кожнай школе ёсць свой нядрэннай якасці сайт, уласны канал на відэахостынгу YouТube? Ці пра кожнага педагога расказвае мясцовы телеканал? У Сялявічах кадрамі не раскідваюцца, а жывуць іх творчымі ідэямі і пачынаннямі.

Наталля АЛЁХІНА.