Фізкультура як лад жыцця

Кожную раніцу Мікалай Іванавіч Казачэнка пачынае з размінкі на стадыёне Чырвонабярэжскай сярэдняй школы, што ў Жлобінскім раёне. Стадыён зусім побач з яго домам — 200 метраў прайсці. Мінут 40 займаюць розныя практыкаванні на разагрэў, расцяжку, потым турнік, брусы, трэба яшчэ і прэс пакачаць… Калі ёсць настрой і надвор’е — едзе на веласіпедзе купацца на рачулку Добасну.

Ён толькі 4 гады, як прыпыніў работу ва ўстанове, якой аддаў усё сваё прафесійнае жыццё — той самай школе ў Чырвоным Беразе. Аднак у свае 75, якія адзначыць праз некалькі дзён, працягвае не толькі форму падтрымліваць, але і вучыць дзяцей. Цяпер — у якасці педагога дадатковай адукацыі ад Жлобінскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

— Дапамагаю развіваць фізкультуру і спорт. Займаюся са школьнікамі настольным тэнісам. Увогуле ж у мяне 43 гады працоўнага стажу. З іх амаль 21 год быў дырэктарам.

Між тым аматар фізкультуры і цяпер не абмяжоўваецца толькі ранішняй зарадкай. Гаворыць, што на працягу дня з дзецьмі гуляе ў футбол ці ў баскетбол. А падчас заняткаў тэнісам становіцца за стол і на сваім прыкла­дзе дэманструе, як гэты від спорту развівае спрыт, хуткасць рэакцыі і скаардынаванасць дзеянняў партнёраў — у выпадку, калі гульня ідзе ў парах.

Мікалай Іванавіч нарадзіўся ў звычайнай сям’і адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай, вырас у вёсцы і працаваў з дзяцінства. У 1945 го­дзе бацька яго загінуў на вайне, так і не ўбачыўшы свайго сына. Таму ён рана пасталеў, прыйшлося быць за гаспадара. Успамінае, што тады ўсе працавалі рупліва і гэтая працавітасць заў­сёды дапамагала ў жыцці.

Пасля заканчэння Чырвонабярэжскай сярэдняй школы юны Мікалай пачынаў з працы на будоўлі. Адслужыў у арміі, уладкаваўся токарам на станкабудаўнічы завод у Гомелі, але адчуваў, што гэтая прафесія не для яго. Таму вярнуўся ў Чырвоны Бераг і пайшоў працаваць настаўнікам у школу. Завочна скончыў Смаленскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. На пасаду дырэктара быў назначаны ў 1991 го­дзе. З таго часу вучнёўскі і педагагічны калектыў заўсёды быў сярод лідараў у раённых спартакіядах і спаборніцтвах рознага ўзроўню.

У свой час цесна працаваў з прафсаюзамі, усе мерапрыемствы: і тур­злёты, і — паходы, і спаборніцтвы паміж школамі арганізоўваў. Быў старшынёй прафсаюзнага камітэта школы.

Спартыўная база Чырвонабярэжскай сярэдняй школы была і застаецца вельмі добрай: ёсць кабінет фізічнай падрыхтоўкі, дзе ўсталяваны трэнажоры. На стадыёне — гульнявыя пляцоўкі, гумовая бегавая дарожка на 100 м, лыжная база. За час кіраўніцтва Мікалаем Іванавічам была добраўпарадкавана тэрыторыя школы, з’явіліся кветнікі і малыя архітэктурныя формы. Настаўнікі фізкультуры ў школе — яго былыя выпускнікі Андрэй Кісель і Ігар Чамярыцкі. Гаворыць, многія выпускнікі выбралі спецыяльнасць настаўніка фізкультуры і застаюцца ёй вернымі да гэтага часу.

— Мала любіць фізкультуру — важна любіць дзяцей. Трэба, каб зносіны з імі склаліся. Увогуле, галоўнае не тое, як вучыцца школьнік, а якім чалавекам ён стане. Праз спорт і цяжкіх вучняў мы даводзілі да розуму. Спорт дапамагаў: калі чалавек прывыкае пакрыху да спартыўнага рэжыму, ён і ў вучобе пачынае падцягвацца, і ў нармальнае рэчышча накіроўвае сваю падлеткавую энергію. У нас жа многа спартсменаў вядомых, якія ў дзяцін­стве не былі ідэальнымі, але ж дася­гнулі пэўных вяршынь. Таму і мы заўсёды імкнуліся паказаць, што толькі працай можна дасягнуць высокіх вынікаў.

Сёння Мікалай Іванавіч па-ранейшаму любіць футбол і хварэе за ФК “БАТЭ”. А калі атрымліваецца, наведвае розныя спартыўныя спаборніцтвы высокага ўзроўню. Гаворыць, спартсменаў, якія дасягнулі сусветных вынікаў, не выхаваў, але ж чэмпіёны рэспублікі ў школьным узросце ў яго былі. Між тым лічыць: галоўнае дасягненне тое, што былыя вучні яго заўсёды пазнаюць, спыняюцца і імкнуцца ўспом­ніць тыя моманты, якія паўплывалі на іх сталенне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.