Фізкультурны вусень дзецям падабаецца

Фізічнае развіццё маленькага чалавека не менш важнае, чым разумовае, лічыць кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна Ірына Сінкевіч.

— На практыцы заўважала, што бацькі вельмі клапоцяцца, каб дзіця рана навучылася чытаць і лічыць, водзяць яго ў школу развіцця, а пытанне, як яно будзе развівацца фізічна, неяк адыходзіць на другі план. Лічыцца, што гэта адбудзецца само сабой, — гаворыць Ірына Тадэвушаўна. — Але маленькаму чалавеку трэба дапамагчы і ў гэтым, з маленства прывучыць да заняткаў фізкультурай. Рабіць гэта можна праз цікавую гульню, цікавыя прылады, якія пад сілу зрабіць самому.

У Ірыны Тадэвушаўны з’явілася задума аб… “цуда-вусені”. Так яна назвала шматфункцыянальны метадычны дапаможнік па фізічнай культуры. Задачы перад сабой ставіла звычайныя: фарміраваць рухальныя ўменні дзяцей, матываваць іх больш рухацца і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Выканання пастаўленых задач дасягае пры дапамозе ўласных распрацовак. “Цуда-вусень” — гэта своеасаблівы трэнажор-трансформер, які можа пераўтварацца ў розныя дадаткі для фізічных практыкаванняў-гульняў.

— Ставіла сярод іншых і такую мэту, каб у практыкаваннях удзельнічалі ўсе дзеці, каб не было пераможцаў і прайграўшых. Многія заданні выконваюцца групай дзетак, камандай, — расказвае Ірына Тадэвушаўна. — Напрыклад, “Гольф будучыні”. У гэтым практыкаванні ўдзельнічае адразу некалькі дзяцей: кожны з іх трымае край тканіны і, рэгулюючы нацяжэнне палатна, заганяе мяч у дзірку пасярэдзіне. Мэта практыкавання — развіццё вакамера, увагі, спрыту, уменне каардынаваць рухі. Зрабіць такі трэнажор вельмі проста: спатрэбяцца кавалак тоўстай тканіны і тэнісны мячык. У стварэнні трэнажораў дапамагалі бацькі маіх выхаванцаў.

“Цуда-вусень” змяшчае таксама трэнажоры “Снайпер” — гэта дыванок з тоўстай тканіны на завесах, колы з лічбамі і тэнісны мяч. Дзеці павінны трапіць у названую лічбу — выпрацоўваецца не толькі хуткасць рэакцыі, спрыт, развіваецца вакамер, але і замацоўваецца веданне лічбаў. Для “Дзіцячага боўлінга” спатрэбіліся пластыкавая дуга, якую абшылі стужкамі, драўляныя брускі, а кеглі зрабілі з бутэлечак з-пад ёгурту. Гульня “Самы спрытны” заўсёды выклікае ў дзяцей добры настрой і эмоцыі. У кожнага ўдзельніка на спіне рукзачок. Па сігнале сапернікі імкнуцца наляпіць на яго як мага большую колькасць каляровых кружкоў. Задача кожнага — хутчэй ухіліцца, не даўшы прыляпіць сабе кружок. Неабходныя матэрыялы для гульні таксама звычайныя — рукзакі (у адпаведнасці з колькасцю дзяцей) з прышытымі ліпкімі стужкамі, рознакаляровыя кружкі з фетру.

Ёсць трэнажор для дыхальнай гімнастыкі, прафілактыкі плоскаступнёвасці. Але самы любімы ў дзяцей, напэўна, тунэль. Каркас, абцягнуты тканінай, дазваляе прапаўзці па тунэлі, пранесці мяшочкі ці пракаціць мяч, яго можна скласці, разгарнуць, праверыць цэласнасць, замацаваць кішэні. Агульная назва метадычнага дапаможніка пайшла ад гэтага трэнажора, які нагадвае вусеня.

Заняткі па фізічнай культуры не могуць абыходзіцца без ведання асноў аказання першай медыцынскай дапамогі. Памочнік у гэтым — лэпбук “Доктар”, у якім у залежнасці ад тэмы і задач заняткаў мяняецца напаўняльнасць, што дапамагае дзецям засвойваць веды пра здаровы лад жыцця, захаванне і ўмацаванне здароўя.

Загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Леакадзія Іванаўна Цімафеева адзначае, што простыя ў выкананні прылады пры дапамозе творчасці і фантазіі Ірыны Тадэвушаўны дазволілі зрабіць заняткі дзяцей фізкультурай больш цікавымі і разнастайнымі. Педагог актыўна распаўсюджвае свой вопыт на розных узроўнях: “вусень” і іншае нестандартнае абсталяванне дэманстраваліся на пасяджэнні загадчыкаў і намеснікаў загадчыкаў дашкольных устаноў адукацыі Гродзенскага раёна, на абласным фестывалі педагагічнага майстэрства.

І.Т.Сінкевіч плануе працягваць распрацоўку нестандартнага абсталявання. У найбліжэйшых планах — стварэнне своеасаблівых бяспечных фізкультурных куткоў з незвычайным абсталяваннем у кожнай групе. Гэта яшчэ больш умацуе супрацоўніцтва дашкольнай установы з сем’ямі дашкольнікаў, бо ў кожнага з’явіцца магчымасць паўдзельнічаць у вырабе абсталявання, праявіць фантазію і творчасць. Зараз у распрацоўцы — фізкультурны дапаможнік “Робат”, які таксама ствараецца пры дапамозе бацькоў дашкольнікаў. Дапаможнік будзе змяшчаць шнуроўкі, гантэлі, тактыльныя мяшочкі і інш. “Робата” можна будзе выкарыстоўваць на фізкультурных занятках, падчас свят, забаў і ў індывідуальнай рабоце з выхаванцамі. А ў канцы навучальнага года плануецца правядзенне ў дашкольнай установе выставы нестандартнага абсталявання і трэнажораў, арганізацыя майстар-класа па іх вырабе і выкарыстанні педагогамі і бацькамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.