ФМК-2015: тон задалі сельскія школы!

- 10:55Навіны рэгіёнаў

На працягу двух дзён гімназія № 2 Віцебска прымала ўдзельнікаў і сутворцаў традыцыйнай для рэгіёна, папулярнай у асяроддзі навучэнцаў і настаўнікаў-прадметнікаў дзеі — абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый. Магчымасць выявіць узровень валодання замежнай мовай у крэатыўнай форме — паспрабаваць сябе ў ролі аратара, гіда, журналіста і артыста — была ў кожнага школьніка і гімназіста. У фінале сустрэліся пераможцы гарадскіх (раённых) этапаў творчага спаборніцтва.

— Фестываль накіраваны найперш на выяўленне адораных і здольных навучэнцаў, арганізацыю далейшай работы па пашырэнні сферы іх інтарэсаў і паглыбленне ведаў, а таксама на ўкараненне ў практыку работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі педагагічнага вопыту, звязанага са спосабамі ўзаемадзеяння з навучэнцамі, актывізацыю творчай дзейнасці педагогаў па ўдасканаленні пазакласнай работы, — адзначыла метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ніна Клокава. — Яго асноўныя задачы — стварэнне аптымальных умоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі таленавітых творчых педагагічных работнікаў, садзейнічанне росту прафесійнага майстэрства педагогаў, падтрымка інавацыйных распрацовак і тэхналогій, якія аказваюць эфектыўны ўплыў на развіццё цікавасці да вывучэння замежных моў праз пазакласную дзейнасць. Сёлета наш фестываль выявіў цікавую тэндэнцыю: нягледзячы на моцную канкурэнцыю з боку гараджан, найбольш ярка, на маю думку, выступілі ўсё ж прадстаўнікі сельскіх школ.
Гэта сапраўды так, хаця фаварыты мінулагодніх фестываляў, гарадскія каманды, вельмі стараліся пацвердзіць лідарства і апраўдаць ускладзеныя на іх спадзяванні — і паспяхова. У намінацыі “Я — аратар” шчаслівай для англамоўных прамоўцаў стала лічба 2: гледачоў і журы проста пакарылі Ганна Трунёва з полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2, Дар’я Вакар з гімназіі № 2 Віцебска, Аляксандр Драгілеў з сярэдняй школы № 2 Глыбокага. Шчырае захапленне выклікала прамова нямецкамоўнага аратара Уладзіміра Лапцева з сярэдняй школы № 45 Віцебска. Цікава, змястоўна і экспрэсіўна выступілі Алег Скачкоў з полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, Дар’я Дзегалевіч з Талачынскай гімназіі, Яўген Пуцыла з сярэдняй школы № 8 Наваполацка. У намінацыі “Я — гід” прыемна ўразіла практычна прафесійная работа Настассі Качанавай і Ксеніі Рахаевай з гімназіі № 9 Віцебска, Ягора Вавілава, Яўгена Хаменкі, Дар’і Домчанка і Віктара Вярлова з гімназіі № 1 Віцебска, а таксама яшчэ адной прадстаўніцы сярэдняй школы № 45 Віцебска, Кацярыны Стральцовай. “Прэс-цэнтр” выявіў сваіх пераможцаў — каманды сярэдняй школы № 2 Талачына, гімназій №№ 2 і 3 Віцебска. Дастойнымі сапернікамі лідарам сталі навучэнцы з Пастаўскай гімназіі, сярэдніх школ № 45 Віцебска, № 1 Гарадка, № 1 Браслава, № 20 Оршы, Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Пастаноўкі “Міні-тэатраў” у гэтым годзе ўдаліся як ніколі і, што паказальна, прайшлі пад знакам інавацый і арыгінальных творчых эксперыментаў. Фурор у зале выклікала выступленне калектыву з базавай школы № 5 Полацка: у спектаклі з элементамі цыркавога паказу было задзейнічана больш за 20 чалавек, і кожны — сапраўдны талент, непаўторная творчая індывідуальнасць! А журы ацаніла яшчэ і сцэнарый з выражанай арыентацыяй на практыку на аснове экзаменацыйных матэрыялаў па французскай мове для 11 класа. Трэці год запар цудоўнымі спектаклямі радуюць на фестывалі артысты з гімназіі № 8 Віцебска. Узровень іх пастановак настолькі высокі, што можна западозрыць работу прафесійнага рэжысёра — тым больш гонару такі ўзровень робіць педагогам. Дарэчы, незвычайным было моўнае рашэнне спектакля: у гімназіі на павышаным узроўні выкладаецца англійская мова (і ў мінулым годзе нам паказалі якраз англамоўны спектакль), а пастаноўка была на французскай. Па прызнанні юных артыстаў, пагружэнне ў франкамоўнае асяроддзе падчас рэпетыцый і падрыхтоўкі да выступлення было карысным вопытам: з’явілася жаданне эксперыментаваць далей, параўноўваць, прымяняючы на практыцы, розныя мовы, а яшчэ многія загарэліся ідэяй далучыць да свайго актыву другую замежную мову. Гісторыя кахання ў трактоўцы артыстаў з гімназіі № 4 Віцебска (яе навучэнцы вывучаюць нямецкую і англійскую) атрымалася ўвогуле інтэрнацыянальнай: са сцэны гучалі французская, іспанская, італьянская мова. Калі ж гаварыць пра самае фантастычнае выступленне, то гэта быў спектакль Суражскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Самыя прыгожыя касцюмы, віртуознае валоданне замежнай мовай, моцны сцэнарый, артыстызм, энтузіязм, несумненны талент юных артыстаў — і, як вынік, мы сталі сведкамі класічнай нямецкай казкі. А вызначыць аднаго і нават тройку лідараў на “Фабрыцы зорак” не змагло і прафесійнае журы. Строга бралася пад улік і ацэньвалася кожная дробязь — ад валодання мовай (прыярытэтнае патрабаванне) да артыстызму, творчых даных выканаўцаў, касцюмаў, харэаграфічнага і музычнага афармлення. Тым не менш здарылася нечаканае: па 25 балаў з 25 магчымых набралі адразу 8 нумароў, яшчэ каля 10 нумароў ад найвышэйшай адзнакі аддзялялі дзясятыя долі бала!
Усяго ў заключным этапе фестывалю прыняло ўдзел амаль 500 навучэнцаў больш як з 80 школ і гімназій вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.