Амаль 10 гадоў у Пагост-Загародскай сярэдняй школе імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія Пінскага раёна дзейнічае музей развіцця адукацыі рэгіёна, створаны педагогамі-энтузіястамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Адукацыя заўсёды крочыла ў нагу з часам, — гаворыць дырэктар школы Святлана Ерш. — На розных гістарычных этапах грамадства ўскладала на педагогаў важныя задачы па навучанні і выхаванні моладзі, ад якой залежыць паспяховае развіццё эканомікі і не толькі. Адукацыя знаходзіцца ў авангардзе прагрэсу, а настаўнік з’яўляецца правадніком усяго новага ў жыцці.
Гэта добра разумеюць у розных школах краіны, дзе існуюць куткі, прысвечаныя высакароднай педагагічнай прафесіі. Пагост-загародскія настаўнікі вырашылі пайсці далей, стварыўшы ў 2014 годзе адмысловы музей, дзе можна даведацца не толькі пра выдатных педагогаў установы і яе знакамітых выпускнікоў, але і пра гісторыю развіцця сістэмы адукацыі Піншчыны ў цэлым.
— Музей з’явіўся дзякуючы плану рэканструкцыі школы, якая праводзілася ў рамках Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады. На распрацоўку музейнага інтэр’ера, набыццё мэблі і выраб стэндаў былі выдаткаваны значныя грашовыя сродкі, — расказвае Святлана Ерш.
Музей адпавядае назве ўстановы, якая з 1992 года носіць імя выдатных славянскіх першаасветнікаў Кірыла і Мяфодзія. У свой час мясцовую царкву наведала дэлегацыя з Балгарыі на чале з паслом гэтай краіны ў Беларусі для наладжвання больш блізкіх адносін паміж дзяржавамі ў духоўна-культурным напрамку. Гэтая падзея падштурхнула да мэтанакіраванага збору матэрыялаў па гісторыі зараджэння пісьменнасці і развіцця сістэмы адукацыі Палесся, упарадкаваных затым у музейнай экспазіцыі, над якой рупліва шчыравалі Святлана Ерш, Наталля Казубоўская, Мікалай Саланевіч, Наталля Саланевіч і Святлана Крывецкая. Акрамя таго, важную ролю ў зборы экспанатаў адыграла акцыя “Напішам гісторыю адукацыі разам”, арганізаваная раённым аддзелам па адукацыі. Не засталіся ў баку ад цікавай ініцыятывы педкалектывы Жыдчанскай, Лагішынскай, Бабрыкоўскай, Ахоўскай і Ставоцкай сярэдніх школ, а таксама Боркаўскай базавай школы.
— Даволі шмат экспанатаў падарыў выпускнік школы Аляксандр Казак, дзякуючы якому мы высветлілі, што гісторыя Пагост-Загародскай школы (былога народнага вучылішча) налічвае ўжо больш за 150 гадоў, — заўважае дырэктар. — Былая настаўніца школы Алена Гаўрылюк перадала музею падручнікі па гісторыі Расійскай дзяржавы, выдадзеныя ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама ўзоры школьнай формы другой паловы ХХ стагоддзя.
Сёння музейны фонд налічвае звыш 600 экспанатаў. Сабраныя матэрыялы сістэматызаваны па перыядах: “Ля вытокаў адукацыі” (развіццё адукацыі Пінскага раёна да пачатку ХХ стагоддзя), “На шляху да адукацыі” (1930—1950-я гады), “У нагу з часам. Школа і сучаснасць” (1960-я гады — пачатак ХХІ стагоддзя).
Асаблівае месца ў экспазіцыі займае стэнд “Кірыл і Мяфодзій — славянскія першаасветнікі”, дзе можна даведацца пра жыццё знакамітых братоў і гісторыю стварэння славянскай азбукі — кірыліцы.
У гонар Вялікай Перамогі створана выстава “Настаўнікі Піншчыны — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, прысвечаная педагогам-ветэранам Пагост-Загародскай сярэдняй школы. Сярод іх — настаўнік гісторыі Мікалай Бязручка і настаўнік матэматыкі Мікалай Шэвелеў.
На асобным стэндзе — фотаздымкі лепшых педагогаў Піншчыны і заслужаных настаўнікаў Беларусі з кароткай інфармацыяй пра кожнага. Сярод іх — Тамара Цёмная, якая ўсё жыццё адпрацавала ў Пагост-Загародскім дзіцячым доме і мясцовым дзіцячым садзе.
На прыгожых вітрынах — школьныя прадметы розных часоў: чарніліца, пёры для пісьма, ручкі, лагарыфмічная лінейка, сшыткі, дзённікі, рукзак… Цікавасць выклікаюць фотаздымкі вучняў і настаўнікаў, зробленыя ў сярэдзіне і другой палове ХХ стагоддзя, падручнікі, успаміны педагогаў…
Сярод адметных экспанатаў — копія рускага буквара 1914 года, сшытак па чыстапісанні 1917 года, фотаздымкі настаўнікаў 1927 года, падручнік па гісторыі Расійскай дзяржавы 1879 года выдання, дакументы аб заканчэнні Пагост-Загародскага народнага вучылішча ад 1907 года, пасведчанне аб заканчэнні Пагосцкай школы ад 1933 года на польскай мове…
Пачэснае месца займае піянерская атрыбутыка: сцягі, гальштукі, барабан, вымпелы, горн… І гэта нядзіўна: піянерыя — неад’емная частка школьнага жыцця мінулага стагоддзя, як і камсамол, з атрыбутыкай якога можна таксама тут азнаёміцца.
У музеі дзейнічаюць і зменныя экспазіцыі: “Гісторыя школьнай формы”, “Выпускнікі школы — воіны-інтэрнацыяналісты” і “Настаўнік вечны на зямлі палескай”.
— Музей адыгрывае важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, — заўважае Святлана Ерш. — У ім неаднаразова пабывалі вучні ўсіх устаноў адукацыі раёна. Сярод ганаровых гасцей — педагогі і школьнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі і Польшчы. У кнізе падзяк шмат цёплых слоў, адрасаваных стваральнікам музея і вучням-экскурсаводам за цікавую і змястоўную падачу матэрыялу, захаванне гістарычнай памяці.
Высокую ацэнку школьны музей атрымаў і на сёлетнім Рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі ў Мінску. І гэта цалкам заканамерна: педагогі падышлі да яго стварэння з душой, бо інакш не маглі: галіновы музей абавязвае трымаць марку.
Пабываць у музейнай скарбніцы можна падчас віртуальнай экскурсіі, створанай вучнямі і настаўнікамі, на школьным сайце. Педагогі запрашаюць у госці ўсіх, хто хоча дакрануцца да адукацыйнай мінуўшчыны роднага краю.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ