Форма не мае значэння, галоўнае — каб чыталі

- 16:37Навіны рэгіёнаў

Бібліятэка займае ключавую ролю ў функцыянаванні ўстановы адукацыі. Можна нават сказаць, што для навучэнцаў гэта кабінет № 1 у школе. Асаблівае значэнне мае разуменне кіраўніцтвам навучальных устаноў важнасці ўкаранення ў дзейнасць школьных бібліятэк сучасных інфармацыйных тэхналогій. З гэтай мэтай для адпаведных работнікаў перыядычна праводзяцца розныя вучэбныя мерапрыемствы. Найбуйнейшае з іх — ІІ Рэспубліканскі фестываль “Інавацыйныя формы работы сучаснай бібліятэкі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі: ініцыятывы, пошук, творчасць” — не так даўно адбылося ў Магілёўскай вобласці.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі і аддзел адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама. Асноўнай задачай мерапрыемства, па словах метадыста МДАІРА Галіны Ламекінай, стала распаўсюджанне эфектыўнага вопыту работы бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дасягнуць яе атрымалася, бо фестываль сапраўды выдаўся маштабным.
— Мадэрнізацыя сучаснай школы, новыя кірункі ў навучанні і выхаванні патрабуюць ад работнікаў бібліятэк асваення і ўкаранення сучасных падыходаў у бібліятэчна-бібліяграфічным абслугоўванні карыстальнікаў. Таму на арганізаваны намі форум з’ехаліся метадысты з Брэсцкага, Гродзенскага, Гомельскага, Віцебскага абласных інстытутаў развіцця адукацыі, прадстаўнікі вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, якія курыруюць дзейнасць бібліятэк, а таксама кіраўнікі метадычных аб’яднанняў школьных бібліятэкараў і непасрэдна самі бібліятэкары, — расказала Галіна Сцяпанаўна.
Месцам правядзення фестывалю стала сярэдняя школа № 3 Асіповіч. І, як адзначыла куратар мерапрыемства Галіна Ламекіна, такі выбар быў зроблены невыпадкова. У гэтай навучальнай установе сфарміраваны вопыт эфектыўнага кіравання ўстановай адукацыі праз выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці і адукацыйным працэсе.
Дырэктар школы Анатоль Цітавіч Шчамялёў з’яўляецца пераможцам абласнога конкурсу “Лідар адукацыі-2013”. Перамогу ў прэстыжным конкурсе яму прынесла аўтарская мадэль кіраўніцкай дзейнасці “Дырэктар — эфектыўны менеджар”, адным з асноўных крытэрыяў якой з’яўляецца інфармацыйная культура педагогаў школы. Гэтаму напрамку работы ва ўстанове ўдзяляецца павышаная ўвага. Ёсць і адпаведны вынік: большасць настаўнікаў сярэдняй школы № 3 маюць сертыфікат карыстальніка інфармацыйных тэхналогій. Акрамя таго, дзякуючы сумеснай рабоце адміністрацыі і бібліятэкараў, два гады назад у школе быў створаны і абсталяваны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. У ім ёсць доступ да сеткі інтэрнэт, усталяваны сеткавы праграмны комплекс “БібліёГраф”. Багатая тут і база даных, якая ўключае ў сябе электронную картатэку часопісных артыкулаў, электронную нарматыўную прававую базу адукацыйнага працэсу, праграмна-метадычныя комплексы, 44 найменні сучасных ЭСН і вялікі фонд медыярэсурсаў.
Работа цэнтра пры дапамозе творчых майстэрань была наглядна прадэманстравана ўдзельнікам фестывалю. Даведаліся яны пра крокі стварэння інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра. Загадчык бібліятэкі Ірына Волкава расказала калегам аб розных аспектах дзейнасці цэнтра, паспяховасці яго функцыянавання, далейшых магчымасцях і перспектывах.
У рамках фестывалю ўдзельнікам быў прадстаўлены вопыт работы па ўкараненні сучасных падыходаў у дзейнасць бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Асіповіцкага раёна, яны змаглі азнаёміцца з адукацыйнай прасторай раёна ў цэлым. Мелі магчымасць прысутныя пераняць вопыт канкрэтных устаноў адукацыі. Так, настаўнік пачатковых класаў вышэйназванай сярэдняй школы № 3 Жанна Прыбыльская раскрыла калегам сакрэт паспяховага фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў шляхам актыўнага ўзаемадзеяння педагогаў і бібліятэкараў. Загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 10 Бабруйска Жанна Раманюк прадставіла вопыт стварэння і магчымасці выкарыстання бібліятэчнага сайта для карыстальнікаў. А загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 45 Магілёва Вольга Адстаўная арганізавала для ўдзельнікаў фестывалю віртуальнае падарожжа па сваім аўтарскім электронным дапаможніку для дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Беларускія пісьменнікі: Максім Танк, Янка Купала, Якуб Колас”. Нельга не адзначыць, што да правядзення фестывалю Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі быў падрыхтаваны і выдадзены практычны дапаможнік “Дзейнасць школьнай бібліятэкі па фарміраванні інфармацыйнай культуры навучэнцаў”, які маглі набыць усе жадаючыя.
Удзельнікі мерапрыемства не толькі эфектыўна папрацавалі, але і цікава правялі вольны час. Яны наведалі музейны пакой кнігі ў сярэдняй школе № 3, дзе паслухалі цікавую экскурсію ад вучаніцы 10 “А” класа Ксеніі Агафонавай, пабывалі ў краязнаўчым музеі Асіповіч і на канцэрце, падрыхтаваным раённым Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
Як заўважыла метадыст МДАІРА Галіна Ламекіна, фестываль прайшоў надзвычай плённа.
— Мы змаглі данесці да ўдзельнікаў форуму тое галоўнае, чым кіруюцца ў рабоце ўсе школьныя бібліятэкары Магілёўскай вобласці. Школьная бібліятэка — сёння сапраўды магутны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр. Але нельга забываць, што найпершая яе каштоўнасць — дзіця, якое чытае. І не важна, чытаюць дзеці кнігу на папяровых носьбітах або на экране камп’ютара. Важна, каб гэтая кніга была добрай і карыснай, — падкрэсліла Галіна Сцяпанаўна.
Несумненна, што, прытрымліваючыся такога пастулата ў рабоце, вярнуць цікавасць да кніг і павысіць наведвальнасць навучэнцамі бібліятэк атрымаецца. Шмат у чым паспрыяць гэтаму павінна і правядзенне падобных фестываляў, дзе бібліятэкары атрымліваюць унікальную магчымасць азнаёміцца з перадавым вопытам сваіх калег з іншых рэгіёнаў. Таму фестываль будзе працягвацца. Пасля заканчэння яго на Магілёўшчыне эстафета і сімвал фестывалю (статуэтка Ефрасінні Полацкай) былі ўрачыста перададзены прадстаўнікам Брэсцкай вобласці. Менавіта яны наступнымі будуць прымаць удзельнікаў чарговага форуму школьных бібліятэкараў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 3 Асіповіч.