“Формула поспеху” для пачынаючых педагогаў

На працягу года ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі для маладых спецыялістаў стараюцца стварыць атмасферу падтрымкі. Справіцца з гэтай важнай місіяй дапамагаюць як традыцыйныя, так і новыя мерапрыемствы. Пра тое, як наладжана навукова-метадычнае і арганізацыйнае суправаджэнне маладых педагогаў, расказала старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Гродзенскага абласнога інстытута  развіцця адукацыі магістр гуманітарных навук Ірына Аляксандраўна Мякеня.

— Ірына Аляксандраўна, па традыцыі ў канцы жніўня пачынаючыя настаўнікі Гродзенскай вобласці былі запрошаны ў летнюю школу маладых педагогаў. Наколькі паспяхова яна прайшла сёлета і чым была адметная?

— Школа маладых педагогаў пад яскравай назвай “Формула поспеху” ў жніўні прайшла ўжо сёмы раз. Радуе, што такое мерапрыемства прыжылося ў нас і ўсім палюбілася. Сёлета яно сабрала больш за 40 пачынаючых педагогаў з розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Цікава, што для 15 з іх гэты навучальны год стаў першым. У астатніх удзельнікаў ужо ёсць невялікі стаж працы. Мяркую, такі нефармальны пачатак новага навучальнага года настроіў усіх на цікавую, прадукцыйную і ні ў якім разе не сумную і аднастайную дзейнасць. Зносіны з вопытнымі, паспяховымі, яркімі людзьмі заўсёды натхняюць, дораць бадзёрасць і матывацыю.  

Сёлета мерапрыемства прайшло непасрэдна на базе нашага Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Мы мелі магчымасць не толькі расказаць, але і паказаць наш інстытут, дзе навічкі пры неабходнасці могуць атрымаць дапамогу, праявіць сябе на мерапрыемствах.

Удзел у школе маладога педагога спрыяе павышэнню ўзроўню прафесійных кампетэнцый у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснага адукацыйнага працэсу. Галоўная задума была такая: даць магчымасць маладым педагогам перад тым, як у верасні прагучыць першы школьны званок і вучні сядуць за парты, атрымаць як мага больш практыкі і, адпаведна, адчуць сябе больш упэўнена. Стаўка заўсёды робіцца на максімальную актыўнасць кожнага ўдзельніка і інтэрактыў. Кожны год стараемся прыўносіць і нешта новае. Напрыклад, у 2018 годзе кожны дзень у школе быў тэматычны: панядзелак стаў днём знаёмства, аўторак — днём культуры, серада — днём малой радзімы, чацвер — днём здароўя, пятніца — днём творчасці, субота — днём уражанняў. У 2019 годзе навінкай стаў фарсайт-форум “Прафесійнае станаўленне”. На яго былі запрошаны дырэктар ліцэя № 1 Гродна лаўрэат рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2011” Ігар Сяргеевіч Маслаў і дырэктар сярэдняй школы № 34 Гродна Віталь Валянцінавіч Парманчук. Абодва госці ў крэатыўнай форме прадставілі свой шлях да педагагічнага поспеху — ад маладога педагога да вопытнага кіраўніка. У 2020 годзе школа маладога педагога ўпершыню прайшла ў дыстанцыйным фармаце.

Сёлета, як і заўсёды, адукацыйная праграма школы маладога педагога была вельмі насычанай. Ладзіўся шэраг майстар-класаў, а таксама трэнінгаў, лекцый-дыялогаў, дзелавых гульняў, эўрыстычных гутарак і індывідуальных кансультацый. Іх праводзілі супрацоўнікі нашага інстытута, удзельнікі, лаўрэаты і пераможцы конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”, перадавыя педагогі вобласці і краіны. Было шмат цікавых суразмоўнікаў. Так, спачатку былі праведзены трэнінг-знаёмства і трэнінг групавога згуртавання. Рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Антонаўна Сяргейка выступіла з лекцыяй на актульную тэму “Самарэалізацыя асобы педагога ў бесперапыннай адукацыі”. Завяршылася работа школы фарсайт-форумам, дзе ўдзельнікі падзяліліся сваімі ідэямі і ўражаннямі. Парадавалі станоўчыя водгукі, словы ўдзячнасці і аптымістычны настрой маладых людзей.

Акрамя маштабнай адукацыйнай праграмы, у другой палове дня былі прадугледжаны цікавыя культурныя мерапрыемствы. Гэта і работа ў творчых майстэрнях, і экскурсіі, і наведванне музеяў і выстаў, і інтэлектуальныя гульні, і пескатэрапія… Праграма адукацыйных і культурных мерапрыемстваў у школе маладога педагога была складзена так, каб кожны дзень быў максімальна насычаным, непаўторным, не падобным на папярэдні. Была пастаўлена задача — паказаць маладым педагогам, многім з якіх давядзецца быць яшчэ і класнымі кіраўнікамі, якімі разнастайнымі, карыснымі заняткамі можна зацікаваць вучняў у пазаўрочны час. 

— Якія яшчэ мерапрыемствы нацэлены на прафесійны рост маладых педагогаў?

— У гэтым годзе з’явілася новаўвядзенне. Маладых спецыялістаў падчас школьных канікул сталі запрашаць яшчэ і на восеньскую, зімовую і вясновую сесіі школы маладога педагога. Для іх гэта магчымасць павысіць кваліфікацыю і пры жаданні здаць на катэгорыю раней, не чакаючы двух гадоў. Актыўныя, высокаматываваныя маладыя людзі адразу зацікавіліся такой прапановай. Сёлета работа ў гэтым кірунку будзе працягнута.

Таксама адным з важных этапаў павышэння майстэрства маладых педагогаў стаў наш традыцыйны фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”. На працягу трох дзён фестываль з’яўляецца прасторай для новых ведаў, адкрыццяў,  ідэй, знаёмстваў… Удзел у ім таксама спрыяе росту прафесіяналізму маладых педагогаў, выяўленню і распаўсюджванню інавацыйнага вопыту, умацаванню кантактаў з калегамі. Радасна, што фестываль аказаўся настолькі запатрабаваным, што ўжо змяніў свой статус і з абласнога вырас у міжнародны. Колькасць удзельнікаў дасягае некалькіх соцень. З цікавасцю да іх далучаюцца маладыя настаўнікі не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Малдовы, Казахстана.

Вельмі важна, каб ініцыятыва і творчасць маладых педагогаў не заставаліся незаўважанымі. З мэтай падтрымкі маладых, творчых, грамадска актыўных педагогаў, актывізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі па стымуляванні прафесійнага росту маладых работнікаў Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і Гродзенскай абласной арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” з 2018 года прадугледжана прысуджэнне прэміі “Паспяховы старт”. Удзел у конкурсе прымаюць педагогі, стаж якіх не перавышае 3-х гадоў. Пры ацэнцы журы ўлічвае не толькі вынікі практычнай дзейнасці маладых педагогаў, іх актыўнасць у прафесійных конкурсах, фестывалях, канферэнцыях і выставах, але і асобасныя, дзелавыя якасці, удзел у жыцці калектыву і грамадскіх арганізацый.

Створана віртуальная “Кніга гонару маладых спецыялістаў”. У ёй адзначаны лепшыя педагогі вобласці са стажам працы да двух гадоў. Яна размешчана на сайтах галоўнага ўпраўлення адукацыі і ГрАІРА. Такім чынам адзначаюцца маладыя людзі, якія за свой невялікі педагагічны шлях паказалі пэўныя вынікі: падрыхтавалі пераможцаў конкурсаў ці самі сталі ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.

— Ці мяняюцца з году ў год запыты маладых педагогаў? Якія пытанні яны найбольш часта задаюць?

— Па маіх назіраннях, у самым пачатку прафесійнага шляху моладзь найбольш востра хвалююць адны і тыя ж пытанні: як вучыць, як зрабіць свой урок цікавым і пры гэтым не ператаміць дзяцей, знайсці падыход да кожнага… Асабліва прыемна бачыць, як у маладых людзей, што называецца, гараць вочы,  у іх ёсць жаданне актыўна развівацца ў прафесіі. Тады і вынік абавязкова будзе. 

Часта навічкі маюць патрэбу ў своечасовай парадзе, каб аператыўна разабрацца з той ці іншай сітуацыяй. Для аказання эфектыўнай дапамогі на базе нашага інстытута функцыянуе віртуальная школа маладога педагога. Яна дае магчымасць атрымліваць кансультацыі, у якіх ёсць шэраг пераваг: яны канфідэнцыяльныя, даступныя для ўсіх,  могуць праходзіць у любы зручны час і на любой тэрыторыі, наглядныя (матэрыял дэманструецца ў форме прэзентацый, мультымедыя курсаў). 

Мяркую, сістэмная работа з маладымі педагогамі дапамагае ім нацэліцца на павышэнне ўзроўню агульнай і прафесійна-педагагічнай культуры, фарміруе патрэбу ў пастаянным развіцці, матывуе да саманавучання.

— Вы часта маеце зносіны з маладымі педагогамі, не па чутках ведаеце аб іх радасцях і цяжкасцях. Што б вы параілі ім, каб яны змаглі адбыцца ў прафесіі, не спалохацца першых цяжкасцей?

— Хочацца падзяліцца ўласным жыццёвым прынцыпам: усё, што робіш, трэба рабіць з жаданнем і любоўю. Пераканана, што ў такім выпадку ўсё атрымаецца. Была б толькі любоў да дзяцей, да сваёй справы!  Хочацца пажадаць усім маладым спецыялістам, каб на іх прафесійным шляху заўсёды сустракаліся людзі, якія дапамогуць у стварэнні спрыяльных умоў для іх камунікацыі і прафесійнага росту.

Гутарыла Таццяна ШЫМКО.