У кожнага паспяховага кіраўніка свая формула поспеху. У дырэктара Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці Віктара Мечыслававіча Чэрніка яна такая: “каманда + прафесіяналізм + умовы + творчасць + падтрымка сям’і”.
Сёлета Віктар Мечыслававіч адзначае своеасаблівы юбілей — 30 гадоў працы на пасадзе дырэктара школы. Да таго ж гэты юбілей супадае з яго 55-годдзем.
Пасля заканчэння ў 1985 годзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Настаўнік матэматыкі” Віктар Мечыслававіч, жыхар Гродна, быў накіраваны на працу ў Малькавіцкую сярэднюю школу Мастоўскага раёна. Праз год у гэтую ж школу на працу прыехала яго жонка Алена Міхайлаўна (таксама ў якасці настаўніка матэматыкі). Сям’я жыла ў звычайных вясковых умовах, набіралася вопыту і здзіўляла сваёй энергічнасцю і адданасцю педагагічнай працы.
Таленавіты настаўнік з музычнымі здольнасцямі, апантаны футболам, ён умеў дзяцей заахвоціць і прывабіць. Слава пра неардынарнага педагога разляцелася хутка, а ў газеце “Чырвоная змена” з’явіўся артыкул “Аксіёма Чэрніка”. Арганізатарскія здольнасці, адказнасць і творчы падыход да вырашэння любой справы былі заўважаны, і ў 1988 годзе Віктара Мечыслававіча прызначылі на пасаду дырэктара Лунненскай сярэдняй школы — самай вялікай сельскай школы ў раёне. Пра гэтую школу было вядома далёка за межамі раёна і вобласці. Калектывам такой школы кіраваць прыемна, але няпроста. Маладому дырэктару патрэбна было ствараць індывідуальны стыль кіраўніцкай дзейнасці. Яго асабістыя якасці — пачуццё адказнасці, аптымізм, мэтанакіраванасць, добразычлівасць, тактоўнасць — выклікалі павагу калег, вучняў і іх бацькоў.
30 гадоў кіраўніцтва школай — гэта час гартавання і фарміравання асобы кіраўніка, які не баіцца смелых ініцыятыў, з энтузіязмам ідзе да пастаўленых мэт і паважае калег. У асобе дырэктара цудоўна спалучаюцца якасці і таленавітага адміністратара, і вопытнага педагога, і выдатнага дыпламата. Віктар Мечыслававіч умела наладжвае кантакты з бацькамі, спонсарамі, прыцягвае іх да сумеснага вырашэння надзённых школьных задач, робіць саўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Прафесійных сакрэтаў не хавае, наадварот, імкнецца імі падзяліцца, каб і іншыя адчулі асалоду ад вынікаў сваёй прафесійнай дзейнасці, і таму на базе школы ладзяцца семінары раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Віктар Мечыслававіч прызнаны лідарам сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі Мастоўскага раёна, менавіта таму яго кандыдатура была вылучана для ўдзелу ў Рэспубліканскім педагагічным савеце.
“Ад таго, наколькі школа будзе на слыху, залежыць яе будучыня”, — лічыць Віктар Мечыслававіч. Ён ініцыятар многіх пераўтварэнняў: школа значна змяніла сваё аблічча (праведзены капітальны рамонт, заменена абсталяванне ў харчаблоку, вокны ў спартыўнай зале і вучэбных кабінетах, з’явіўся мабільны камп’ютарны клас, інтэрактыўныя дошкі).
Спартыўны азарт, які вырас з захаплення футболам, і імкненне да перамог — важныя прынцыпы кіраўніцкай пазіцыі. Дырэктар спрыяе ўдзелу навучэнцаў і педагогаў у конкурсах, канферэнцыях, форумах, выставах, алімпіядах, а пераможцы ўзнагароджваюцца не толькі граматамі, але і грашовымі прэміямі, якія выдзяляе ААТ “Чарлёна”.
Важны складнік формулы поспеху дырэктара школы — сям’я. Жонка Алена Міхайлаўна падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях. Сыны — дарадцы і аднадумцы бацькі. Старэйшы сын Міхаіл скончыў юрыдычны факультэт, малодшы Сяргей — філалагічны.
За добрасумленную працу дырэктар школы В.М.Чэрнік узнагароджаны падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. І нам, яго калегам, не ў меншай меры прыемна, што побач дасведчаны педагог і дырэктар, сапраўдны прафесіянал, гатовы дзяліцца ведамі і вопытам.
Шмат зроблена, многія вяршыні пакарыліся, але абавязкова павінны з’явіцца новыя складнікі формулы поспеху.
Ларыса ЭЙСМАНТ,
старшыня прафкама;
Ірына СІЛЬВАНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лунненскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.