Формула прафесійнага выбару

— Праблема прафесійнага выбару старшакласнікаў з’яўляецца надзвычай актуальнай, — гаворыць педагог-псіхолаг Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна Таццяна Уладзіміраўна Дземідзюк. — Сучаснаму грамадству патрэбны прафесіяналы, здольныя прымаць самастойныя рашэнні і несці за іх адказнасць. Адсутнасць вопыту і ведаў пра існуючыя прафесіі, уплыў сродкаў масавай інфармацыі, сяброў і родных даволі часта перашкаджаюць правільнаму выбару. Гэта пацвярджаюць вынікі анкетавання нашых дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, якія паказалі неабходнасць арганізацыі псіхалагічнага суправаджэння вучняў пры выбары профілю навучання, а затым і на стадыі прафесійнага выбару.

Па словах Т.У.Дземідзюк, з увядзеннем профільнага навучання павялічылася роля прафарыентацыйнай работы. Правільная арганізацыя псіхолага-педагагічнага суправаджэння дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання — умова паспяховага самавызначэння выпускнікоў.

— У нашай школе прафарыентацыя рэалізоўваецца праз адукацыйны працэс, пазаўрочную і пазашкольную работу з вучнямі, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна. — З мэтай вырашэння прафарыентацыйных задач арганізоўваюцца розныя віды дзейнасці школьнікаў: пазнавальная, грамадска карысная, камунікатыўная і гульнявая. На кожнай ступені навучання рэалізоўваюцца розныя прафарыентацыйныя задачы. Так, знаёміцца з прафесіямі дзеці пачынаюць ужо ў пачатковых класах. З малодшымі школьнікамі праводзяцца гульні-віктарыны, практыкаванні і гутаркі. Найбольш папулярнай і прадукцыйнай з’яўляецца ролевая гульня “Я хачу стаць…”. Цікавасць выклікаюць традыцыйныя конкурсы малюнкаў “Вясёлка прафесій” і “Прафесіі маіх бацькоў”, гутаркі “Усе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя” і “Здагадайся, што за прафесія”, прафарыентацыйная віктарына “Што? Дзе? Калі?” і гульнявая праграма “Дзіўны свет прафесій”.

Асноўная ўвага ў рабоце з вучнямі 5—7 класаў акцэнтуецца на вывучэнні асобасных асаблівасцей дзяцей, іх схільнасцей, а таксама фактараў, якія неабходна ўлічваць пры выбары прафесіі. З гэтай мэтай праводзяцца гутаркі, дыспуты, дыскусіі, анкетаванне і сустрэчы з перадавікамі вытворчасці. Вучні з задавальненнем гуляюць у праф-арыентацыйныя гульні “Мая будучая прафесія”, “Самая-самая”, “Прафесія на літару…” і “Што я ведаю аб прафесіях?”, якія адыгрываюць ролю прафесійнага кансультавання і навучання дзяцей выбару прафесіі. Акрамя таго, школьнікі ўдзельнічаюць у віктарынах “Самыя цікавыя прафесіі”, “Карнавал прафесій” і “Аб прафесіях ад А да Я”, трэнінгах “Свая гульня” і “У кожнага ёсць свой талент”. Гэтыя формы работы павышаюць цікавасць школьнікаў да выбару прафесіі, дазваляюць лепш зразумець прычыны выбару, пашырыць і ўдакладніць яго.

— Сёння павышаецца роля грамадска карыснай працы і ўрокаў працоўнага навучання, дзе хлопчыкі асвойваюць прыёмы апрацоўкі драўніны, вучацца рамонтным работам у побыце, а дзяўчынкі знаёмяцца з асновамі работы з прадуктамі харчавання і асновамі шыцця, высаджваюць і даглядаюць расліны, — адзначае Т.У.Дземідзюк. — Пры арганізацыі работы з вучнямі 8—9 класаў вырашаюцца задачы па фарміраванні прафесійнай матывацыі, гатоўнасці да самааналізу асноўных здольнасцей і схільнасцей дзяцей, распрацоўцы спосабаў і шляхоў дасягнення сваіх прафесійных інтарэсаў. Работа на гэтым этапе вядзецца больш паглыблена, бо дзевяцікласнікам неабходна вызначыцца з выбарам профілю навучання і будучай прафесіяй. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прафесійнай дыягностыцы, накіраванай на вывучэнне асобы школьніка з мэтай прафарыентацыі. Дыягностыка дзевяцікласнікаў праводзіцца па асобным плане. Для гэтага выкарыстоўваюцца апытальнік прафесійных схільнасцей і дыферэнцыяльна-дыягнастычны апытальнік па вызначэнні тыпу будучай прафесіі, тэмпераменту вучняў і тыпу іх мыслення. Акрамя вывучэння інтарэсаў, каштоўнасцей, патрэб, схільнасцей, здольнасцей і прафесійных намераў падлеткаў, вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню ўзроўню іх трывожнасці, бо гэта з’яўляецца паказчыкам эмацыянальнага здароўя. Па выніках дыягностыкі школьнікі атрымліваюць рэкамендацыі па выбары профілю навучання.

Па словах Т.У.Дземідзюк, аптымальную дакладнасць вынікаў даюць дыягнастычныя анкеты (“Хуткая дапамога ў выбары прафесіі”, “Выбар жыццёвага шляху”) і тэсты (“Прафпрыгоднасць”, “Да якой прафесіі вы маеце схільнасць?”). Васьмікласнікі пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага запаўняюць прафарыентацыйныя карты, дзе адзначаюць свае інтарэсы, гатоўнасць да выбару прафесіі і запыты. У гэтую ж карту ўносяцца і вынікі прафдыягностыкі. Усе вынікі перадаюцца класным кіраўнікам, што дазваляе эфектыўна спланаваць далейшую прафарыентацыйную работу з дзецьмі. Акрамя таго, атрыманая інфармацыя выкарыстоўваецца і на бацькоўскіх сходах.

— Адначасова з запаўненнем карт і правядзеннем планавых дыягностык ажыццяўляецца і кансультацыйная дзейнасць, — гаворыць Т.У.Дземідзюк. — Кансультацыі па прафарыентацыі накіраваны на тое, каб дапамагчы вучням падабраць тыя прафесіі, якія будуць аптымальна адпавядаць інтарэсам, здольнасцям і асобасным характарыстыкам дзяцей, а таксама перспектывам рынку працы. Акрамя таго, на кансультацыях карэкціруецца прафесійны выбар школьнікаў. Важна памятаць, што дапамога ў выбары прафесіі мэтазгодна толькі тады, калі ёсць асабістая зацікаўленасць вучняў і іх бацькоў у гэтым.

Па словах Т.У.Дземідзюк, з вучнямі 8—9 класаў арганізоўваюцца таксама розныя трэнінгі і анкетаванні, ролевая гульня “Я ў свеце прафесій”, урок-дыспут “Ты і твая будучая прафесія”, гутаркі “Выбар прафесіі — справа сур’ёзная” і “Вызначэнне асобасных каштоўнасцей”, распрацоўваюцца памяткі па правільным выбары прафесійнай дзейнасці “Сем крокаў да ўзважанага рашэння”, “Памылкі ў выбары прафесіі” і “Што ўплывае на выбар прафесіі”.

— Мэта работы са старшакласнікамі заключаецца ў фарміраванні асэнсаванага самавызначэння, выяўленні прафесійных планаў і намераў вучняў, развіцці іх здольнасцей праз паглыбленае вывучэнне асобных прадметаў, — расказвае Т.У.Дземідзюк. — З падлеткамі праводзяцца круглыя сталы “У кожнага ёсць свой талент” і “Складаны выбар”, дыспут “Дарогі, якія мы выбіраем”, дзелавыя і ролевыя гульні “Я ў свеце прафесій” і “На парозе дарослага жыцця”, а таксама дыягнастычная і кансультацыйная работа. Адзінаццацікласнікі ўдзельнічаюць у апытанні па выбары прафесіі і ўстановы адукацыі, дзе плануюць прадоўжыць навучанне.

Штогод у школе праходзіць месячнік прафарыентацыі, у рамках якога арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы: сацыялагічнае апытанне “Выбар прафесіі”, гульнявая праграма для пачатковых класаў “Падарожжа па прафесіях”, агітафіша “Новы час — новыя прафесіі”, дыскусійныя арэлі “Кім стаць: хімікам, праграмістам ці візажыстам?”. Старшакласнікі сустракаюцца з прадстаўнікамі ўстаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, супрацоўнікамі мясцовых прадпрыемстваў (“ААТ “АграНіва”, “ААТ “Белавежскі” і “СААТ “Белавежскія сыры”), наведваюць іх з экскурсіямі.

— Неад’емнай часткай прафарыентацыйнай дзейнасці з’яўляецца работа з бацькамі вучняў, якая праводзіцца ў форме індывідуальнага кансультавання і прафарыентацыйных бацькоўскіх сходаў, — адзначае Т.У.Дземідзюк. — Для бацькоў распрацаваны кансультацыі на тэму “Як дапамагчы свайму дзіцяці ў выбары прафесіі”, “Бацькам — пра выбар прафесіі”, “Псіхалагічныя асаблівасці падлеткаў” і “Тыповыя памылкі дзіцяці і сям’і пры выбары прафесіі”. У школе праходзяць дні адкрытых дзвярэй для бацькоў па пытаннях выбару профілю навучання і будучай прафесіі, дзейнічае пастаянная выстава “Свет прафесій”, аформлены стэнды з актуальнай інфармацыяй па прафарыентацыі “Твой выбар”, “Куды пайсці вучыцца?”, “Сем крокаў да ўзважанага рашэння” і “Формула выбару прафесіі”. З мэтай вывучэння адносін бацькоў да дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, апраўданасці выбару профілю навучання праводзіцца анкетаванне.

Сістэмная і мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа прыносіць плён. Так, за апошнія 5 гадоў 50% выпускнікоў школы паступілі ва УВА, а 40% — у ССНУ і звязваюць далейшую прафесійную дзейнасць з сельскай гаспадаркай. Педагогаў радуе, што большасць выпускнікоў ажыццявілі свой выбар матывавана і ўсвядомлена. Узровень паступлення вучняў Пагранічнай сярэдняй школы ва ўстановы прафесійнай і вышэйшай адукацыі сведчыць пра належную якасць не толькі прафарыентацыйнай работы, але і адукацыйнага працэсу ў цэлым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.