Форум маладых журналістаў

Магілёўскі ўніверсітэт імя А.А.Куляшова стаў месцам, якое аб’яднала маладых журналістаў з усіх дзяржаўных перыядычных выданняў рэгіёна. Нагодай для сустрэчы стала правядзенне ў сценах універсітэта абласнога форуму для маладых спецыялістаў рэгіянальных друкаваных СМІ.

На форум у Магілёў з’ехалася звыш шасцідзесяці журналістаў-практыкаў, узрост якіх не перавышае 31 год. Удзел у мерапрыемстве прыняла не меншая колькасць студэнтаў, якія рыхтуюцца стаць журналістамі. Для будучыні рэгіянальнай журналістыкі арганізатары, а імі выступілі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і кафедра журналістыкі МДУ, падрыхтавалі інфармацыйна насычаную праграму. Маладыя журналісты мелі магчымасць набыць новыя навыкі і веды, абмяняцца вопытам.
Звяртаючыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму, рэктар Магілёўскага дзяржуніверсітэта Канстанцін Бандарэнка падкрэсліў асаблівую важнасць форуму, прычым не толькі для выяўлення шляху далейшага развіцця друкаваных СМІ вобласці, але і для рэалізацыі ў рэгіёне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.
— У апошнія гады СМІ Магілёўскай вобласці прадстаўлены 63 друкаванымі выданнямі. У рэгіёне функцыянуюць тэлерадыёкампаніі “Магілёў” і “Скіф-Бабруйск”, тэлеканал “Магілёў-2”, дзве тэлепраграмы, 21 студыя гарадскога і раённага радыёвяшчання. СМІ Магілёўшчыны перыядычна становяцца прызёрамі такіх вядомых і прэстыжных конкурсаў, як “Залатая ліцера”, “Тэлевяршыня”, “TIBO”. Але ў штодзённае жыццё чалавека ўсё шчыльней уваходзіць інтэрнэт, таму ўсім СМІ, а друкаваным выданням асабліва, варта больш актыўна развіваць свае вэб-сайты, — адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ала Галушка.
У вобласці дастатковая колькасць інтэрнэт-сайтаў, якія з’яўляюцца не проста дадаткам да друкаванай версіі газеты, а самастойнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Гэта інфармацыйныя парталы mogilevnews.by, bobrlife.by, shklovinfo.by, сайты асобных раённых газет. На жаль, большасць раёнак не выкарыстоўваюць у поўнай меры магчымасці, якія дае інтэрнэт-прастора.
А між тым глабальная сетка можа аказаць рэальную дапамогу ў пашырэнні чытацкай аўдыторыі і захаванні газетных тыражоў. У гэтым на асабістым вопыце пераканаўся рэдактар шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт” і інфармацыйнага партала shklovinfo.by Павел Савельеў. Паводле яго слоў, актыўная работа карэспандэнтаў з сайтам, інфармацыйным парталам горада, а таксама групамі выдання ў сацыяльных сетках сапраўды павялічыла колькасць падпісчыкаў. Тыражы газеты выраслі, а ў ліку чытацкай аўдыторыі стала больш моладзі.
Будучыня журналістыкі, як і любой іншай сферы, — за маладымі спецыялістамі. Пра асаблівасці падрыхтоўкі маладых журналістаў у МДУ імя А.А.Куляшова расказала загадчык кафедры журналістыкі ўніверсітэта Любоў Дуктава. Упор тут робяць на практыка-арыентаванае навучанне. Атрымаўшы неабходныя акадэмічныя веды, студэнты пераймаюць вопыт у вядомых журналістаў вобласці. На якасць падрыхтоўкі ў многім уплывае функцыянаванне філіяла кафедры на базе абласнога інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці”. Такі падыход дае адпаведны вынік. Многія з прысутных на форуме карэспандэнтаў і нават рэдактараў — выпускнікі кафедры журналістыкі МДУ. Па словах Любові Дуктавай, узровень падрыхтоўкі журналістаў ва ўніверсітэце будзе павышацца і ў далейшым.
На форуме ў анлайн-рэжыме перад слухачамі выступілі прадстаўнікі кафедры журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама дацэнт кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ Аляксандр Градзюшка.
Цікавую інфармацыю ўдзельнікі форуму атрымалі, наведваючы выставу ўнікальных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі з ХVI па ХІХ стагоддзе.

Калаж аўтара.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.