Форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця пройдзе ў Беларусі

Першы намеснік генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед наведае Беларусь з рабочым візітам 20—21 лютага, паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Аміна Махамед прыме ўдзел у рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, які пройдзе ў Мінску 21 лютага.

Таксама адбудуцца сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і намесніка старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР Марыяны Шчоткінай з Амінай Махамед.

Праграмай візіту прадугледжана наведванне першым намеснікам генеральнага сакратара ААН Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі, дзе пройдзе сустрэча з прадстаўнікамі моладзі Беларусі, у тым ліку з маладымі парламентарыямі.

Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў у Мінску збярэ дэлегацыі з больш як 40 краін. Гэта высокія службовыя асобы, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Удзельнікі форуму абмяняюцца вопытам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, абмяркуюць праблемныя пытанні выканання Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. “Такі дыялог будзе садзейнічаць распаўсюджванню лепшай сусветнай практыкі і інавацыйных падыходаў у сферы дасягнення МУР, стане платформай для стварэння рэгіянальнай сеткі нацыянальных каардынатараў па МУР”, — адзначылі ў прэс-службе.

Парадак дня — 2030 дзяржавы-члены ААН прынялі 25 верасня 2015 года. Ён уключае спіс з 17 Мэт, накіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, на вырашэнне праблем, звязаных са змяненнем клімату. Беларусь ужо зрабіла шэраг важных крокаў для дасягнення МУР. Урадам адобрана Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года. Кіраўніком дзяржавы назначаны Нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР — намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна. Выбудавана Нацыянальная архітэктура па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Работа ў сферы дасягнення МУР праводзіцца дзяржавай ва ўзаемадзеянні з бізнес-коламі, грамадзянскай супольнасцю і міжнароднымі арганізацыямі.