Форум рэгіёнаў стане пляцоўкай для абмеркавання перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва

- 12:11Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Расія на V Форуме рэгіёнаў плануюць падпісаць кантракты на $500 млн. Аб гэтым паведаміла намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Марыяна Шчоткіна.

“Мы плануем узяць рубеж прыкладна $500 млн па выніках заключэння кантрактаў. Работа ідзе па ўсіх напрамках”, — праінфармавала яна.

Акрамя таго, цяпер у рабоце знаходзяцца амаль 50 пагадненняў, у тым ліку на ўзроўні рэгіёнаў і верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі.

Упершыню на форуме пройдзе пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва. Марыяна Шчоткіна ўпэўнена, што дыялог, які павінен там адбыцца, унясе важкі ўклад у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. “Мы запланавалі абмеркаванне праблемных пытанняў. Гэта роўныя правы суб’ектаў гаспадарання, рынкі без выключэнняў і абмежаванняў і іншыя”, — сказала віцэ-спікер.

Паводле слоў Марыяны Шчоткінай, на форуме плануецца абмеркаваць сумесныя праекты ў навуцы, маладзёжнай палітыцы. Беларускі бок разлічвае, што па выніках форуму будуць выказаны прапановы па сумесных праектах і праграмах у Саюзнай дзяржаве.

Як паведамлялася, V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбудзецца ў Магілёве 11—12 кастрычніка. Чакаецца, што ўдзел у яго мерапрыемствах прымуць каля 2 тысяч чалавек. Галоўнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне на тэму “Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва”. Плануецца, што ў ім прымуць удзел кіраўнікі дзяржаў. Секцыі пройдуць па асноўных напрамках: аграрная палітыка, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, лічбавая эканоміка, маладзёжная палітыка, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека. Важным элементам праграмы будучага форуму стане яе дзелавая частка — пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва, бізнес-сустрэчы і дзелавыя перагаворы, у якіх прымуць удзел кіраўнікі кампаній і прадпрыемстваў дзвюх краін.

Пройдуць таксама Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва, маладзёжны форум, злёт студэнцкіх атрадаў, спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, турнір па хакеі з шайбай, спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, сумеснае пасяджэнне саюзаў жанчын Магілёўскай і Тульскай абласцей і іншыя мерапрыемствы.

Арганізатарам выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама.