Форум вучоных краін Садружнасці прыме Мінск

Члены Савета па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў — удзельніц СНД на пасяджэнні ў Душанбэ (Таджыкістан) разгледзелі пытанні правядзення Форуму вучоных дзяржаў — удзельніц СНД у 2020 годзе. Па прапанове кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, месцам правядзення выбраны Мінск, паведамілі ў прэс-службе НАН.

Плануецца, што форум адбудзецца ў другой палове верасня 2020 года і будзе скаардынаваны з правядзеннем сесіі Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і VIII пасяджэння Савета па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў — удзельніц СНД (СФН).

У час пасяджэння СФН у Душанбэ разгледжана 14 пытанняў. Старшынёй на чарговы перыяд аднагалосна выбраны прэзідэнт Акадэміі навук Таджыкістана Фарход Рахімі. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі ход работы над праектамі Пагаднення аб каардынацыі міждзяржаўных адносін у галіне фундаментальных даследаванняў дзяржаў СНД і дагавора аб стварэнні Міждзяржаўнага фонду навуковых даследаванняў дзяржаў СНД. Таксама разглядаўся пералік перспектыўных навуковых праектаў, адпаведных прыярытэтным напрамкам фундаментальных даследаванняў. Дасягнута дамоўленасць унесці пералік пасля яго дапрацоўкі ва ўстаноўленым парадку на разгляд кіраўнікоў урадаў СНД для рэалізацыі праектаў у 2019—2022 гадах.

На пасяджэнні было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міжнароднай асацыяцыяй акадэмій навук і Саветам па супрацоўніцтве ў галіне фундаментальнай навукі дзяржаў — удзельніц СНД, накіраванае на аб’яднанне намаганняў у мэтах рэалізацыі мерапрыемстваў па падтрымцы развіцця фундаментальнай навукі. Таксама адобрана рашэнне аб наданні Фізічнаму інстытуту Расійскай акадэміі навук і Фізіка-тэхнічнаму інстытуту імя С.У.Умарава Акадэміі навук Таджыкістана статусу базавай арганізацыі краін СНД у галіне падрыхтоўкі навуковых кадраў па фізічных навуках і па фізіка-тэхнічных навуках адпаведна.