Фотавыстава БелТА падштурхоўвае да думак аб будучыні

- 11:07Інфармацыйная гадзіна

Фотакарэспандэнты дапамагаюць захоўваць гісторыю, урокі якой даюць магчымасць прымаць вывераныя рашэнні на будучыню. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі на адкрыцці фотавыставы Беларускага тэлеграфнага агенцтва “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”.

“Фотакарэспандэнты ў сваіх здымках дапамагаюць захоўваць гісторыю, урокі якой даюць магчымасць прымаць рашэнні, якія ўплываюць на вызначэнне далейшага шляху нашай дзяржавы. Важна, каб яны былі вывераны, паколькі нашым грамадзянам нельга забываць аб тым, што было раней”, — сказаў Ігар Бузоўскі.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта адзначыў, што Беларусь і іншыя краіны на постсавецкай прасторы павінны развівацца, не робячы памылак мінулых гадоў. Экспазіцыя БелТА, якая ілюструе мінулае і сучаснае, падштурхоўвае людзей да думак аб сваёй будучыні і стымулюе ўсвядомлена выбіраць лёс для краіны, у тым ліку ў час выбарчай кампаніі.
Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што фотавыстава мае каласальнае значэнне для моладзі, якая з прычыны свайго ўзросту не застала некаторых падзей. Архіўныя кадры вядучых карэспандэнтаў БелТА здольны нагадаць ім аб неабходнасці захоўваць і прымнажаць тое, што далося Беларусі вялізнымі намаганнямі старэйшага пакалення.
Фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў” адкрылася ў Мінску ў кінатэатры “Масква”. На ёй прадстаўлена 50 фотаработ, з якіх 25 чорна-белых (ілюструюць, як жыла краіна 25—30 гадоў назад) і 25 каляровых (паказваюць, як беларусы жывуць сёння).
Выстава — адзін са складнікаў аднайменнага фотапраекта
БелТА, які на кантрасце архіўных і сучасных работ фотакарэспандэнтаў агенцтва ілюструе змяненні, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія 20 гадоў. Супастаўляючы старыя і новыя здымкі, наведвальнікі могуць убачыць, якое развіццё атрымалі прамысловасць і сельская гаспадарка, транспартная інфраструктура, навука, медыцына, Узброеныя Сілы. Фатаграфіі апошніх гадоў адлюстроўваюць тыя сферы жыцця, дасягненнямі ў якіх рэспубліка па праве можа ганарыцца.
Плануецца, што экспазіцыя будзе працаваць у Мінску да 16 кастрычніка, яе перасовачная версія адправіцца ў Шчучын на Дзень беларускага пісьменства. Пазней выстава пройдзе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.
Праект Беларускага тэлеграфнага агенцтва “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”, прызначаны паказаць маштаб змен, якія адбыліся з краінай за такі кароткі гістарычны перыяд, уключае таксама сайт bylostalo.belta.by, які выступае ў ролі віртуальнага аналага выставы.